Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч запрошаны ў Варшаву з нагоды супольнага сьвята


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве адбудзецца ўрачыстае паседжаньне польскага Сэйму з нагоды нацянальнага сьвята Польшчы – гадавіны прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня. Адначасова такое ж паседжаньне адбудзецца і ў Вільні – у літоўскім Сойме.

Да ўдзелу ва ўрачыстасьцях у Варшаве запрошаныя прадстаўнікі Беларусі, але не афіцыйнага парлямэнту, а апазыцыі – у Сэйме будзе Аляксандар Мілінкевіч.

“Тут ёсьць відавочнае сымбалічнае значэньне. Гэта гадавіна прыняцьця канстытуцыі Рэчы Паспалітай абодвух народаў, якая была ўхваленая прадстаўнікамі Польшчы і гістарычнай Літвы, у склад якой, як вядома, уваходзілі і цяперашнія беларускія землі. Гэта нас аб’ядноўвае зь цяперашняй Беларусьсю. Мы – разам”, – гаворыць старшыня дэпутацкай Групы салідарнасьці зь Беларусьсю Робэрт Тышкевіч.
Трэцяга траўня 1791 году Сойм Рэчы Паспалітай зацьвердзіў Канстытуцыю – першую ў Эўропе, другую ў сьвеце і апошнюю для супольнае дзяржавы Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Тагачасныя беларусы жылі паводле гэтай канстытуцыі да захопу беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй.
XS
SM
MD
LG