Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронцы старой Горадні прапануюць мясцовы рэфэрэндум


Сяргей Астраўцоў, Горадня Клюб гісторыкаў Горадні абмеркаваў сытуацыю з пагрозай разбурэньня часткі старых будынкаў. Актывісты сабралі больш за трыста подпісаў пад зваротам з гэтай нагоды ў пракуратуру. Прагучала прапанова зьвярнуцца таксама да кіраўніка дзяржавы, нават ініцыяваць мясцовы рэфэрэндум. Каля трыццаці чалавек вырашылі стварыць таварыства прыхільнікаў старой Горадні, каб аб’яднаць намаганьні дзеля абароны гістарычнай забудовы.

Карэспандэнт: “У Таварыстве беларускай школы сабраліся гарадзенскія гісторыкі, з Кракава нават прыехаў Юры Гардзееў, які выкладае ў Ягелёнскім унівэрсытэце. Як з адлегласьці, з Кракава выглядае сытуацыя ў Горадні: карціна сапраўды жахлівая ці яшчэ не?”

Гардзееў: “Ведаеце, можа жах пачацца ў кожны момант. Мы бачым, што млын разбурылі і разбураюць паасобныя будынкі, напрыклад, цяпер будуць бурыць дом на Сацыялістычнай. Людзі, гэты будынак — адзін зь нешматлікіх прыкладаў “мадэрну”. Я ведаю, што яны могуць зрабіць потым яго макет, муляж, і невядома што яны могуць зрабіць. Сёньня я ішоў па Урыцкага, дарэчы, фатаграфаваў дом на Урыцкага, 5...”

Карэспандэнт: “Пачалі бурыць гэты дом сёньня, дах”.

Гардзееў: “Я ішоў з самай раніцы, там рабочыя былі, і стаяла мажная жанчына, і яна пытаецца ў мяне, убачыўшы, што я зрабіў фотаздымак: малады чалавек, вы цікавіцеся архітэктурнымі помнікамі? Ну, я адказаў ёй, што цікаўлюся і архітэктурнымі помнікамі, і цікаўлюся “героямі”, якія бураць гэтыя помнікі. Хаця я імі, хутчэй за ўсё, не цікаўлюся, а займаюся імі прафэсійна”.

Карэспандэнт: “А зараз я запытаюся ў вядучага гэтай сустрэчы гісторыка Алеся Смаленчука: за апошні час зьявілася шмат розных зьвестак наконт таго, колькі ўсё ж такі ўлады зьбіраюцца дамоў руйнаваць — то называлася лічба сорак, то ўжо семдзесят: на тваю думку, чаму няма дакладных лічбаў?”

Смалянчук: “Першае, што прыходзіць у галаву, гэта — абсалютная таямніца, якой улады атачылі свой праект рэканструкцыі. Ніхто нічога ня ведае і не жадае дапускаць нават спробы грамадзкага, навуковага абмеркаваньня гэтага праекту. Ну, а другі момант — таксама, мне здаецца, варта падумаць аб тым, што ўлады, якія ўсё гэта пачынаюць, яны ня ведаюць, чым гэта можа закончыцца. Тут для іх можа самае галоўнае сёньня чыста бальшавіцкі прынцып: увязацца ў бойку, прыцягнуць грошы, а там паглядзім, што з гэтага будзе...”

Карэспандэнт: “Я хачу пацікавіцца ў гарадзенскага гісторыка Алеся Краўцэвіча: сёньня на сустрэчы прагучалі і нечаканыя прапановы, напрыклад, паспрабаваць арганізаваць рэфэрэндум дзеля абароны старой Горадні. Як ты расцэньваеш гэтыя прапановы?”

Краўцэвіч: “Усе формы працы падыходзяць, можам пісаць хоць чорту лысаму, абы гэта дапамагло. Я сумняваюся, што дапусьцяць да правядзеньня рэфэрэндуму. Закон пра мясцовы рэфэрэндум створаны так, каб не дапусьціць да яго. Але ідэя палягае на тым, каб у ходзе арганізацыі рэфэрэндуму праводзіць інфармаваньне людзей. Я лічу, што ўсе формы працы падыходзяць, усе”.

Учора ў Горадні адбылася стыхійная акцыя гісторыкаў і маладых актывістаў каля старой сынагогі, дзе пачаліся земляныя работы. Міліцыянты затрымалі некалькіх чалавек, у ліку якіх былі гісторыкі Юры Гардзееў і Алесь Краўцэвіч.

Сустрэча ў гарадзенскім клюбе гісторыкаў

Гісторыкі (зьлева направа): Алесь Краўцэвіч, Юры Гардзееў, стаіць Андрэй Вашкевіч.

Гл. таксама

• Грамадзкасьць зьвярнулася па дапамогу да БНФ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG