Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зьневажае Іну Кулей?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Іна Кулей, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, зьвярнулася з заявай у пракуратуру з прычыны разьмяшчэньня ў інтэрнэце зьвестак, якія яе зьневажаюць. Як адрэагавалі на гэта сьледчыя пракуратуры Менску?

Іна Кулей просіць завесьці крымінальную справу супраць тых, хто зьмясьціў у інтэрнэце зьвесткі, якія яна лічыць для сябе зьневажальнымі.

Гаворка пра сайт у інтэрнэце, на якім наведнікі могуць зьмяшчаць свае анкеты й фактычна прапануюць сэксуальныя паслугі.

Ці пачалі сьледчыя праверку паводле заявы? Кіраўнік прэсавай службы пракуратуры Менску Алег Агафонаў адказаў на гэтае пытаньне Радыё Свабода:

“Да поўдня такая скарга не прыйшла, магчыма, яна яшчэ на пошце. Калі атрымаем, будзе расьпісаная для праверкі”.

Іна Кулей кажа, што даслала скаргу поштай яшчэ 27 красавіка. Яна таксама нагадала, што гэтая гісторыя цягнецца даўно й тычыцца ня толькі яе:

“Гэта справа цягнецца з сакавіка мінулага году. Я не зьвяртала на гэта асаблівай увагі да таго часу, пакуль не даведалася, што ў актывісткі Насты Палажанкі такая ж сытуацыя. Тады я вырашыла, што трэба бараніцца. Бо калі ўжо на маладых дзяўчат узьдзейнічаюць праз разьмяшчэньне іх анкетаў на гэтым сайце, то гэта змушае да крокаў у адказ”.

Юрыст Уладзімер Лабковіч дапамагаў Іне Кулей складаць скаргу ў пракуратуру.

Ён лічыць злачыннымі падобныя дзеяньні:

“У нас паводле закону прадугледжаная адказнасьць за прастытуцыю, а на гэтым сайце былі разьмешчаныя кошты аказаньня інтымных паслугаў з указаньнем тэлефонаў. Таму тут ёсьць прыкметы злачынстваў паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу — гэта паклёп і абраза”.

Паводле Ўладзімера Лабковіча, знайсьці тых асобаў, якія разьмясьцілі тэлефон Іны Кулей на сайце інтымных паслуг, цалкам магчыма.

Адміністрацыя сайту абавязаная даць такія зьвесткі пракуратуры. “Са свайго боку, мы паведамілі адміністрацыі сайту, што зьвярнуліся ў пракуратуру. Чакаем іх рэакцыі”, — сказаў юрыст Уладзімер Лабковіч.

***

Многія вядомыя ў Беларусі апазыцыйныя палітыкі раней таксама сутыкаліся з падобнымі правакацыямі. У прыватнасьці, летась нумар тэлефона Мечыслава Грыба быў зьмешчаны ў аб’яве, якая рэклямавала арэнду памяшканьняў для інтымных паслугаў. Палітык заяўляў, што гэта ня толькі нанесла яму маральныя страты, але й перашкаджала карыстацца тэлефонам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG