Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Таварыш Парфяновіч, думайце, што Вы кажаце?! Я Вас ведаў, як прыстойнага чалавека”


Радыё Свабода, Менск Агляд званкоў на Свабоду за 3 траўня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Давыдзенка Павел Андрэевіч, інвалід ЧАЭС, г/п Парычы: “Я ідэйны слухач “Свабоды” і ахвяра дыктатуры лукашызму. Я абіваю парогі ўсіх інстанцый, і ўсё бясплённа. А лукашысты як рабавалі, так і рабуюць, яшчэ з большай лютасьцю”.

Спадар: “Бронзавы салдат, які ўстаноўлены ў Эстоніі, з’яўляецца для іх сымбалем перамогі над фашызмам. І за тое, што эстонскі народ ня хоча прызнаваць гэты сымбаль, Расея гатовая зьесьці жыўцом людзей і зрабіць іх ворагамі Расеі. Гэта сапраўдны твар як былой, так і цяперашняй Расеі. Паглядзіце, які крык паднялі на ўвесь сьвет. Ня іх гэта краіна, а парадкі свае хочуць свае бачыць. І мова расейская павінна быць дзяржаўнай, і помнікі іх павінны быць, і ў НАТА ня трэба ўступаць. І яшчэ шмат чаго. Гэта мне нагадвае сытуацыю, калі пасьля разводу былы муж пачынае “правы качаць”. Колькі бедаў і пакутаў прынесла Расея народам Украіны, Беларусі, Прыбалтыкі і ўсім астатнім, хто ўваходзіў у так званае Варшаўскае пагадненьне. Як ня ўспомніць Фінляндыю, былую краіну царскай Расеі, якая адбілася жыцьцямі сотняў тысяч людзей ад абдымкаў Савецкага Саюзу. І ці можна яе цяпер параўноўваць зь любою з краінаў Варшаўскага пагадненьня? Ня дзіва імкненьне народаў тых дзяржаваў, якія яшчэ не пасьпела сапсаваць камуністычная ідэалёгія, уступіць у НАТА, каб братэрскія абдымкі не зацягнулі іх у свой саюз зноўку”.

Спадар: “Тая праграма, якую Лукашэнка вяшчаў на ўвесь сьвет напачатку свайго прэзыдэнцтва, выканана. То бок у Беларусі пабудаваны рынкавы сацыялізм, заводы запушчаны. Цяпер мы маем тое, да чаго імкнуўся беларускі народ сваімі 99% 12 год. У краіне няма палітзьняволеных, УВП расьце, гарады і вёску будуюцца, прыгажэюць, пэнсіі дастойныя. Ну, ёсьць у нас крыху і хуліганаў сярод глуханямых, якія выкрыкваюць анты-прэзыдэнцкія лёзунгі, ёсьць прафэсары, якія “матам пакрываюць” работнікаў міліцыі, а таксама беларускамоўныя маладзёны, якія брыдкасловяць на АМАП. У астатнім усё добра. Дарогі на Быхаўшчыне выдатныя, вось толькі зроблена гэта ўсё выдатнае за некалькі тыдняў і тое, толькі там, дзе будзе ехаць Лукашэнка. А вось праехаў бы прэзыдэнт па вуліцам Чырвонаармейскай, Мінскай, а таксама на дзесяткам іншых, тады б ён ня хлусіў на ўвесь сьвет. А можа быць, хлусіў бы ўсё роўна, таму што хлусьня стала дзяржаўнай палітыкай беларускага прэзыдэнта з моманту яго абраньня”.

Спадарыня: “Я да каго так не хачу зьвярнуцца, як да нашага прэзыдэнта. Калі спыніцца падман народу? У мяне баліць душа за наш народ. Ён абяздолены, пакрыўджаны, настолькі пакрыўджаны, настолькі бедны, што нават людзі сталага ўзросту, якім за 70 і больш, ідуць капацца ў сьметніцы, каб купіць сабе хлеба. Мая душа сёньня забалела, калі я пабачыла гэта. Я не магла глядзець, у мяне каціліся сьлёзы. Я падышла да жанчыны і спыталася: “Жанчына, што Вас прымусіла капацца ў сьметніцы?” “Як жа мне не капацца, калі мая пэнсія ўсяго толькі 140 тысяч. Мне трэба заплаціць за кватэру, заплаціць за ваду, заплаціць за газ. Усё дорага ў нас сёньня. У мяне засталося ўсяго толькі 5 тысяч. Як мне магчыма за 5 тысяч дажыць да наступнай пэнсіі?!” У мяне баліць душа, я не магу змоўчаць пра гэта. Мяне на столькі гэта ўсё прыніжае, абражвае. Зойдзеш у краму, глянеш на цэны, ляжаць каўбасы сівыя, іх праціраюць анучаю і кладуць зноў на вітрыну. Стаіць мінэральная вада. Добра, каўбасу шкада аддаць людзям за бясцэнак. Але стаіць вада мінэральная ці якая… Зь яе бяруць, здымаюць этыкетку, лепяць этыкетку нармальную і прадаюць далей. Наш народ атручваецца, наш народ слабы. Наша беларуская зямля забруджана Чарнобылем. Сёньня ў мяне так баліць душа. Я прыхільніца справядлівасьці і сумленнасьці, і мяне ўсё гэта забівае. Я не магу глядзець на гэта спакойна таму, што наш кулак езьдзіць па ўсім Наваградзкім раёне. Няўжо ты ня бачыш свайго жабрацтва?! Няўжо ты ня бачыш, што ў цябе такі прыніжаны народ?! Фэрмы занядбаныя, у адстойніках гной не адкачаны. Мы ж п’ем гэта малако. Я ўяўляю, якая там чысьціня!”

Спадар: “Добры дзень. Вось я прыехаў зь вёскі, там быў на сьвяточных днях. На так званым сьвяце Першае траўня. Мне здаецца, што ў нас у краіне ня надта паважаюць працу чалавека. Сутыкнуўся з наступным выпадкам. Прыехала машына з Расеі купляць бульбу ў жыхароў вёскі. І плацілі ім па 400 рублёў за кіляграм, замест тых 200, што яны былі вымушаны здаваць заўсёды. Людзі былі задаволеныя і пакупнік задаволены. І людзі абураюцца, чаму ж гэта ўлада не пускае пакупнікоў з Расеі і іншых рэспублік, каб прыяжджалі ў вёскі за “другім хлебам”. Вось такія справы”.

Спадарыня: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Я пачула, што Буш уводзіць ракеты ў Польшчу і Чэхаславакію. Я хачу падзякаваць Польшчы і Чэхаславакіі, што прынялі. Гэта будзе наша ахова. Мы званілі, прасілі Буша, каб дапамог, гэта будзе дапамога. А там, як будзе… Дзякую я шаноўнаму Бушу, што нас не кідае. Дзякую Вам. Дзякую за ўвагу”.

Спадар: “Цяпер слухаю Парфяновіча. Гэта зьдзек! Я нават не паверыў, што ён можа такое казаць! Калі б я ведаў, ніколі б рукі сваёй не падаў. Ён ня ведае ні гісторыі, нічога! (...) Ён ня ведае, калі быў Пётр 1. Як ён забіваў нас! Суворава, які нас забіваў! А ён кажа, што гэта наш вялікі брат. Ганьба Парфяновічу і яго вяшчальнікам, Фралову і Скрабцу! Гэта анты-беларусы!”

Міша, Менск: “Паважаная радыёстанцыя “Свабода,” я толькі што чуў прапанову алімпійскага чэмпіёна Парфяновіча. Што ён нам прапануе? Ісьці ў склад Расеі для таго, каб вучыць беларускую мову. Гэта нам ужо Троцкі прапаноўваў у 17-м годзе. Заманілі, а потым усіх нашых гісторыкаў і нацыянальных герояў вынішчылі. Што ж ён нам тады прапануе? І навошта мы тады павінны ісьці ў Расею? Дык мы можам з Расеяй сябраваць і быць самастойнымі, незалежнымі. Чаму мы павінны ўваходзіць у Расею?! Я катэгарычна супраць такіх прапановаў. І я ня ведаю, чаму Вы яшчэ такую перадачу вядзеце. Вы проста нас самі заманьваеце туды! Вы ім падыгрываеце. Вы часта перадаяце такія перадачы з заманьваньнем ці лукашыстам падыгрываеце… Я катэгарычна супраць Парфяновіча, Фралова і Скрабца за такія справы, нейкія аб’яднаньні з Расеяй. Мы з Расеяй павінны сябраваць як незалежная беларуская дзяржава. Дзякуй Вам”.

