Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку замест шкваркі ды чаркі - прэса ды кава


Віталь Сямашка, Полацак Сёньня спаўняецца пяць гадоў зь дня адкрыцьця адмысловай прэс-кавярні, што месьціцца ля Полацкага аўтавакзала і штодзень пачынае працу за гадзіну да ранішняга эфіру Свабоды.

Тут дзьве ўтульныя залі, дзе прадаюць адпаведна прэсу ды каву. Наведвальнікі ўваходзяць напачатку ў памяшканьне, застаўленае дзясяткамі разнастайных газэт і часопісаў. Прэса пастаянна абнаўляецца: за тым, як купляюць выданьні, уважліва сочаць. Ад пачатку існаваньня кафэ за прылаўкам тут 32-гадовая Сьвятлана. Яна пераехала ў Беларусь пяць гадоў таму з Латвіі. І сёньня, як зазвычай, паднялася на працу а палове пятай.

“Апазыцыйныя выданьні? Ня тое, што ня бралі б – не даюць!..”
Запытваюся: “А сама вы жаўрук?”

“Не, – усьміхаецца Сьвятлана. – Люблю паспаць, але мне падабаецца праца. Пакуль не працавала, ня ведала, што людзі ў нас так любяць чытаць.”

“А што бяруць найбольш?”

“СБ-сегодня”, “Рэспубліка”, гумарыстычныя, а таксама сканворды, дзіцячыя пісанкі. Наш “Полацкі весьнік” добра ідзе...”

“А апазыцыйныя выданьні? Ці ёсьць у вас “Свободные новости-плюс?”

“Няма. Ня тое, што ня бралі б – не даюць...”

“На якую суму прадаяце?”

“Камэрцыйная тайна, але калі працуем, значыць, рэнтабэльныя...”

Натуральна, што гандлёвая кропка ля аўтавакзала абраная невыпадкова. Будучыя пасажыры, набыўшы любімыя выданьні, перацякаюць у кавярню. Тут іх сустракае усьмешлівая 27-гадовая Натальля Праско.

“Адметнасьць у тым, што ў нас каву больш п’юць і прэсу больш бяруць. Тут большы заробак. Задаволена, што была сава, а цяпер стала жаўруком (сьмяецца)...”

«Лічыцца, што калі выпісваеш «Народную Волю» – апазыцыянэр!»
Пачуўшы размову, да мікрафона “Свабоды” падышлі першыя і, як высьветлілася, пастаянныя наведвальнікі – 70-гадовы пэнсіянэр Тэафізій Прашкурэнка і 32-гадовы Алесь Тур. Спадар Тэафізій жартаўліва міргае мне і спытвае “Народную волю”. Пачуўшы прадказальны адказ, усьміхаецца ды кажа, што сытуацыя на газэтным рынку наўпрост залежыць ад сытуацыі ў краіне.

“Лічыцца, што калі ты выпісваеш “Народную волю”, дык апазыцыянэр, называюць “бэнээфаўцам”. А калі чалавек хоча ведаць больш, чым у афіцыйных СМІ?! Я пісьменны чалавек, маю дзьве вышэйшыя адукацыі – мне цікава тут і тут параўнаць...”

“І на чыю карысьць спаборніцтва, па-вашаму?”

“Канешне, я за тых, хто за незалежную Беларусь, хаця я не беларус. Я свайго прэзыдэнта абраў – гэта Юшчанка. А ў Беларусі я б прагаласаваў за Казуліна...”

“А ты, Алесь, галасаваў за каго-небудзь?”

“Я не скажу. Адзінае, што за Лукашэнку галасаваць ніколі ня буду...”
XS
SM
MD
LG