Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія беларускія вынаходзтвы самыя выбітныя?


Ігар Карней, Менск Онлайн-выданьне “Spiked” з дапамогай аўтарытэтных спэцыялістаў склала сьпіс найвялікшых вынаходзтваў і наватарскіх ідэй чалавецтва. Больш за сотню ўдзельнікаў апытаньня (сярод іх шэсьць ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі) назвалі самую важную ідэю ці адкрыцьцё ў той галіне, якой займаюцца самі. Сярод вынаходзтваў, якія скаланулі сьвет: ракеты, інтэрнэт, мэтад капіяваньня ДНК і нават звычайны радыёпрымач.

"Я ня ведаю, чаму яны не згадалі пра лазэры?"

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч яшчэ ў часы кіраваньня Нацыянальнай Акадэміяй навук у брашуры пад назвай “Навука і грамадзтва ня мяжы тысячагодзьдзяў” склаў уласны гіт-парад найбольш адметных навуковых адкрыцьцяў ХХ стагодзьдзя. Зь беларускіх распрацовак ён адзначыў вынаходзтвы ў сфэры дынамічнай галяграфіі, дасьледаваньні цепламасаабмену, а таксама тэарэтычныя распрацоўкі ў матэматыцы акадэміка Ўладзімера Платонава.

Акадэмік Вайтовіч камэнтуе вынікі апытаньня онлайн-выданьня “Spiked”:

“Я ня ведаю, чаму яны не згадалі пра лазэры, бо лазэры я лічу адным з буйнейшых дасягненьняў мінулага стагодзьдзя ў фізыцы... Калі ўжо так казаць, то ў фізыцы такія дасягненьні: лазэры, атамная фізыка, якая прывяла да стварэньня атамнай энэргетыкі (і, як часта бывае, пабочна – да стварэньня атамнай бомбы). Гэта, канечне, вылічальныя машыны. І ўжо потым на базе паўправадніковай тэхнікі, якая так хутка разьвілася, што прывяла да зьяўленьня мікрасхемаў, інтэгральных схемаў, зьявіліся, у сваю чаргу, кампутары пэрсанальныя. Што, адпаведна, прычынілася да разьвіцьця інфарматыкі. І я лічу, што стварэньне пэрсанальных кампутараў – адно з самых высокіх дасягненьняў мінулага стагодзьдзя”.

Без распрацовак Жарэса Алфёрава не было б інтэрнэта і мабільных тэлефонаў

Народжанага ў Віцебску матэматыка Жарэса Алфёрава ўганаравалі Нобэлеўскай прэміяй за (цытую пастанову Нобэлеўскага камітэту) "працы ў справе атрыманьня паўправадніковых структураў, які могуць быць выкарыстаныя ў звышхуткіх кампутарах". Каб не распрацоўкі Жарэса Алфёрава, не было б ні інтэрнэту, ні мабільных тэлефонаў.

Фізык і матэматык Барыс Кіт, які нарадзіўся на Наваградчыне – адзін з распрацоўнікаў вадкага вадароднага паліва для касьмічных ракет.

Намесьнік дэкана ў справах навуковай працы Фізычнага факультэту БДУ, прафэсар катэдры лазэрнай фізыкі і спэктраскапіі Аляксей Тоўсьцік кажа, што ў падмурку сучаснай навукі ляжаць фундамэнтальныя дасьледаваньні фізыкі цьвёрдага цела і паўправаднікоў. Адпаведныя тэарэтычныя працы беларускіх навукоўцаў прывялі да стварэньня адзінай тэорыі слабых, моцных і электрамагнітных узаемадзеяньняў.

“Цяпер у нас замоваў досыць шмат, выконваецца нямала дзяржаўных праграм, навукова-тэхнічных праграмаў, фармуецца праграма фундамэнтальных дасьледаваньняў, і ўпор на фізыку зроблены досыць канкрэтны – фізыка і тэхніка, тэхнічныя праграмы пераважна. То бок, цяпер кірунак асноўны ўсё ж не на фундамэнтальныя навукі, а прыкладны накірунак. Каб былі рэальныя вынікі для ўкараненьня ў прамысловасьць, у вытворчасьць”.

Статыстыка пра колькасьць вынаходзтваў не вядзецца

Супрацоўніца Нацыянальнага цэнтру інтэлектуальнай уласнасьці Вольга Жажкова кажа, што не вядзецца адмысловай статыстыкі, колькі беларускія навукоўцы атрымалі патэнтаў за свае распрацоўкі і адкрыцьці. Аднак кожны, хто жадае зьберагчы свой інтэлектуальны багаж ад незаконных замахаў з боку канкурэнтаў, можа гэта зрабіць:

“Канечне, гэтым займаецца наш Нацыянальны цэнтар інтэлектуальнай уласнасьці. Тут і пэрсанальна можна забясьпечыць абарону сваёй інтэлектуальнай уласнасьці, і аўтарскія працы зарэгістраваць. Калі ўсё ў нас рэгіструецца, выдаецца патэнт на працу ці вынаходзтва. Мэханізм гэты ўжо адпрацаваны. І гэта якраз прэрагатыва нашага цэнтру”.
XS
SM
MD
LG