Спадар: “Толькі што праслухаў выступ Уладзімера Парфяновіча, які жаль, што ілжывая расейская прапаганда згубіла такога цудоўнага беларуса”.

Анастас Семяновіч: “Добры дзень, шаноўнае спадарства Радыё Свабода. Таварыш-спадар Парфяновіч, лукашыст Сініцын, Вы прапануеце, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі нейкім суб’ектам. Я Вам адказваю: калі Вы ня хочаце быць здраднікамі роднай Беларусі, сваіх дзяцей і ўнукаў, не займайцеся бальшавіцкім глупствам. 80 гадоў бальшавікі аддавалі зямлю сялянам, заводы рабочым. Вынік Вы добра ведаеце, калі яны разумных сялянаў, інтэлігенцыю і іншыя катэгорыі людзей вынішчалі дзесяткамі-дзесяткамі, ня ў чым не вінаватых. Для Беларусі адзіны шлях – у Эўропу. З Расеяй трэба добра сябраваць, гандляваць на ўзаемавыгадных умовах. Што нам Расея павінна за ваенныя базы, транзыт нафты, мы павінны ім выставіць рахунак. За газ і нафту трэба плаціць, як Эўропа. Зваротнага шляху няма. Яшчэ раз, таварыш Парфяновіч, думайце, што Вы кажаце. Я Вас ведаў, як прыстойнага чалавека. А ад бальшавіка Сініцына можна чакаць любога глупства”.

Спадар: “Ну як тут маўчаць, калі гучыць абвестка, што скончыўся сэзон выступаў ці выпадаў апазыцыі? Гучыць такая абвестка напярэдадні Дня Волі савецкага інтэрнацыяналу і супраціву ёй у краінах блізкага замежжа. Сядзіце, значыцца, па хатах і кватэрах, глядзіце шэсьце абаронцаў сьвету. А можа, нам патрэбны палігон? Яшчэ ня выпаўзьлі з траншэяў Сталіна, яго абарончай лініі? Усё ж нявыкрытка, ці трэба весьці апазыцыю на сьвята ці пыху выпусьціць або калёну “Честь” і рукі ўгору. Купіце беларусаў пагалоўна за колькі тысяч, як савецкі банк. Калгасу, зрэшты, усё роўна, хто цягне плуг ці конь, ці танк”.

Спадар: “Паводзіны савецкіх людзей у адносінах да праху, пахаваных у Таліне, пацьвярджае, што ўсё яшчэ дзікуны. Гэтую энэргію і сродкі трэба накіраваць на нагляд за магіламі загінулых, я ўжо не кажу пра эксгумацыю. Колькі магілаў раскіданых і не прыбраных! Колькі зьніклых бяз вестак! Адносіны да салдата як да гарматнага мяса заклаў яшчэ Сталін і КПСС. Параўнайце пахавальныя жэтоны ў немцаў і савецкіх салдатаў. А эстонцы знаходзяць прозьвішчы салдатаў. І іх родзічы нарэшце даведаюцца, дзе яны пахаваныя, а не зьніклі бяз вестак”.

Спадарыня: “Добры дзень, Радыё Свабода. Вось сёньня 3-га траўня адзначае Польшча і Літва Дзень канстытуцыі 1791 года. Я б хацела пачуць тлумачэньне. Па-мойму, яшчэ не было Другога і Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Я чаму Беларусь тут не ўпамінаецца? Ці гэта залежыць ад нашага ладу цяперашняга, што вызваленьне толькі 3-га ліпеня? Ці гэта палякі і літоўцы забыліся, што мы таксама там былі ў Рэчы Паспалітай? Я вось хацела б пачуць камэнтар. Усяго добрага. Дзякуй, што Вы ёсьць”.
XS
SM
MD
LG