Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У.Мацкевіч: “Палітычная дзейнасьць зводзіцца да трыманьня ў руках мэгафона”


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.

Ці ўдалося апазыцыйным сілам захаваць патэнцыял леташняй кампаніі?

Валер Карбалевіч: “Гэтай вясной апазыцыя зладзіла тры буйныя вулічныя акцыі: на Дзень Волі, “Чарнобыльскі шлях” і 1 траўня. Вулічныя акцыі апазыцыі зьяўляюцца пэўным індыкатарам суадносінаў сілаў паміж уладай і апазыцыяй, дэманструе патэнцыйныя магчымасьці апанэнтаў рэжыму выводзіць людзей на вуліцу.

Адметнасьцю цяперашняй палітычнай вясны было тое, што прайшоў год пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, якая стварыла новы палітычны кантэкст. Ці ўдалося захаваць той патэнцыял, які набыла апазыцыя падчас мінулагодняй кампаніі?”

Віктар Івашкевіч: “Найперш, тыя людзі, якія выйшлі на акцыі вясной, ня ёсьць уласнасьцю апазыцыі. Гэта патэнцыял беларускага дэмакратычнага грамадзтва, які жыве самастойным жыцьцём, не залежным ад дзейнасьці палітычнай апазыцыі. І калі апошняя трапляе ў настроі гэтай часткі грамадзтва, то яе рэйтынг расьце.

Тая моладзь, якая складала пераважную колькасьць удзельнікаў акцыяў, пратэстуе таму, што палітыка ўладаў не адпавядае іх каштоўнасьцям. А заклік апазыцыі стаў толькі падставай, каб выйсьці на вуліцу. Бо самі яны недастаткова самаарганізаваныя. У гэтым сэнсе апазыцыя выконвае ролю арганізатара, мэнэджара”.

Уладзімер Мацкевіч: “Сапраўды, удзельнікі акцыяў ня ёсьць уласнасьцю апазыцыі. Таму кіраўніцтва апазыцыя выконвае ролю нават не мэнэджара, а дыспэтчара.

Пакуль апазыцыя не прапаноўвае ніякай зразумелай, адпаведнай здароваму сэнсу стратэгіі, датуль вулічныя акцыі апазыцыі будуць заставацца рытуальным шэсьцем.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Лукашэнка казаў, што пасьля выбараў апазыцыі ў Беларусі ня будзе. І гэтыя акцыі сьведчаць пра тое, што, як заўсёды, Лукашэнка памыляўся”.

Якія тэндэнцыі выявіла цяперашняя палітычная вясна?

Карбалевіч: “Мы назіраем пад’ём ці спад дэмакратычнага руху? Ці зьявілася нешта новае ў дзеяньнях апазыцыі? Ці ў дзеяньнях улады?”

Івашкевіч: “Галоўнае адрозьненьне цяперашніх падзеяў ад леташніх акцыяў палягае ў рэзкім зьмяншэньні рэпрэсіяў з боку ўладаў. З 1995 году ўсе акцыі на 25 сакавіка разганяліся, заканчваліся арыштамі, рэпрэсіямі. Гэтым разам нікога не пасадзілі.

Другі момант. Міліцыя атрымоўвала супярэчлівыя загады. На Дзень Волі адну калёну штурхалі, другую — не. Падчас “Чарнобыльскага шляху” апаратуру спачатку затрымалі, потым аддалі. Пасьля акцыі шаснаццаць чалавек затрымалі, а праз гадзіну прыйшоў загад адпусьціць.

На мой погляд, той нафтагазавы канфлікт, надыходны эканамічны крызіс прывёў да барацьбы дзьвюх тэндэнцыяў у кіроўнай эліце. Бізнэсоўцы ва ўладзе хочуць наладзіць бізнэс з Эўропай. І дзеля гэтага гатовыя пайсьці на пэўную лібэралізацыю.

А карнікі ва ўладзе імкнуцца па-ранейшаму ўсіх душыць. У выніку гэтай барацьбы мэханізм рэпрэсіяў слабее і робіцца бязладным”.

Мацкевіч: “Вясна ня выявіла новых тэндэнцыяў, а хутчэй пацьвердзіла тыя тэндэнцыі, якія разьвіваюцца апошнія два гады. Гэта тэндэнцыя на “кубінізацыю” рэжыму й “арафатызацыю” апазыцыі.

Беларускі рэжым так умацаваўся пасьля 2006 году, што можа дазволіць сабе аслабіць рэпрэсіі й выдзеліць апазыцыі куточак. Бо цяперашняя апазыцыя не стварае ўладам праблемаў.

