Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Сініцын: Далучэньне Беларусі да Расеі — гэта “зайчык у матрошцы”


Ганна Соўсь, Менск У Расеі й Беларусі абнародавалі “Менскі маніфэст беларуска-расейскага яднаньня”. Яго аўтары — былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын і трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч. Абодва лічаць, што адзіны рэальны спосаб беларуска-расейскага яднаньня — уваходжаньне Беларусі як сувэрэннай дзяржавы ў склад Расеі на правах асацыяванага суб’екту.

У інтэрвію “Свабодзе” былы кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Леанід Сініцын тлумачыць выхад маніфэсту тым, што пабудова саюзнай дзяржавы фактычна спынілася.

Адзіны рэальны спосаб беларуска-расейскага яднаньня, паводле Леаніда Сініцына, гэта ўваходжаньне Беларусі ў якасьці сувэрэннай дзяржавы ў склад Расейскай Фэдэрацыі на правах асацыяванага суб’екту.

Як адзіную валюту на тэрыторыі саюзнай дзяржавы аўтары маніфэсту прапануюць расейскі рубель. Беларускія газа- і нафтаправоды яны лічаць патрэбным перадаць ва ўласнасьць саюзу.

Гаворыць сустаршыня зарэгістраванага ў Расеі фонду сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва Леанід Сініцын:

“Гэта заклік да разумнай палітыкі, найперш да беларусаў. Калі яны спакойна паглядзяць на тое, што прапануецца, то змогуць атрымаць стабільную будучыню й дабрабыт для сябе й сваіх нашчадкаў, калі ўсё гэта рэалізуецца”.

Карэспандэнтка: “У складзе Расеі?”

Сініцын: “Як асацыяваны суб’ект. Канструкцыя складаная. Як сказаў адзін разумны чалавек, гэта “зайчык у матрошцы”. Такі падыход дазволіць атрымаць тое, чаго чакалі і Расея, і Беларусь ад саюзнай дзяржавы. І пры гэтым ніхто нічога не губляе”.

Некаторыя расейскія мэдыі, камэнтуючы маніфэст, канстатавалі: “Зьявілася прарасейская апазыцыя Аляксандру Лукашэнку”. Леанід Сініцын пярэчыць:

“Мы не разглядаем гэта як нейкую апазыцыю. Мы лічым, што гэта пазыцыя. Зь іншага боку, гэта падказка аднаму прэзыдэнту і другому. Гэта пазыцыя яшчэ 1994 году, калі мы з Аляксандрам Лукашэнкам займаліся барацьбой за ўладу, зьяўляючыся апазыцыяй.

Потым гэтая пазыцыя крыху трансфармавалася ў кожнага ў сьвядомасьці па-свойму. А.Лукашэнка вырашыў будаваць саюзную дзяржаву праз Канстытуцыйны акт. А мы не ідзем у канстытуцыйнае поле, мы вырашаем усё ў рамках закону”.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня Ўладзімер Парфяновіч перакананы: Беларусь захавае свой сувэрэнітэт у складзе Расеі.

“Дзяржава застанецца. У ААН застаецца, і нацыянальная каманда застаецца — усё тое, што ёсьць у дзяржавы. Гэта адкрытая пазыцыя дзеля таго, каб выказаліся прэзыдэнты абедзьвюх краінаў”, — кажа Парфяновіч.

“Ці былі ўжо рэакцыі ў Расеі на маніфэст?”

“Такія ж, як і ў Беларусі, вельмі станоўчыя. Толькі людзі баяцца выказацца. Баяцца падпісацца. Вы давайце, хлопцы, наперад, а мы за вамі ціхенька...” — адказвае Парфяновіч.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што Ўладзімер Парфяновіч і Леанід Сініцын зыходзяць з таго, што Расея будзе выпрацоўваць новую стратэгію й шукаць палітычныя структуры ці асобаў, здольных гандляваць Беларусьсю.

“Леанід Сініцын мае рэпутацыю махровага палітычнага бізнэсоўца. Гэта спроба заняць нішу з тых, хто і як за больш нізкую цану прадасьць Беларусь. Гэта даволі цынічна й адкрыта. Калі разглядаць па сутнасьці зробленыя прапановы, то яны супярэчаць адна адной.

Ня можа быць ніякага сувэрэнітэту ў складзе Расейскай Фэдэрацыі. Расея — гэта краіна, якая збудаваная на прынцыпе фэдэралізму. І зрабіць нейкі новы статус сувэрэннасьці для Беларусі — гэта значыць, стварыць праблемы ўнутры Расеі”.

• "Яднацца з Расеяй" на Бангалор прыйшлі каля дзясятка чалавек

Уладмімер Парфяновіч (нар. 1958 ) – алімпійскі чэмпіён у веславаньні, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, уваходзіў у групу “Рэспубліка”. Летам 2004 году разам Сяргеем Скрабцом і Валерыем Фраловым удзельнічаў у галадоўцы пратэсту супраць недэмакратычнага выбарчага заканадаўства. У 2005 годзе выступіў супраць будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі.




Леанід Сініцын (нар. 1954 ) да абраньня дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ў 1990 годзе працаваў у Магілеўскім абкоме камуністычнай партыі. У 1994 годзе ўзначаліў перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Быў першым кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі, віцэ-прэм’ерам ураду. Адзін з ініцыятарам рэфэрэндуму 1995 году аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцягу і гербу “Пагоня” у якасьці дзяржаўных сымбаляў, скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Адзін з кіраўнікоў апэрацыяй па “выдаленьню” дэпутатаў Апазыцыі БНФ з залі Вярхоўнага Савету ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 г. У ліпені 1996 году падаў у адстаўку з пасады віцэ-прэмьера ў знак нязгоды з эканамічнай і сацыяльнай палітыкай Лукашэнкі. У 2001 выступіў за прызнаньне легітымнасьці Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня, вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты, але не сабраў належную колькасьць подпісаў. Абскарджваў рашэньне Цэнтравыбаркаму у Камісіі правоў чалавека ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG