Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Дайнава: “Маё ты дзіцятка, тут пуста будзе празь пяць гадоў”


Зьміцер Бартосік, Вялікая Дайнава, Валожынскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Балцкае племя Дайнава, паводле гісторыкаў, жыло на вялікім абсягу ад Ліды да Смаргоні.

У ХІІ стагодзьдзі існавала нават Дайнаўское княства, жыхары якога вызначаліся тым, што ніколі не здаваліся ў палон і былі зацята непакорныя.

Сёньня ад легендарнай Дайнавы засталося ўсяго некалькі аднайменных вёсак, самая вялікая зь якіх дажывае век у Валожынскім раёне.

Ці засталося ў характары дайноўцаў што-небудзь ад ганарлівых продкаў?

Старому Ўладзімеру 90 гадоў. Але па ім гэтага ня скажаш. Погляд разумны, гаворка выразная, у постаці адчуваецца сіла, і памяць захавала шмат цікавых дэталяў мінулага стагодзьдзя.

Вайну спадар Уладзімер пачаў 1 верасьня 1939 году ў польскім войску на ўсходнім фронце. Але жывы застаўся толькі дзякуючы месцу свайго нараджэньня.

Дайнава, Валожынскі раён

Уладзімер: “Саветы нас бралі ў палон. У Івацэвічах пасадзілі, гавораць: “Дадзім дакуманты”. А тады ў вагоны загрузілі. Вагоны невялікія пры Польшчы. Якіх чалавек па сто. Калі руку падняў уверх, то ўніз... Такая цесната. Калі аправіцца, памачыцца, дык ужо як-небудзь з шынэля кішэні. Павезьлі аж на Сташкава.

Там былі каля двух месяцаў. Там, мусіць, тысяч дванаццаць нас было. “Хто віленскі?” Там пісалі. І ўсіх нас, тысячы дзьве, на кацер, на ваду пасадзілі, адвезьлі на сушу — і вярнуліся мы. Астатнія, хто засталіся там, тысяч дзесяць, парасстрэльвалі”.

Стары Ўладзімер — адзін зь нешматлікіх жыхароў вёскі Вялікая Дайнава, якая месьціцца ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці. Але для старога й яго жонкі яна назаўжды застанецца вёскай віленскай.

Карэспандэнт: “А каго больш баяліся, немцаў ці партызанаў?”

Уладзімер: “У гэтых мясьцінах і немцаў не баяліся, і партызанаў было мала. Я жаніўся пры немцах, дык партызаны прыйшлі на чарку гарэлкі, выпілі ды пайшлі”.

Карэспандэнт: “Тут было зацішна?”

Уладзімер: “Зусім”.

Старая. “Сорак другі год вясельле жаніліся. І нідзе ня бачылі немцаў”.

Карэспандэнт: “Дык у вас было вясельле ў сорак другім годзе?”

Уладзімер: “Дык многа тады. У вёсцы многа вясельляў тады было”.

Старая: “І цішыня была”.

Дайнава, Валожынскі раён

Цішыня тут і сёньня. Нейкая ненатуральная, мёртвая. Глядзіце самі. Вёска месьціцца каля самай віленскай трасы. Месца вельмі прыгожае. Абкружаная лясамі Дайнава ляжыць у лагчыне. За хатамі паўстаюць маляўнічыя пагоркі.

Прыдомак “Вялікая” цалкам адпавядае памерам гэтай непэрспэктыўнай вёскі. Паселішча цягнецца на тры кілямэтры. І калі ідзеш гэтай бясконцай і пакручастай вулкай, адчуваньне такое, быццам патрапіў у зону адсяленьня. Бо большая частка хатаў няжылыя.

І сустрэць жывога чалавека — удача. Кабеты, што ішлі насустрач, выявілі ня толькі адкрытасьць у гаворцы на палітычныя тэмы, але і абазнанасьць у геграфіі. Аказваецца, слава далёкай вёскі Александрыі грыміць паўсюль.

Кабета: “Нам добра, выйшаў — птушкі пяюць. Рабі дзецям мяса, падавай у горад, малачко. І ўсё. Толькі я супраць, што яны будуюць гэтыя аграгарадкі. Гэта ж дурдом цэлы”.

Карэспандэнт: “А чаму?”

Кабета: “Ну, навошта яны? Во, колькі стаіць дамоў. Што нельга падрамантаваць? І што яны хочуць — сесьці ва ўсё гатовае? Такога не было. Ні тады, калі нашыя бацькі стараліся. І мы гэтаксама дабіваліся. Хай бы і яны дабіваліся”.

Карэспандэнт: “Я хаджу па вёсках. Хаця б аднаго чалавека сустрэць, які сказаў што добрае пра праграму аграгарадкоў”.

Кабета: “Я чытала пра Лукашэнкаву Александрыю, вёску, дзе ён нарадзіўся. Там жыве чатырыста чалавек. Пабудавалі басэйн на 220. Ну, навошта там гэта будаваць? Гэта ж нашы грошы, нашы. Дурдом. Каму гэта трэба? А там такія ж п’яніцы, як і ўсюды. Карэспандэнт паехала — і што яна ўбачыла? Як і ўсюды. П’юць і тое самае робяць”.

Карэспандэнт: “У вас ёсьць зайздрасьць да Александрыі, што ім басэйн пабудавалі?”

Кабета: “Мне вунь гара — і болей нічога ня трэба. Я давольная, зазелянее — і пайшоў. Карову падаю, малака пап’ю, і давольна”.

Карэспандэнт: “Народ вясковы Лукашэнку любіць ці баіцца?”

Кабета: “Чаго нам яго баяцца? Нам Бога толькі баяцца трэба. А яго мы не баімся. Хто ён нам? Ён нам ніхто. Бога баяцца трэба, мы ад Бога завісім. А Лукашэнка хто нам? Ён ніхто. Мы яго выбралі. Хай сядзіць там, калі хоча. А ня хоча, хай злазіць”.

Як незаўважна, але няўхільна мяняюцца палітычныя густы нашых пэнсіянэраў. Яшчэ пару гадоў таму ў мяне была праблема знайсьці ў вёсцы якога крытыка сёньняшняй уладнай палітыкі. Сёньня я зь ня меншым імпэтам шукаю шчырых прыхільнікаў рэжыму. Зь цяжкасьцю, але знаходжу.

Былая выкладчыца беларускай мовы й дырэктарка зачыненай Дайноўскай базавай школы, 70-гадовая спадарыня Вера лічыць, што Лукашэнка — больш дабро, чым зло. Яе рацыя вельмі простая. Абодва яе сыны-афіцэры даўно жывуць за межамі Беларусі. Адзін на Камчатцы, дргуі ў Кыргызстане.

Дайнава, Валожынскі раён

Вера: “Чатырнаццаць гадоў не была мая нявестка з Камчаткі. Чатыры гады таму назад яна прыяжджала зь дзецьмі. Як яна паглядзела на Беларусь і параўнала з Расеяй... Яна казала: “Вы ня ведаеце, якія вы шчасьлівыя, вы ня ведаеце, як вы жывяце, вы ня ведаеце, што творыцца на Камчатцы. Дзяржаўнага флёту зусім няма. Толькі фірмачкі. А фірма так — схадзілі, зарплату ў капэрце, на пэнсію адпраўляюць капітанаў у пяцьдзясят гадоў. Яна кажа: “Як я ўжо села ў цягнік і паглядзела на палі. Гэта ні ў якае параўнаньне. Вы ня ведаеце, дзе вы жывяце”.

Да тае пары, пакуль Беларусь будуць параўноўваць выключна з Расеяй, нашае жыцьцё будзе здавацца раем зямным.

Вера: “Я настолькі расчараваная ў Расеі. Гэта такая багатая краіна. Усё прадалі, мільярдэры, мільянэры — звар’яцець можна. І цяпер дыктуюць усяму сьвету, нічога ня выйдзе. Пуцін — гэта такая размазьня. Я не кажу, што Лукашэнка ідэальны. Не ідэальны. Але. Але”.

Карэнны дайновец, саракагадовы Алесь, настаўнічае ў суседняй вёсцы. У Вялікую Дайнаву прыяжджае кожныя выходныя адведаць сваякоў. Праходзячы з Алесем паўз панылы, зарослы пустазельлем, з павыбіванымі шыбамі будынак школы, мы разгаварыліся пра школу сёньняшнюю.

Карэспандэнт: “Ці мае плён ідэалягічная апрацоўка моладзі? Наколькі яна паддаецца гэтай апрацоўцы?”

Алесь: “Ведаеш, усе гэтыя акцыі, усе гэтыя імпрэзы, яны таксама падаюцца пад такім... “За Беларусь”, “За незалежную Беларусь”. Мы зь сябрамі сьмяяліся. Калі б ня гэтыя страшаньні, ніхто б ня ведаў пра 25 сакавіка. Той, хто нават ня ведаў, што гэта за дата, дык ён падумае, што гэта такое. Калі ён ня зломак, возьме нейкую кнігу, паглядзіць, пачытае.

Тым больш, у наш час не праблема ўсё гэта знайсьці. Наадварот — абвастраецца цікаўнасьць да гэтага. Нейкі адваротны эфэкт атрымліваецца, і людзі пачынаюць цікавіцца гэтай датай”.

Дзьве старыя жанчыны на выхадзе зь вёскі глядзяць на нас з сумам у вачах.

Дайнава, Валожынскі раён

Карэспандэнт: “Дык што будзе з Дайнавай гадоў праз дваццаць?”

Старая: “Маё ты дзіцятка, тут дваццаць ня трэба. Празь пяць. Пуста будзе празь пяць гадоў”.

Адна падзялілася новай праблемаю. Баіцца, што неўзабаве хату забяруць за капейкі.

Старая: “Нейкі Лукашэнка закон прыдумаў, што праз тры гады, як памру, забіраць. Бо толькі бур’ян расьце. А якое ён мае права? Ды задарма, мінімальную трыццаць дзьве тысячы даць за хату, і ўсё. Падманваюць нас усё жыцьцё. Штосьці забыўся ў гэтым годзе, пэнсію не дабаўляе”.

Карэспандэнт: “А што зь ім рабіць, з Лукашэнкам?”

Старая: “А чорт яго знае, што зь ім рабіць. Будзем дажываць пры ім. Пяць гадоў, пакуль ён адбудзе, і мы пойдзем”.
XS
SM
MD
LG