Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Парайце гэтаму Фралову, няхай вучыць беларускую мову, а потым ужо ў палітыкі”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 2 траўня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Павел Васілевіч, Менск: “У Дзень сьвята працы віншую свайго сына па ўзросту Аляксандра Казуліна як аднаго з найлепшых працаўнікоў з малых гадоў у розных сфэрах грамадзкага жыцьця. Улада сфальсыфікавала яго пад цэтлік хулігана, трымае, забівае яго ў турме, як сапраўднага апазыцыянэра. Свабоду Казуліну!”

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. Цікава, чаму гэта Вы Фралова называеце палітыкам? Ну, быў ён раней такім назначэнцам ды дэпутатам, тады можна было так казаць. А цяпер які палітык? У партыі нейкую пасаду займае, бо ўлез, недзе трэба было ўладкавацца. Ну тое, што ён пэнсіянэр, спрошчвае яму гэту працу, ня трэба думаць пра кавалак хлеба. А які зь яго палітык, мы ўжо бачылі, калі яна хацелі сабраць сваё “войска” на Бангалор. І колькі там сабралася яго прыхільнікаў? Бурбалка гэты Ваш Фралоў, а не палітык. Таму што калі Кароль той доўга і ўпарта, па-беларуску размаўляе. Парайце гэтаму Фралову, няхай вучыць беларускую мову, а потым ужо ў палітыкі. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Вось я выказваю меркаваньне. У краіне свабоды і дэмакратыі Эстоніі, пра дэмакратыю якой “Свабода” так перажывае, паліцыя самым жорсткім чынам разагнала дэманстрантаў, пабіўшы 60 чалавек, сотні арыштаваных, адзін чалавек забіты. Прымянілі вадамёты, гранаты са сьлезацечным газам. І ўсё гэта як мае быць. “Свабода” двума словамі толькі абышла. Трэба было ў Менску на дзьве хвіліны дваіх дэманстрантаў завесьці ў машыну, ужо цэлы тыдзень без перапынку 15-20 хвілін бубняць”.

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”. Першае траўня адзначаецца ў Беларусі як дзяржаўнае сьвята. А навошта яно, калі людзі жывуць у страху, баяцца сказаць праўду і бараніць сябе? І сорамна, непрыстойна, што ў нашай краіне ёсьць палітзьняволеныя, нярэдка, як нам гэта даводзяць, за абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта. Праваабаронца Кацярына Садоўская, сталая, хворая жанчына, таксама там. Што гэта за гонар і годнасьць яго такія, што, каб іх даказаць, трэба кідаць людзей за краты?!

Можна сказаць пра гонар прэзыдэнта Юшчанкі, які далікатна, прыгожа і, галоўнае, з павагай гаворыць на роднай мове сваёй Украіны, а не на мове чужой дзяржавы. Справа з палітзьняволенымі ў Беларусі ператвараецца ў пытаньне гандлю з Захадам, Эўропай. Крадзенымі коньмі раней гандлявалі на рынку больш прыстойна. Дзякуй. Усяго найлепшага ў працы”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Я вельмі ўсьцешаны, што прынята рэзалюцыя наконт злачыннага кантракту і злачыннай кантрактнай сыстэмы. За гэта трэба толькі судзіць міжнародным трыбуналам і даваць самыя вялікія тэрміны ўсім тым, хто задзейнічаны і хто творыць гэтыя бясчынства, шкодзячы сваёй краіне, свайму народу. Вялікі дзякуй”.
XS
SM
MD
LG