Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці выслухае Натальля Пяткевіч патрабаваньні ліквідатараў?


Радыё Свабода Сёньня ў Менску група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дзяржаўныя чыноўнікі чарговым разам будуць абмяркоўваць законапраект аб упарадкаваньні сацыяльных ільготаў.

Паведамляецца, што дакладчык на паседжаньні – намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч. Сярод запрошаных – лідэр ініцыятыўнай групы ў стварэньні грамадзкай арганізацыі “Ліквідатар” Аляксандар Валчанін. Раней удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС зьвярталіся да прэзыдэнта, у парлямэнт і міністэрства юстыцыі.

На што сёньня спадзяюцца ліквідатары?

Ліквідатары занепакоеныя намерам улады скасаваць ацалелыя ільготы. Перадусім – бясплатныя лекі па рэцэптах; грашовую дапамога на аздараўленьне; 50-працэнтную зьніжку аплаты інвалідам за камунальныя паслугі. Каб абараніць свае правы, чарнобыльцы яднаюцца ў грамадзкую арганізацыю “Ліквідатар”. Яе лідэр – Аляксандар Валчанін:

“Пропуск выпісалі на аднаго мяне. Але мае таварышы будуць чакаць ня толькі ў Палаце прадстаўнікоў, а і ва ўсёй Беларусі. У нас цяпер у кожным рэгіёне ёсьць арганізатары. Іх 500 чалавек. Я зьвярнуўся да спадарыні Пяткевіч: “Калі прызнаяце, што ў Беларусі сёньня вельмі дрэнная эканамічная сытуацыя, дык давайце ня будзем да нуля даводзіць статус удзельніка ліквідацыі аварыі на ЧАЭС”.

“Дакумэнт узгоднены з прэзыдэнтам!”

Законапраект аб упарадкаваньні ільготаў упершыню зьявіўся яшчэ ў 2003 годзе. Зноў яго ўзгадалі ў парлямэнце ў 2005-м. Але як і раней, большасьць дэпутатаў галасавалі супраць. Цяпер Аляксандар Лукашэнка асабіста даручыў спраўдзіць дакумэнт.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у працы, сацыяльнай абароне, справах вэтэранаў і інвалідаў Сяргей Камянецкі гаворыць: “Калі нейкая арганізацыя мяркуе, што я самы актыўны праціўнік ільготаў для чарнобыльцаў, то яна памыляецца. Распрацоўшчыкам законапраекту зьяўляецца Савет Міністраў. Да таго ж, дакумэнт узгоднены з прэзыдэнтам”.

“Дзяржава адмаўляецца рабіць тое, што гарантавана людзям па Канстытуцыі”

Ініцыятары стварэньня грамадзкай арганізацыі “Ліквідатар” маюць зьвесткі, што ў Беларусі цяпер больш як 40 тысяч ліквідатараў карыстаюцца льготамі. Цягам году грашовыя выплаты і кампэнсацыі перавышаюць 30 мільярдаў рублёў. Аляксандар Валчанін лічыць, што за гэтыя грошы ягоныя сябры ўжо заплацілі сваім здароўем.

“Дык я сёньня хачу паставіць пытаньне. Мы – удзельнікі ліквідацыі. Мы – на сваёй тэрыторыі дапамагалі свайму насельніцтву: эвакуявалі, лячылі, дапамагалі ва ўсіх наступствах. Як жа так!? Дзяржава адмаўляецца рабіць тое, што гарантавана людзям па Канстытуцыі. Пра гэта я буду гаварыць Пяткевіч”. Гл. таксама

• Беларускія ліквідатары ствараюць сваю арганізацыю
XS
SM
MD
LG