Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дасягнутыя мэты цэнтралізаванага тэставаньня?


Іна Студзінская, Менск Другога траўня ў Беларусі стартуе ўступная кампанія. Ад сёньня пачынаецца рэгістрацыя абітурыентаў для праходжаньня цэнтралізаванага тэставаньня.

Кардынальных зьменаў у арганізацыі і правядзеньні цэнтралізаванага тэставаньня ня будзе, бо “Правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы”, як паабяцалі чыноўнікі Міністэрства адукацыі, цягам бліжэйшых пяці гадоў ня зьменяцца.

Непрадузятасьць і аб’ектыўнасьць?

Цэнтралізаванае тэставаньне, паводле задумы чыноўнікаў, мела дзьве асноўныя мэты: непрадузятасьць і аб’ектыўнасьць ацэнкі ведаў. Але, як лічаць выкладчыкі ВНУ, часьцяком так не атрымліваецца. Летась усе СМІ пісалі пра хлопца з Воршы, які набраў фантастычныя балы і не прайшоў у Лінгвістычны ўнівэрсытэт, бо ўсё бюджэтныя месцы былі аддадзеныя сельскім абітурыентам ды ільготнікам.

“Тут вельмі складаная сацыяльная сытуацыя, калі вельмі шмат пагрозаў, і ад іх адным шчытом не абаронісься. Ёсьць, канешне, праблема хабарніцтва, залічэньня студэнтаў па сваяцкіх сувязях... А з другога боку, чалавек вельмі творчы, які мае свае, спэцыфічныя, але надта карысныя і для прафэсіі, і для сваёй спэцыялізацыі, і наагул, для грамадзтва веды, якасьці – такі чалавек ня пройдзе”, – гаворыць выкладчык філязофіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Аляксей Бацюкоў.

Роўна месяц даецца абітурыентам, каб падаць дакумэнты для праходжаньня тэставаньня. Пункты рэгістрацыі будуць працаваць ад 8-й да 20-й штодня, акрамя нядзелі, да 1 чэрвеня. У пункт рэгістрацыі абітурыент павінен зьявіцца асабіста з пашпартам, пасьведчаньнем уцекача альбо відам на жыхарства.

Само тэставаньне будзе праходзіць з 12 па 20 чэрвеня па 11-ці агульнаадукацыйных прадметах. Для абітурыентаў, якія ня змогуць узяць удзел у тэставаньні з паважнай прычыны ў гэты тэрмін, вызначаны рэзэрвовы дзень – 4 ліпеня.

Колькасьць бюджэтных месцаў скарочаная

Яшчэ адна адметнасьць сёлетняй прыёмнай кампаніі – на 700 месцаў скарочаная колькасьць бюджэтных месцаў. Хаця, кажа старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч: “Калі вы паглядзіце ў Закон аб адукацыі, там ёсьць выраз: “Забараняецца ў ВНУ скарачаць колькасьць бюджэтных месцаў за кошт павелічэньня платных месцаў”.

Але на некаторыя вельмі папулярныя спэцыяльнасьці суадносіны бюджэтных і платных месцаў дасягаюць адзін да сямі.

Гл. таксама

• Магчымасьці для бясплатнай адукацыі зьмяншаюцца
XS
SM
MD
LG