Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Начная аБЛОГа” – 2 траўня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць “Менскі маніфэст беларуска-расейскага яднаньня”, які стварылі ды апублікавалі сустаршыня Фонду сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва Леанід Сініцын і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч. “...на зямлі беларускай прыйшоў час ісьцінных прыхільнікаў яднаньня народаў. Час і нам узвысіць свой голас у абарону спрадвечнага адзінства, перакрыць шлях сілам разбурэньня й зласьлівасьці. З маленства мы памятаем прытчу пра тое, як лёгка ламаюцца пруткі паасобку, і якія яны моцныя ў адной вязанцы. З гісторыі вядома, якімі катастрофамі абарочваецца нават непрацяглая раздробленасьць. Разваліцца братэрства – абрынецца ўсё!” – гаворыцца ў маніфэсьце.

Удзельнікі форумаў рэагуюць на такую навіну наступным чынам:

“Такое адчуваньне, што вушы тырчаць зь меха з грашыма”.

“Доўга крамлёўскія фокусьнікі прытрымлівалі сваіх трусоў у капялюшы...”

“Добра, дапусьцім, што гэта – сур’ёзны крок. Тады для каго напісаны тэкст? Бо ж большага кактэйлю “сьлёзы-смаркачы” выявіць у публічнай палітыцы наўрад ці магчыма, чымся ў іхным маніфэсьце”.

“Пачынае праяўляцца той самы нафтагазавы крызыс. Не па факце падвышэньня коштаў, а па фінансавых рэзэрвах. Расейцы ведаюць нашую ўнутраную кухню лепей за гледачоў БТ, вось і пачынаюць артабстрэл своечасова. Дарэчы, у бюджэтнікаў сапраўды пачынаюцца вялікія праблемы, наколькі я ведаю. Грошай скарбнікі не даюць альбо даюць ледзь-ледзь”.

У суполцы Жывога Журналу by_politics абмяркоўваюць, дзе можна набыць эстонскія тавары, каб падтрымаць эканоміку гэтай краіны. R_a_t__k_i_n_g, які жыве ў Празе, піша: “Учора пасьля працы ўпершыню бачыў эстонскія шпроты. Звычайна іх купляю толькі да Новага году. Што яшчэ робяць у Эстоніі, ня ведаю. Але думаю, што эканоміка Эстоніі павінна пайсьці ўгору”.

an_t зь Менску дзеліцца сваёй інфармацыяй: “У “Суседзях” на Сурганава вы знойдзеце глазіраваныя сыркі “Карунас”, таксама там прадаваліся раней іншыя малочныя й кісламалочныя прадукты... у Менску ёсьць сьвечкі эстонскай вытворчасьці... Аднойчы бачыў нават эстонскае піва й напоі тартускага заводу”.

Сайт Трэці шлях аднавіў працу пасьля хакерскай атакі. Сярод новых публікацыяў зьявіўся артыкул Тэнгіза Гудавы "Эстонскі прэцэдэнт" “Я абсалютна перакананы, што ўсе помнікі савецкай эпохі трэба альбо дэмантаваць і перадаць іх Расеі (Харкаву, Прыднястроўю ці любому заказьніку), альбо пусьціць на шчабёнку, – піша аўтар артыкула. – Можна мець помнік у прыватным парадку, у сябе дома, у двары, у сьвіране альбо ў спэцыяльным музэі. Але не на сталічнай плошчы, не як аб’ект чучхэйскага пакланеньня. Гэта недарэчна да загінулых жаўнераў. Гэта недарэчы да будучыні”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG