Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазыр: суд прызнаў Маркевіча й Кашэвіча ліквідатарамі


Радыё Свабода Сёньня Мазырскі суд пастанавіў, што вайскоўцы запасу Ўладзімер Маркевіч і Леанід Пяшэвіч удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы ў 30-кілямэтровай зоне.

Летась экспэртная камісія прызначыла 58-гадоваму Ўладзімеру Маркевічу 1-ю групу інваліднасьці.

Аднак камісія не зьвязала інваліднасьці з удзелам спадара Маркевіча ў ліквідацыі наступстваў Чарнобылю. Заявілі, што вайсковая часьць, куды старшага сяржанта запасу прызвалі ў 1986 годзе на зборы для дэзактывацыі спэцвопраткі й вайсковай амуніцыі, нібыта не ўваходзіла ў 30-кілямэтровую чарнобыльскую зону.

Мазырскі суд на падставе дакумэнтаў і сьведкаў устанавіў, што спадар Маркевіч насамрэч праходзіў вайсковыя зборы ў палатачным гарадку за 14 кілямэтраў ад атамнай станцыі.

“Цяпер я буду зьвяртацца ў экспэртную камісію й аблваенкамат, каб мае захворваньні й інваліднасць усё-такі зьвязалі з Чарнобылем”, — кажа Ўладзімер Маркевіч.

46-гадовы сьлесар з Мазыра Леаніда Пяшэвіч у траўні й ліпені 1986 году таксама быў прызваны на зборы ў тую ж часьць, што й спадар Маркевіч.

Паўтара месяца ён заўмаўся дэзактывацыяй рознай амуніцыі й спэцвопраткі. Пасьведчаньне ліквідатара спадар Пяшэвіч згубіў.

Гомельскі аблваенкамат, а пазьней і Дзяржкамітэт у справах Чарнобылю адмовіліся выдаць яму дублікат. Падстава аналягічная — вайсковая часьць нібыта знаходзілася ў паселішчы Араннае Кіеўскай вобласьці.

Аднак суд устанавіў, што й Леанід Пяшэвіч служыў і працаваў у 30-кілямэтровай зоне.

Пасьля атрыманьня сёньняшняга судовага рашэньня спадар Пяшэвіч будзе патрабаваць ад Гомельскага абласнога ваенкамату, каб выдаў яму новае пасьведчаньне ліквідатара й аднавіў усе льготы, што скасаваў указ кіраўніка дзяржавы.

Тым часам сёньня ніжняя палата парлямэнту пачала разглядаць законапраект пра адмену ільготаў — у тым ліку ліквідатарам і ўсім пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG