Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч - госьць афіцыйных урачыстасьцяў у Варшаве


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве адбылося ўрачыстае паседжаньне польскага Сэйму і Сэнату з нагоды нацыянальнага сьвята Польшчы – гадавіны прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня. Адначасова ўрачыстасьці адбываліся і ў Вільні. На запрашэньне польскага парлямэнту, сярод іншых замежных высокапастаўленых палітыкаў, ва ўрачыстасьцях узяў удзел Аляксандар Мілінкевіч.

Хаця ў часе ўрачыстасьцяў у Варшаве гучалі толькі польскі і літоўскі гімны, а сярод сьцягоў замежных краінаў, чые афіцыйныя прадстаўнікі прыехалі ў польскую сталіцу, беларускага не было, беларускіх акцэнтаў у сьвяткаваньні было шмат.

Перад сваёй прамовай прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг асобна павітаў запрошанага на ўрачыстасьці Аляксандра Мілінкевіча:

“Хачу сардэчна прывітаць ляўрэата прэміі імя Сахарава Аляксандра Мілінкевіча. Мы з вамі ў змаганьні за свабодную і дэмакратычную Беларусь!”

Віцэ-сьпікер польскага Сэйму Браніслаў Камароўскі выказаў нашаму радыё шкадаваньне, што ў так важнай для народаў сярэднявечнай Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ўрачыстасьці ня могуць узяць удзел афіцыйныя прадстаўнікі свабоднай Беларусі:

“Цяперашнія беларускія ўлады ня вельмі прыхільныя ані цяперашнім працэсам у Эўропе, ані традыцыям дэмакратыі, ані, што да мінуўшчыны, нашым супольным традыцыям”.

Беларускіх акцэнтаў у сьвяткаваньні было шмат

У часе выступаў прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Нямеччыны, Чэхіі ды іншых краінаў адзначалі, што канстытуцыю 3 траўня 1791 году ўхвалілі ня толькі палякі і літоўцы, а сустаршыня польска-літоўскай парлямэнцкай групы Яраслаў Каліноўскі падкрэсьліў, што дзяржаўнай мовай ВКЛ была беларуская мова, а Пагоня – гэта сымбаль барацьбітоў за дэмакратыю і свабоду ў Беларусі.

Пра гэта казаў і дзякаваў палякам і літоўцам за салідарнасьць і Аляксандар Мілінкевіч:



“Мы павінны зрабіць Беларусь ня толькі дэмакратычнай і вольнай, але і захаваць яе незалежнасьць, якая і сёньня пад пагрозай. Я веру ў тое, што разам з маім народам пры вашай падтрымцы, пры вашай салідарнасьці, якая нам вельмі патрэбная, мы дасягнем гэтай мэты. Таму на заканчэньне з поўнай упэўненасьцю кажу: Жыве Беларусь! Жыве вольная Беларусь!”

Выступ А.Мілінкевіча на паседжаньні Сэйму і Сэнату:



Пазьней у размове з журналістамі спадар Мілінкевіч гаварыў пра значэньне Статуту Вялікага Княства Літоўскага, а таксама пра сёньняшнюю сустрэчу з Гансам-Гертам Пётэрынгам, зь якім былі абмеркаваныя пытаньні падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Эўрапейская інтэграцыя незавершаная безь Беларусі

Па сканчэньні ўрачыстага паседжаньня, яго гаспадар – сьпікер Сэнату Польчшы Багдан Барусэвіч – заявіў нашаму радыё, што эўрапейскую інтэграцыю нельга лічыць завершанай да часу, пакуль часткай Эўразьвязу ня будзе і Беларусь:

“Прысутнасьць тут сёньня Аляксандра Мілінкевіча – гэта дэманстрацыя ня толькі нашай супольнай мінуўшчыны, але і эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі, нашага агульнага будучага”.

Сьвяткаваньне дня Канстытуцыі 3 траўня, Варшава, 2 траўня 2007. Перад будынкам Сэнату беларускага сьцяга няма Перад будынкам Сэнату беларускага сьцяга няма

Сьвяткаваньне дня Канстытуцыі 3 траўня, Варшава, 2 траўня 2007. Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг Прэзыдэнт Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Пётэрынг

Сьвяткаваньне дня Канстытуцыі 3 траўня, Варшава, 2 траўня 2007. Рэпрадукцыя карціны Яна Матэйкі Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня Рэпрадукцыя карціны Яна Матэйкі “Прыняцьце Канстытуцыі 3 траўня”

Сьвяткаваньне дня Канстытуцыі 3 траўня, Варшава, 2 траўня 2007. Аляксандар Мілінкевіч выступае на пасяджэньні Сэйму і Сэнату Аляксандар Мілінкевіч выступае на пасяджэньні Сэйму і Сэнату

Сьвяткаваньне дня Канстытуцыі 3 траўня, Варшава, 2 траўня 2007. Аляксандар Мілінкевіч з журналістамі Аляксандар Мілінкевіч з журналістамі

Сьвяткаваньне дня Канстытуцыі 3 траўня, Варшава, 2 траўня 2007. Арыгінал Канстытуцыі 3 траўня ў Сэйме Арыгінал Канстытуцыі 3 траўня ў Сэйме
XS
SM
MD
LG