Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Як жыць у кватэры, атручанай аўтамабільным чадам?..”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 2 траўня 2007 году

Заява расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна пра магчымасьць мараторыя на ўдзел Расеі у дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе выклікала вялікі розгалас у сьвеце. Раней многія расейскія палітыкі выказваліся супраць разьмяшчэньня амэрыканскіх супрацьракетных радараў у Чэхіі і Польшчы. Ці ня ёсьць гэта пачаткам новай гонкі узбраеньняў? – непакояцца многія нашы слухачы ў сваіх лістах на Свабоду.

Эдвард Зяновіч зь Ліды свой ліст напісаў якраз пад уражаньнем ад такіх пратэстаў расейскіх палітыкаў. Слухач піша:

“Хачу падзяліцца сваімі думкамі на гэты конт з вашым радыё, бо зь іншымі СМІ не падзелісься. Расейскія пратэсты мяне зьдзіўляюць. Усім жа вядома, супраць каго накіраваны гэты шчыт – супраць шалёных ракет рэжымаў-ізгояў, якія гатовы на ўсё. І зразумела, што неабходна бараніцца. Асабліва трэба бараніць атамныя электрастанцыі, каб не дапусьціць другога Чарнобыля. Мы гэтага ўжо ўдосталь надыхаліся і нацярпеліся – з нас хопіць. Вартаўнік з аўтаматам Калашнікава АЭС не абароніць, а супрацьракетная сыстэма, я думаю, абараніць можа.

Масква шмат гаворыць, што ў такім разе парушыцца балянс сілаў у Эўропе. Ды ён парушаны ўжо год дваццаць – з таго самага моманту, калі немец Руст на сваім спартыўным самалёце пераляцеў усе расейскія кардоны і прызямліўся ледзь не ў Крамлі. Пасьля таго шмат генэральскіх пагонаў трапіла ў кошык для сьмецьця. Думаю, правільна зробяць Польшча і Чэхія, калі будуць бараніць Эўропу (а адначасова і нас з вамі) ад другога Чарнобылю. А Беларусь іх у гэтай справе павінна толькі падтрымаць”,
--

гэтак лічыць Эдвард Зяновіч зь Ліды.

Беларусь, спадар Зяновіч, застаецца ў полі цеснай вайсковай і палітычнай залежнасьці ад маскоўскага Крамля. І таму не выпадае разьлічваць на тое, што беларускае кіраўніцтва раптам, насуперак пазыцыі Масквы, падтрымае разьмяшчэньне ў Цэнтральнай Эўропе элемэнтаў супрацьракетнай абароны. Расея ня верыць, што сыстэма накіраваная ня супраць яе, а ствараецца дзеля перахопу магчымых ракет такіх краінаў, як Іран альбо Паўночная Карэя. Апошнія заявы расейскага кіраўніцтва на гэты конт сьведчаць пра тое, што яна ўвогуле гатова кардынальна перагледзець сваю палітыку ў галіне ўзбраеньняў, зноў, паводле прыкладу Савецкага Саюзу, зрабіўшы стаўку на нарошчваньне сілы.

Беларусь у такім разе можа зноў ператварыцца ў вайсковы палігон Расеі і пляцоўку для разьмяшчэньня яе ракетных ды іншых базаў – гэтак, як было за камуністычным рэжымам. Бясьпекі самой Беларусі гэта зусім не дадасьць. Наш слухач Генадзь Губарэвіч зь Менску свой ліст напісаў, пачуўшы па Свабодзе тэлефанаваньне адной слухачкі, якая была вельмі абнадзеена тым фактам, што на сваю апошнюю прэсавую канфэрэнцыю прэзыдэнт Лукашэнка запрасіў прадстаўнікоў некаторых недзяржаўных мэдыяў. У Генадзя Губарэвіча да гэтай праблемы іншае стаўленьне. Ён піша:

“Радасьць слухачкі зразумець можна, а вось надзею – ня вельмі. Напэўна, яна проста ня надта ўважліва слухала адказы Лукашэнкі. Ён жа без усялякай дыпляматыі і юрыдычнай казуістыкі сказаў фактычна наступнае: будзеце яго крытыкаваць – дабра не чакайце; будзеце паслухмянымі – ніякіх праблемаў ня будзе. Па-мойму, тут усё ўсім ясна.

Увогуле, для мяне дзіўна: на чыю прэсавую канфэрэнцыю прыходзілі прадстаўнікі тых самых незалежных СМІ, якія ня лічаць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам (прычым, заўважу, ня лічаць, відавочна, абгрунтавана). Журналістаў Свабоды там, падобна, не было. Цікава: самі не захацелі ці ня пусьцілі?”,


напісаў у сваім лісьце на Свабоду Генадзь Губарэвіч зь Менску.

Лічыць ці ня лічыць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам – справа палітыкаў, а ня сродкаў масавай інфармацыі, спадар Губарэвіч. Аляксандар Лукашэнка на сёньня – рэальны кіраўнік дзяржавы з мала чым абмежаванай уладай. Фактычна толькі ён вызначае палітычны курс Беларусі. І ў гэтым сэнсе для журналістаў (незалежна ад таго, якую пазыцыю яны займаюць) такія прэсавыя канфэрэнцыі – цікавыя і значныя. Таму Свабода таксама спрабавала акрэдытаваць там свайго карэспандэнта. Але ў акрэдытацыі нам было адмоўлена.

Наш слухач Георгі Крупскі з Полацку ўжо ня першы год спрабуе адстойваць сваё права на экалягічна чыстае асяродзьдзе. Прычынай для шматлікіх заяваў у розныя інстанцыі стала аўтамабільная стаянка пад вокнамі шматкватэрнага дома, ў якім ён жыве. Слухач піша:

“Як жыць у кватэры, ахопленай з усіх бакоў аўтамабільным чадам – без неабходнай зялёнай зоны паміж будынкам і праезнай часткай? Практычна заклалі экалягічную бомбу запаволенага дзеяньня з утварэньнем “ракавых” кватэр. Паводле дадзеных навукоўцаў ЗША, у падобных кватэрах людзі болей за 12 год ня жывуць. А што будзе з маімі ўнукамі, якім 8-10 гадоў?

Калектыўны падман цяпер у модзе. Ён як ракавая пухліна ўрос у дзяржаўную структуру Рэспублікі Беларусь. Куды ні зьвяртаюся – адны адпіскі: маўляў, усё ў вас у парадку: адлегласьць ад будынка да пляцоўкі – шэсьць з паловай мэтраў, а гэта адпавядае норме.

Прыехаў з абласной управы маёр міліцыі і кажа: “Ня будзеце пісаць лісты аб экалёгіі – заменяць вам вокны на шклопакеты”. Я пагадзіўся і напісаў просьбу на імя старшыні гарвыканкаму. А фактычна гэта аказалася правакацыяй”.


Да свайго ліста Георгі Крупскі прыклаў вялікі стос афіцыйных папераў – сваю перапіску з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі. Ёсьць тут і адказ з гарвыканкаму, у якім просьба пра шклопакеты адхіляецца на той падставе, што мяняць вокны ўладальнікі кватэраў паводле дзейнага заканадаўства павінна за ўласны кошт.

Ня толькі ў Вашым, спадар Крупскі, двары, і ня толькі ў Полацку – фактычна ва ўсіх буйных беларускіх гарадах ў раёнах, забудаваных шматкватэрнымі дамамі, зусім не спрыяльная экалягічная сытуацыя. Будаваліся гэтыя раёны пераважна ў савецкі час, калі прыватны аўтамабіль быў раскошай і праблемаў з паркоўкай не было. Адпаведна, двары праектаваліся бяз уліку таго, што большасьць насельнікаў дому будуць мець уласныя аўто. Двары гэтыя вузкія, цесныя, прыпаркавацца там, не заехаўшы на зялёную зону, часам проста немагчыма. І хуткага рашэньня гэтай праблемы, хутчэй за ўсё, няма. Выйсьце – падземныя паркінгі і шматпавярховыя гаражы, але ці могуць сабе іх дазволіць беларускія грамадзяне са сваімі больш чым сьціплымі даходамі пры цяперашніх коштах на нерухомасьць?

Аўтар наступнага ліста – Мікалай Лукашэвіч зь вёскі Вычулкі Берасьцейскага раёну. Нядаўна слухач сутыкнуўся з праблемай ва ўзаемадачыненьнях з дзяржаўтаінспэкцыяй і страхавой кампаніяй. Цытую ліст:

“Здарылася гэта 25-га сакавіка. Паставіў машыну на стаянцы. Вярнуўся – схапіўся за галаву. Пакуль хадзіў у краму, маю машыну нехта стукнуў. Вінаваты зь месца здарэньня ўцёк.

Ведаю, ёсьць відэазапіс усіх аўтамабіляў, якія заяжджалі і выяжджалі са стаянкі ў той час. Ёсьць сьведкі. Але міліцыя ўсіх запалохвае і піша, што вінаватых няма, а значыць, і страхоўку я не атрымаю. Хаця, калі страхаваўся, мне было сказана адназначна: калі ў здарэньні буду вінаваты не я, то страхоўку атрымаю. Вось я і думаю, што трэба было б прыдумаць такую страхоўку, каб ад улады застрахавацца”,--


-- напісаў у сваім лісьце на Свабоду Мікалай Лукашэвіч зь вёскі Вычулкі Берасьцейскага раёну.

Цяжка зразумець матывы тых міліцыянтаў, якія, як Вы, спадар Лукашэвіч, сьцьвярджаеце, запалохваюць сьведкаў ды ігнаруе відэазапіс правапарушэньня. Можа, усё ж ёсьць і нейкія іншыя дэталі, пра якія Вы не паведамляеце? У кожным разе, дзеяньні міліцыянтаў у гэтым выпадку можна абскардзіць праз суд.

На заканчэньне – ліст, які пакіну бэз камэнтароў.

Нам піша Яўгенія Казлова з Воршы:

“Наша шматпакутная гісторыя не пакідае мяне абыякавай. Для мяне вельмі дарагія гістарычныя кнігі Кастуся Тарасава, Міколы Ермаловіча, Уладзімера Арлова, Янкі Запрудніка, а таксама зборнік “150 пытаньняў і адказаў па гісторыі Беларусі”. Вось разгарнула кнігу чарговы раз – і перада мной фотаздымак мужнага барацьбіта за незалежнасьць Беларусі Юркі Лістапада, а таксама расповед пра яго кароткае і яркае жыцьцё. Пасьля прачытанага ў мяне ў галаве пачалі складвацца вершаваныя радочкі:

“…Ды лёс шматпакутны ліцьвінскі Спагады, падтрымкі ня даў. І кат утрапёны чужынскі У ГУЛАГу хлапца расстраляў…”,–


– напісала ў сваім вершаваным творы Яўгенія Казлова з Воршы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG