Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь-Азэрбайджан: матывы збліжэньня


Юры Дракахруст, Прага Чым можна патлумачыць збліжэньне Беларусі і Азэрбайджану? Ці можа Азэрбайджан стаць альтэрнатыўнай крыніцай паставак энэргарэсурсаў у Беларусь? На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае палітычны аналітык азэрбайджанскага інфармацыйнага агенцтва ТУРАН Зафар Гуліеў.

Дракахруст: “Чым можна патлумачыць даволі інтэнсіўны дыпляматычны дыялёг паміж Менскам і Баку, які адбываецца апошнім часам? У чым тут інтарэс Азэрбайджану? Гэтая краіна ўваходзіць у арганізацыю ГУАМ, якая часта трактуецца як супрацьвага расейскаму ўплыву на постсавецкай прасторы, Баку даволі шчыльна ўзаемадзейнічае з заходнімі ўрадамі. У той жа час Беларусь знаходзіцца ў шчыльным саюзе з Расеяй , а з Захадам – у стане “халоднай вайны”, Лукашэнка ўвесь час заклікае да міжнароднага супрацьстаяньня амэрыканскай гегемоніі. Чаму ж Аліеў і Лукашэнка знайшлі адзін аднаго?”

Гуліеў: “Можна паспрабаваць назваць шэраг фактараў, якія падштурхнулі кіраўнікоў абедзьвюх краінаў да збліжэньня ў апошнія два гады. Да 2006 году паміж Менскам і Баку фактычна не было ніякіх кантактаў на вышэйшым узроўні.

Збліжэньне абумоўлена тым, што летась Беларусь і Азэрбайджан сутыкнуліся з энэргетычным прэсінгам Расеі. Летась Масква паставіла вельмі жорсткія тарыфныя ўмовы спачатку перад Менскам, а потым – перад Баку. Дзьве краіны апынуліся ў падобнай сытуацыі.

Апроч таго, нягледзячы на празаходні курс, які дэкляруе кіраўніцтва Азэрбайджану, і нягледзячы на ўдзел Азэрбайджану ў аб''яднаньні ГУАМ, менавіта апошнімі гадамі ў палітыцы азэрбайджанскага кіраўніцтва ўмацаваліся нэасавецкія тэндэнцыі, назіраецца збліжэньне з аўтарытарнымі рэжымамі – з Расеяй, Таджыкістанам, Узбэкістанам, Туркмэністанам ну і зь Беларусьсю.

Постсавецкая прастора падзеленая, умоўна кажучы, на два сьветы – на "аранжавы" і "чырвоны". І хаця Азэрбайджан супрацоўнічае з "аранжавым" сьветам у межах ГУАМу , прэзыдэнт Аліеў і яго атачэньне ўсё больш цягнуцца за "чырвоным" сьветам. Неяк больш камфортна наш прэзыдэнт адчувае сябе падчас паездак менавіта ў гэтыя краіны. І гэта тлумачыцца тым, што ва ўнутрыпалітычным курсе ў Азэрбайджане праводзіцца тая самая лінія, што і ў Беларусі – на здушэньне іншадумства, правоў і свабодаў грамадзянаў”.

Дракахруст: “Беларускія афіцыйныя асобы гавораць пра Азэрбайджан як пра магчымую альтэрнатыўную Расеі крыніцу энэрганосьбітаў, у прыватнасьці, нафты, Аляксандар Лукашэнка гаварыў пра гэта ў сваім сёлетнім штогадовым пасланьні нацыянальнаму сходу. Наколькі гэта практычна можна ажыцьцявіць? Што на гэты конт гавораць у Баку?”

Гуліеў: “Сапраўды, падчас першага візыту прэзыдэнта Азэрбайджану ў Беларусь у кастрычніку летась бакі не хавалі, што адно з галоўных пытаньняў перамоваў – супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры. Беларусь ужо тады выказвала зацікаўленасьць і ў атрыманьні паставак з Азэрбайджану і ў атрыманьні там нафтавых радовішчаў. Мяркую, што гэтае пытаньне было цэнтральным і ў сёньняшніх перамовах у Баку, якія праходзілі сам-насам.

Беларусь, як і шмат іншых эўрапейскіх краінаў, спрабуе абараніцца ад манапольнага прэсінгу Расеі ў энэргетычнай сфэры. Сёлета на хвалі незадаволенасьці Расеяй абмяркоўвалася магчымасьць запрашэньня Беларусі ў аб''яднаньне ГУАМ. Гэта гаворыць аб прагматычнай арыентацыі Лукашэнкі і кіраўніцтва Беларусі, якія зыходзяць не зь ідэалягічных меркаваньняў, а спрабуюць абараніць сваю краіну і выйсьці на іншыя крыніцы энэргіі.

Што тычыцца Баку, то ён таксама зацікаўлены ў альтэрнатыўных трубаправодах, і тэхнічна калі рэалізуецца нафтаправод Супса-Броды-Адэса, то далей гэты нафтаправод можна будзе працягнуць да Беларусі. Так што Азэрбайджан зацікаўлены аслабіць прэсінг Расеі, наладзіць супрацоўніцтва зь іншымі постсавецкімі краінамі, у тым ліку і Беларусьсю, якая мае салідны эканамічны патэнцыял і можа ўяўляць інтарэс для Баку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG