Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чындогу: вынаходніцтва непатрэбных рэчаў


Тацяна Поклад, Прага Міні-парасоны для пантофляў, зубная шчотка, якая нацягваецца на палец, кашуля, якая дапамгае пачухаць сьпіну дакладна ў тым месцы, якое сьвярбіць – усё гэта дасьціпныя вынаходніцтвы, бяз якіх можна, бадай, абыйсьціся. Называецца ўсё гэта японскім словам чындогу і апошнім часам робіцца ўсё больш папулярным, нават модным у сьвеце.

Што такое чындогу?

Слова гэтае ў перакладзе зь японскай азначае “дзіўнае, незвычайнае прыстасаваньне”. “Chindogu” часам вымаўляецца як “шынтоку”, часам як “чындогу”. Прыдумаў гэтую ідэю, ці, дакладней, канцэпцыю, японскі журналіст Кендзі Кавакамі, які напісаў дзьве кнігі пра чындогу: “101 японскае вынаходніцтва, ад якіх няма карысьці” і “99 больш непатрэбных вынаходніцтваў: мастацтва чындогу”.

Спачатку ў Японіі было створанае “Таварыства вынаходніцтваў, ад якіх няма карысьці” – “Чындогу”, пасьля зьявілася Міжнароднае таварыства чындогу, якое налічвае да 50 тысяч сябраў, якія абавязаліся вынаходзіць толькі такія рэчы, якія магчыма зрабіць, але якія зьяўляюцца практычна непатрэбнымі, ня маюць утылітарнага прызначэньня, безь якіх сапраўды можна абысьціся.

Гэта, напрыклад, партатыўная “зэбра” для мінакоў, якія хацелі б перайсьці вуліцу, там, дзе ім зручна – расьсьцілай і пераходзь; гэта стальная накладка з шыпамі для наскоў-чаравікаў, каб абараніць ногі, калі на іх наступаюць, напрыклад, у грамадзкім транспарце. Таксама – напрыклад, як бывае непрыемна гатаваць рыбу, чысьціць яе, калі яе вочы, здаецца, проста глядзяць на вас – таму было прыдуманае адмысловае прыстасаваньне, якое закрывае рыбе вочы, калі яе трэба чысьціць. Футболка, якая дапамагае пачухаць сьпіну – на ёй ёсьць адмысловая мапа, якая дапаможа дакладна вызначыць месца, якое сьвярбіць. Для катоў – маленькія адмысловыя анучкі, якія ўстаўляюцца ў лапы і вычышчаюць падлогу ўсьлед за катом там, дзе ён пройдзе.

Ці можна дзе-небудзь набыць гэтыя рэчы?

Па правілах таварыства чындогу, гэтыя вынаходніцтвы нельга патэнтаваць, яны не належаць да масавай вытворчасьці. Але далучыцца да таварыства можа кожны, хто жадае, і кожны можа сам для сябе зрабіць любую з вынайдзеных раней чындогу – толькі не на продаж.

Ёсьць правілы, якія дазваляюць таксама лепш уявіць ідэю чындогу, у іх ліку такія:

Чындогу -не для рэальнага ўжытку, -не павінны быць увасобленыя ў рэчах, -не прадаюцца, -ня могуць быць запатэнтаваныя, -сьмех не павінен быць адзінай прычынай стварэньня чындогу, -чындогу – не прапаганда, -яны не павінны рабіць шкоду, -неад’емная частка кожнага чындогу – гэта дух анархіі.

Чындогу яшчэ называюць “інавацыйным анархізмам” ці “анархізмам у вынаходніцтве”.

Чындогу –забава ў вольны час, гульня ці мастацтва?

Звычайна чындогу зьмяшчаюць у сфэру тэхнічных навінаў, вынаходніцтваў, але на гэта можна глядзець і зь іншага боку. Калекцыянаваць і прыдумваць чындогу – гэта хобі, накшталт захапленьне ікэбанай ці арыгамі. Зь іншага боку – гэта незвычайная філязофія, кшталт мастацтва, якое цяпер робіцца модай.

Да чындогу ставяцца па-рознаму. Ёсьць меркаваньні, што гэтыя вынаходніцтвы непатрэбных займальных прыстасаваньняў усё ж-такі робяць жыцьцё лягчэйшым, ня кажучы ўжо пра тое, што весялейшым. Але гучаць і такія засьцярогі: чындогу – гэта тое, што падштурхоўвае людзей мець усё больш і больш рэчаў, безь якіх, насамрэч, яны маглі б абысьціся, але празь нейкі час ужо ня могуць бязь іх жыць.

Сам ініцыятар ідэі чындогу Кэндзі Кавакамі вызначае яе, як “вынаходніцтвы, якія, як здаецца, зробяць вашае жыцьцё значна лягчэйшым, але ня робяць”.

Фота: адзін з прыкладаў чындогу
XS
SM
MD
LG