Да звычайных трафарэтных дзеяньняў апазыцыі рэжым прыстасаваўся й ведае, як на іх адказваць. Таму ўлады маглі б скасаваць усе палітычныя прысуды й вызваліць палітвязьняў. Думаю, што такая частковая лібэралізацыя яшчэ больш замарудзіць аднаўленьне апазыцыі, прабуджэньне апазыцыйнай думкі”.

Ці зьяўляюцца вулічныя акцыі апазыцыі часткай нейкай стратэгіі?

Карбалевіч: “Звонку падаецца, што за шмат гадоў вулічныя акцыі апазыцыі не зьяўляюцца часткай нейкай далёкасяжнай стратэгіі, а ператварыліся ў пэўны рытуал.

Прыйшло 25 сакавіка — трэба ладзіць шэсьце, прысьвечанае Дню Волі. Прыйшло 26 красавіка — вось традыцыйны “Чарнобыльскі шлях”. Прыйшло 1 траўня — левыя сілв ладзяць мітынг.

То бок, адзіны сэнс гэтых акцыяў з боку апазыцыі палягае ў тым, каб прадэманстраваць, што мы ёсьць, мы існуем.

У іншых краінах, як правіла, вулічная акцыя мае канкрэтную мэту. Вылучаецца нейкае какрэтнае патрабаваньне. Напрыклад, у тым жа Кіеве адны мітынгоўцы патрабуюць выкананьня прэзыдэнцкага ўказу аб новых парлямэнцкіх выбараў, а іншыя — яго адмены.

Так бачацца гэтая сытуацыя звонку. Але, можа, мы чагосьці ня ведаем? Можа, у беларускай апазыцыі ёсьць нейкая стратэгія, пра якую ніхто ня ведае?”

Івашкевіч: “Крызіс у дачыненьнях з Расеяй — гэта ня дробязь, а глябальны тэктанічны зрух для існаваньня цяперашняга рэжыму. Пачаўся гандаль з Захадам. Натуральна, што ўлады хочуць саступіць мінімальна, а атрымаць максымальна.

Але, імкнучыся вырашыць свае тактычныя бізнэсовыя задачы, улады пачынаюць бурыць усю сыстэму, якая заснаваная на рэпрэсіях і страху. Гэта пачатак перабудовы.

Вызваленьне палітвязьняў можа стаць той дзірачкай у плаціне, празь якую спачатку ручаём, пасьля ўсё шырэй пойдзе вада. Так пачынаўся крах камуністычнай сыстэмы ў СССР, калі адпусьцілі з высылкі Сахарава.

Значная частка беларускай намэнклятуры гатовая пайсьці на тыя ўмовы дэмакратызацыі, якіх патрабуе Захад, каб адпіхнуць ад улады адыёзных карнікаў і захаваць поўны кантроль над сытуацыяй.

І дзеля гэтага яны гатовыя пайсьці на часовае выкарыстаньне апазыцыі, каб наладзіць дачыненьні з Захадам і застацца пры ўладзе пад дэмакратычным ярлыком. А гэта і ёсьць тая перабудова, якая адбылася ў СССР у 1991 годзе.

Апазыцыя зможа ўплываць на расклад сілаў, калі яна будзе здольная выводзіць шмат людзей на вуліцу. Функцыя апазыцыі, як увогуле любых палітыкаў, — гэта ўлоўліваць грамадзкія тэндэнцыі, фармуляваць патрабаваньні. Толькі пры гэтых умовах яны могуць уплываць на сытуацыю.

Калі раптам рабочыя будуць зьбірацца страйкаваць, то яны прыйдуць за дапамогай да апазыцыі, бо яна ж ладзіць вулічныя акцыі. І апазыцыя павінна ўмець скарыстаць спрыяльныя ўмовы, а не інспіраваць іх”.

Мацкевіч: “Я ня бачу ў сучаснай апазыцыі нейкай стратэгіі. Але мяне больш непакоіць тое, што палітычная дзейнасьць зводзіцца да трыманьня ў руках мэгафона, які можна потым камусьці пазычыць.

Захад мог бы значна больш уплываць на разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі, калі б бачыў тут моцную апазыцыю. Бо цяперашнія лідэры апазыцыі ўжо ніколі ня змогуць прыйсьці да ўлады. Яны згубілі прафэсіяналізм.

А спадзявацца на тое, што ўнутры рэжыму высьпела група, якая здольная кардынальна зьмяніць кірунак беларускай палітыкі, не даводзіцца”.
XS
SM
MD
LG