Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Баку: “Мы знайшлі тут добрае апірышча”


Радыё Свабода Па выніках перамоваў Лукашэнкі і Аліева адбылася прэсавая канфэрэнцыя.

На прэсавай канфэрэнцыі беларускі кіраўнік у прыватнасьці заявіў:

“Паверце, што там, у цэнтры Эўропы вы знайшлі сабе добрае апірышча, добрых надзейных сяброў. А мы тут упэўненыя, што знайшлі добрае апірышча тут, у Закаўказьзі – і ў эканамічным, і ў палітычным, і ў дыпляматычным пляне.

І што вельмі важна – нашы дачыненьні пазбаўленыя ўсялякай нядобрасумленнай палітыкі. Мы цалкам упэўненыя, што калі супрацоўнічаем па газе, па нафце, па прамысловасьці, у іншых сфэрах – гэта не пацягне за сабой палітычны ціск, як гэта часта бывае ў супрацоўніцтве зь іншымі дзяржавамі”.

Ільхам Аліеў заявіў, што палітычнае рашэньне аб супрацоўніцтве з Беларусьсю ў нафтагазавай галіне ў Баку прынятае. Ён дадаў:

“Для нас супрацоўніцтва ў пытаньні дывэрсыфікацыі паставак заўсёды мела значэньне больш эфэктыўнага выкарыстаньня нашых прыродных рэсурсаў.

Сёньня з Азэрбайджану на рынкі Эўропы і сьвету транспартуецца нафта па трох трубаправодах, абмяркоўваецца пытаньне транспартаваньня нафты па маршруце Адэса-Броды. Мы далі сваю палітычную падтрымку гэтаму праекту.

У Азэрбайджане прынятае палітычнае рашэньне аб супрацоўніцтве паміж нашымі краінамі ў галіне нафтагазавых апэрацый. Зараз справа за спэцыялістамі, каб былі падлічаныя эканамічныя ўмовы гэтых праектаў, камэрцыйны бок.

Мы ведаем пра зацікаўленасьць беларускіх кампаній да азэрбайджанскіх нафтавых радовішчаў. Мы таксама вітаем гэты інтарэс. І я ведаю, што сёньня ўжо вядуцца кансультацыі на ўзроўні адпаведных нашых кампаній аб удзеле ў нафтавых праектах у Азэрбайджане беларускіх кампаній. З нашага боку ёсьць поўная падтрымка ў гэтым пытаньні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG