Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі: Маўчаць мы ня будзем


Алесь Дашчынскі, Менск Праваабаронцы Беларусі заклікаюць міжнародную супольнасьць не ўключаць Беларусь у склад Рады ААН у правах чалавека. Гэтую пазыцыю падтрымалі й родныя зьніклых палітыкаў і палітвязьняў — Зінаіда Ганчар, Ірына Казуліна, Віктар Садоўскі й іншыя. Тым часам афіцыйны Менск ужо падаў адмысловую заяўку й шукае падтрымкі сярод сяброў ААН.

Афіцыйны Менск хоча патрапіць у склад Рады ад групы ўсходнеэўрапейскіх краінаў. Летась, калі была ўтвораная Рада, у яе склад абралі 47 сяброў ад розных рэгіёнаў.

У траўні заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў 14 краінаў, абраных на год. Сярод іх Чэхія і Польшча. Цяпер на іхныя месцы прэтэндуюць Беларусь і Славенія. Выбары новых сяброў Рады мусяць адбыцца 17 траўня.

Праваабаронца Зьміцер Маркушэўскі лічыць:

“У рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН, у якой ухвалялася ўтварэньне Рады ААН у правах чалавека, было адзначана, што сябры гэтай Рады мусяць выказваць высокую павагу да правоў чалавека. Таму гэта будзе адным з палажэньняў, якое будзе абмяркоўвацца пры галасаваньні па кожнай краіне-кандыдатцы. Таму, каб паўплываць на галасаваньне, варта зьвярнуцца да ўсіх краінаў сяброў ААН”.

Паводле Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, якая мае прадстаўніцтва пры ААН, афіцыйны Менск разьлічвае на падтрымку пэўных краінаў:

“Ну, дзяржавы гэта дастаткова адыёзныя, таталітарныя афрыканскія рэжымы, натуральна, Расея. Натуральна, што краіны з разьвітай дэмакратыяй не падтрымліваюць гэты крок. Каб Беларусь магла прэтэндаваць на гэтую пасаду, трэба ў самой краіне выконваць хаця б нейкія мінімальныя стандарты захоўваньня правоў чалавека. Пра што мы абсалютна ня можам сказаць датычна беларускага рэжыму”.

Праваабаронцы заклікаюць міжнародную супольнасьць устрымацца ад уключэньня Беларусі ў склад Рады. Праваабаронца Алена Танкачова заявіла:

“Прынцыпова, канечне, мы былі б ня супраць такога сяброўства краіны, але калі б краіна выконвала ўзятыя на сябе забавязаньні ў рамках ААН. Да прыкладу, Беларусь ігнаруе рэкамэндацыі Камітэту ў правах чалавека. Яна не падала плянавых справаздачаў пра сытуацыю з правамі чалавека згодна зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах”.

Паводле праваабаронцы Алеся Бяляцкага, пытаньне складу Рады ў правах чалавека — адно з вострых пытаньняў для беларусаў:

“Тая кампанія, якая цяпер ідзе з самой Беларусі ад няўрадавых арганізацыяў, заканамерная. І аб’ектыўна — а чаго ж беларускі рэжым хацеў?! Каб мы маўчалі ў той час, калі правы нашых грамадзянаў, правы саміх няўрадавых арганізацыяў парушаюцца самым грубым чынам?!

Не. Маўчаць мы ня будзем. І таму гэтыя звароты цяпер ідуць у міжнародныя структуры, сябрам Рады ў правах чалавека і дзяржаўным прадстаўніцтвам пры ААН, якія будуць галасаваць, вырашаючы гэта пытаньне: прымаць Беларусь ці не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG