Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорскім КДБ дапытваюць маладафронтаўцаў


Любоў Лунёва, Менск Сёньня супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі дапытвалі актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” у Салігорску. Вучняў забіралі са школаў і адвозілі на допыты. Сьледчых цікавіла колькасьць актывістаў, структура салігорскай філіі “Маладога фронту”, а таксама дзейнасьць некаторых рэгіянальных актывістаў арганізацыі.

Супрацоўнікі КДБ наведаліся ў тры салігорскія школы і ПТВ. Спачатку на допыты забралі вучня школы №11 Максіма Хаміцэвіча і навучэнца будаўнічага ПТВ Зьмітра Яфімовіча. Потым з чацьвертай школы — Рыгора Астапеню і Сержука Ткачука.

Хлопцы распавялі, што сацыяльны пэдагог падказвала сьледчым, каго, на яе думку, яшчэ можна выклікаць з вучняў. З чатырох прапанаваных настаўніцай забралі таго, хто меў значок “За свабоду”.

Кіраўнік салігорскай філіі “Маладога фронту” Іван Шыла, які вучыцца ў гэтай школе, распавёў “Свабодзе”, што сацыяльны пэдагог назвала прозьвішчы вучняў, якія зь ім найбольш кантактуюць.

Іван лічыць, што сьпіс маладафронтаўцаў, якіх дапытаюць у справе “Маладога фронту”, павялічыцца.

“Cупрацоўнікі КДБ папросту “распрацоўваюць” салігорскую філію “Маладога фронту”: выклікаюць на допыты позвамі, прыяжджаюць у школы й забіраюць навучэнцаў з заняткаў. Дапытваюць тых хто, па-першае, зьяўляюцца сябрамі “Маладога фронту”, па-другое, удзельнічаюць ва ўсіх апазыцыйных акцыях у Менску і тут у Салігорску.

Я думаю, што тут усё зьвязана з тэлефоннымі размовамі. Выклікаюць тых, хто найчасьцей кантактуе са мной па тэлефоне. Я не выключаю, што да вечара гэты сьпіс будзе павялічаны і больш за дзясятак чалавек дапытаюць у Камітэце дзяржбясьпекі”.

У другой палове дня з урокаў забралі вучняў школы №3 Андруся Тычыну і Зьмітра Бараноўскага.

Рыгор Астапеня пасьля допыту паведаміў “Свабодзе”, што сьледчыя цікавіліся дзейнасьцю салігорца Івана Шылы, а таксама рэгіянальных актывістаў Насты Азаркі, Дзяніса Карнова і Паўла Красоўскага.

“Запытвалі, якое я дачыненьне маю да дзейнасьці “Маладога фронту”. Цікавіліся структурай. Мяне дапытвалі пра дзейнасьць маіх паплечнікаў, сяброў “Маладога фронту” Івана Шылы, Дзяніса Карнова, Насты Азаркі й Паўла Красоўскага. Я не выключаю, што гэтую справу хутка перададуць у суд і будзе новая хваля рэпрэсіяў супраць моладзевых актывістаў”.

Іван Шыла не выключае, што неўзабаве ў суд могуць накіраваць крымінальныя справы супраць рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту”.

У судзе Савецкага раёну Менску знаходзіцца справа супраць менчукоў Насты Палажанкі, Барыса Гарэцкага, Зьмітра Хведарука й Аляксея Янушэўскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG