Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія заклікае Расею заставацца цывілізаванай


Юрась Бушлякоў, Прага Прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хэндрык Ільвэс заклікаў сёньня Расею да цывілізаваных паводзінаў. “Надышоў час перастаць выкарыстоўваць памяць ахвяраў вайны ў палітычных мэтах”, – заявіў эстонскі прэзыдэнт.

Тым часам у Маскве актывісты моладзевага руху “Нашы” спрабавалі сарваць прэсавую канфэрэнцыю пасла Эстоніі ў Расеі Марыны Кальюранд. Па-ранейшаму ў аблозе застаецца пасольства Эстоніі ў Маскве – яго пікетуюць прадстаўнікі праўрадавых расейскіх моладзевых арганізацыяў, пратэстуючы супраць пераносу з цэнтру Таліну помніка савецкаму салдату-вызвольніку.

Напярэдадні міністар замежных справаў Эстоніі Урмас Паэт заявіў, што Эстонія, а разам зь ёю і ўвесь Эўрапейскі Зьвяз апынуліся пад атакаю з боку Расеі. Паводле міністра, гаворка ідзе менавіта пра напад, бо чыняцца хакерскія атакі на ўрадавыя сайты Эстоніі, блякуецца пасольства Эстоніі ў Маскве, правакуецца грамадзянскае непадпарадкаваньне.

“Паводле IP-адрасоў выяўлена, што напады кібэртэрарыстаў на інтэрнэт-сайты эстонскіх урадавых установаў і канцылярыі прэзыдэнта былі ўчыненыя з канкрэтных кампутараў, якія належаць асобам у расейскіх урадавых установах, улучна з адміністрацыяй прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі”, – заявіў заявіў Урмас Паэт.

У сувязі з аблогаю пасольства Эстоніі ў Маскве эстонскі бок абвінаваціў Расею ў парушэньні Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных дачыненьнях.

“Лічым неабходным, – заявіў міністар замежных справаў Эстоніі, – каб Эўрапейскі Зьвяз адрэагаваў на паводзіны Масквы з максымальнай цьвёрдасьцю. Гэта можа азначаць або спыненьне перамоваў паміж Эўразьвязам і Расеяй або адмову іх распачаць. Трэба сур’ёзна ўзважыць магчымасьць адкладу саміту Эўразьвяз-Расея”.

Эўрапейскі Зьвяз заклікаў сёньня расейскія ўлады прытрымлівацца Венскай канвэнцыі і забясьпечыць нармальную працу эстонскага пасольства ў Маскве. Тым часам актывісты пракрамлёўскага руху “Нашы” спрабавалі перашкодзіць паслу Эстоніі ў Расеі Марыне Кальюранд правесьці ў Маскве прэсавую канфэрэнцыю.

Эстонская амбасадарка абвінаваціла расейскія ўлады ў нежаданьні весьці з Эстоніяй адкрыты, празрысты дыялёг на роўных: “Мы гатовыя да дыялёгу з усімі, калі гэты дыялёг вядзецца цывілізавана. З тымі ж, хто раве, крычыць і нападае, мы гаварыць ня будзем”.

Сёньня консульскі аддзел пасольства Эстоніі ў Маскве прыпыніў працу.

Таксама сёньня сталі вядомыя некаторыя дэталі сьледзтва з факту гібелі ў Таліне ў часе непарадкаў на мінулым тыдні грамадзяніна Расеі Дзьмітрыя Ганіна. Прычынаю сьмерці сталі нажавыя раны, атрыманыя 20-гадовым Ганіным падчас бойкі з марадэрамі, якія рабавалі краму. Паводле эстонскай паліцыі, у кішэнях вопраткі забітага грамадзяніна Расеі былі знойдзеныя скрадзеныя тавары.

На цяперашні момант абвінавачаньні ў арганізацыі забурэньняў у Таліне выстаўленыя 60 затрыманым. Каля паловы зь іх – грамадзяне Эстоніі, яшчэ амаль палова – “асобы без грамадзянства”, а таксама па адным грамадзяніну Расеі і Літвы.

Улады Таліну паведамілі, што на Тынісмягі – на месцы, дзе стаяў помнік савецкаму салдату-вызвольніку, – будуць высаджаныя кветкі. Цяпер адбываецца працэс ідэнтыфікацыі парэшткаў 12 савецкіх салдатаў, эксгумаваных на Тынісмягі.

Пасьля ідэнтыфікацыі ўсе зьвесткі будуць перададзеныя ў Чырвоны Крыж і пасольства Расеі ў Эстоніі. Паводле прэсавага сакратара Міністэрства абароны Эстоніі Мадыса Міка, калі спэцыялістам удасца ідэнтыфікаваць парэшткі, сваякі палеглых салдатаў змогуць весьці перамовы аб адпраўленьні гэтых парэштак на радзіму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG