Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідзе вяртаюць Леніна і абяцаюць Гедыміна


Сяргей Астраўцоў, Ліда У Лідзе амаль год не было помніка Леніну, які дэмантавалі. Але гэтымі днямі рабочыя робяць пастамэнт для статуі, праўда, не на пляцы, дзе яна стаяла раней, а ў падворку. Тым жа часам улады маюць намер паставіць перад Лідзкім замкам конную статую князя Гедыміна.

Ліду нядаўна наведала літоўскі Генэральны консул з Горадні Дайва Мацкувене. Старшыня райвыканкаму Андрэй Худык спрабаваў зацікавіць яе плянамі стварэньня бронзавага помніка Гедыміну, маўляў, мясцовым уладам не хапае на яго грошай. У кабінэце лідзкага кіраўніка, дарэчы, стаіць мадэль помніка.

Мы сустрэліся са Станіславам Суднікам, які выдае ў Лідзе газэту “Наша Слова” і ўсё ведае наконт гарадзкіх помнікаў — цяперашніх і будучых.
С.Суднік: “Ініцыятыву па ўстаноўцы помніка Гедыміну падтрымліваюць усе”
“Калі з прэсы мясцовай стала вядома, што плянуецца зноўку ўстаноўка помніка Леніну, то ўзьнікла грамадзкая ініцыятыва па зборы подпісаў супроць гэтага... Што тычыцца помніка Гедыміну, то справа зараз палягае ў наступным: ініцыятыву па ўстаноўцы помніка Вялікаму князю Гедыміну, заснавальніку горада Ліды, падтрымліваюць усе — што грамадзкасьць, што ўлады, ніхто ня супраць, выкананы макет коннага помніка, нават адліты ў бронзе. Нават літоўская суполка лідзкая гарантавала, што прафінансуе пастамэнт пад гэты помнік. Але справа палягае ў наступным: помнік Гедыміну — гэта не местачковая справа, ён павінен ставіцца пасьля альбо рэспубліканскага альбо міжнароднага конкурсу”, – расказвае Суднік.

Станіславу Судніку хочацца, каб ў Лідзе зьявіўся помнік Гедыміну, і таму настроены ён даволі аптымістычна.

“Каб паставіць яго, дастаткова сёньня, мне здаецца, афіцыйнага рашэньня райвыканкаму, таму што фактычна ўзгадненьні з усімі зацікаўленымі структурамі і органамі ўлады пройдзеныя — нібыта ніхто ня супраць — аблвыканкам, унівэрсытэт культуры. Акадэмія навук адказала так: а як паглядзіць на гэта Літва? Вось цікава — як паглядзіць Літва? Літва, напэўна, падтрымае”.
В.Руды: “Гэта той жа самы Ленін, які “пайшоў па швах”
Лідзкі архітэктар Віктар Руды працуе на пасадзе нядаўна, таму ня мог адразу дакладна распавесьці пра сытуацыю з помнікам Гедыміну. Але пра ленінскі помнік ён ведаў значна болей:

“Гэта той жа самы Ленін, што стаяў на плошчы. Ён быў адрамантаваны і будзе пастаўлены наноў. Там разышліся швы мацаваньняў, калі яго ссунулі, ён “пайшоў па швах”, але ўсё цяпер папросту будзе зроблена наноў”.

Былы галоўны архітэктар раёну Сяргееў расказваў мне, што ленінская статуя — гэта сэрыйны выраб 50-х гадоў. Калі яе дэмантавалі, яна ледзь не рассыпалася. Атрымалася, што Сяргееў зьняў Леніна, а пазьней застаўся бяз працы. У райвыканкаме мне паведамілі, што ён “звольніўся і сядзіць дома”.



На здымку: помнік князю Гедыміну мяркуюць паставіць перад замкам, які ён заснаваў у 1323 годзе.
XS
SM
MD
LG