Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцаў працягваюць дапытваць у КДБ


Любоў Лунёва, Менск Апошнія два дні супрацоўнікі КДБ дапыталі й працягваюць дапытваюць больш за дзясятак маладафронтаўцаў у Менску і ў Салігорску. Цікавяцца структурай арганізацыі й дзейнасьцю чатырох рэгіянальных актывістаў — Насты Азаркі, Дзяніса Карнова, Паўла Красоўскага і Івана Шылы. Сябры “Маладога фронту” лічаць, што КДБ рыхтуе новыя крымінальныя справы супраць актывістаў арганізацыі.

Сябры “Маладога фронту” лічаць, што КДБ рыхтуе новыя крымінальныя справы супраць актывістаў арганізацыі.

Зьміцер Хведарук апавёў “Свабодзе”, што сьледчыя КДБ выклікаюць сяброў “Маладога фронту”, каб распытаць выключна пра дзейнасьць рэгіянальных актывістаў Насты Азаркі, Івана Шылы, Дзяніса Карнова й Паўла Красоўскага.

“Пасьля апошніх вулічных акцыяў Дзень Волі й “Чарнобыльскі шлях” улады яшчэ раз пераканаліся, што ў Менск зьяжджаюцца прадстаўнікі рэгіянальнага “Маладога фронту”, асабліва зь Менскай вобласьці — з такіх буйных філіяў, як у Салігорску, Жодзіне, Нясьвіжы. Яны вырашылі неяк утаймаваць іх імпэт. Я пераканаўся на допыце ў КДБ, што яны ня спыняцца й надалей”, — заявіў Хведарук.

Сам Зьміцер зьяўляецца абвінавачаным у крымінальнай справе, якую КДБ распачаў супраць актывістаў “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

У судзе Савецкага раёну Менску знаходзіцца крымінальная справа супраць Зьмітра Хведарука, Насты Палажанкі, Барыса Гарэцкага, Аляксея Янушэўскага й Алега Корбана.

Лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч адбывае паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, паводле 193-га артыкулу, які дадаткова ўнесьлі ў Крымінальны кодэкс напярэдадні выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

Раней пакаралі актывістаў “Партнэрства” Эніру Браніцкую, Міколу Астрэйку, Цімафея Дранчука і Аляксандра Шалайку.

Актывістка “Маладога фронту” Кася Галіцкая лічыць, што пасьля суду над актывістамі менскай філіі “Маладога фронту” пачнуць судзіць рэгіянальных актывістаў Менскай вобласьці.

“На маю думку, допыты ў Салігорску і Менску сьведчаць пра тое, што заплянаваныя новыя крымінальныя справы. Працяг ідзе ўсіх гэтых жудасных рэпрэсіяў у дачыненьні да актывістаў “Маладога фронту”, цяпер ужо рэгіянальных. Ужо вядомыя і прозьвішчы наступных — Іван Шыла, Наста Азарка, Дзяніс Карноў і Павал Красоўскі. Магчыма, гэта будуць новыя крымінальныя справы”, — кажа Кася Галіцкая.

Кіраўнік салігорскай філіі Іван Шыла не выключае, што допыты могуць адбыцца і ў іншых абласных цэнтрах. Ён упэўнены, што ўлады намагаюцца як мага хутчэй паралізаваць працу арганізацыі.

8 траўня ў судзе Савецкага раёну Менску назавуць дату судовага паседжаньня ў справе Барыса Гарэцкага, Аляксея Янушэўскага, Насты Палажанкі, Зьмітра Хведарука і Алега Корбана.
XS
SM
MD
LG