Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 1 траўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На сайце “Наша Ніва” абмяркоўваюць удзел беларускіх музыкантаў у першатравеньскім мітынгу апазыцыйных да ўлады камуністаў: "Таварыш Маўзэр", Кроў, Зьміцер Бартосік засьпявалі на пляцы Бангалор. Камэнтары:

Музыкант Кроў: “Камуняк я на дух не перанашу, а выступіць іду не для іх, а для слухачоў, якія прыйдуць. Ці можа ў нас зараз так шмат магчымасьцяў каб "на людзей паглядзець і сябе паказаць"?!;

Наведнікі: “Першамай і Бангалор – гэта iх сапраўдная стыхiя”;

“Гэта несумленна – выступаць з фігай у кішэні”;

“Кроў зь іншымі гуртамі дапамагаюць сабраць больш народу на мітынг”;

"Да чаго тут камуністы? Гэта дзень салідарнасьці, магчымасьць зноў выйсьці пад нацыянальным сьцягам, прадэманстраваць уладам нашае адзінства”.

Паэт Андрэй Хадановіч дзеліцца ўражаньнямі ад свайго выступу на пляцы Бангалор ў сваім інтэрнэт-дзёньніку: "Дзіўнае адчуваньне – выступаць на сьвяткаваньні Першамаю па першым травеньскім сьнезе. Калі побач бел-чырвона-белае й проста чырвонае (але безь зялёнага). Калі старэнькі генэрал у адстаўцы і сяброўкі-зуброўкі й маладафронтаўкі разам мёрзнуць на адным Багналёры, а саўндтрэкі “Крамы” раз-пораз заглушаюцца жывым духавым аркестрам з савецкім РЭПэртуарам”.

У сеціве зьявіўся новы моладзевы рэсурс Generation.by. Стваральнікі сайту называюць сябе прадстаўнікамі новай генэрацыі Y – “своеасаблівы промень надзеі і спадзеву на лепшую будучыню”. Студэнцкая актывістка Тацяна Хома зьвяртаецца да патэнцыйных аднадумцаў: “Калі вы толькі выпусьціліся з унівэрсытэту, альбо нават, калі вы яшчэ навучаецеся ў 3-м клясе, але ўжо адчуваеце сябе ў згодзе з навакольным сьветам, сваю ўласную свабоду, ведаеце што такое Інтэрнэт і ўмееце ім карыстацца … Вы ніхто іншы як самы сапраўдны прадстаўнік альбо прадстаўніца беларускай Generation Y.” Артыкулы на сайце: “Ці дапамагае ў Беларусі блог пры ўладкаваньні на працу?”, “Як жывуць беларускія студэнты ў інтэрнатах?”, “Ці будзе ліквідаваны факультэт міжнародных адносінаў?” ды іншыя. Таксама працуюць форумы, дзе абмяркоўваюцца надзённыя праблемы маладых беларусаў.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць пляны Польшчы прыбраць з гарадоў сымбалі камуністычнай дыктатуры. Адным зь першых плянуюць прыбраць манумэнт польска-савецкаму братэрству ў варшаўскім раёне Прага. Камэнтары:

“Выкінуць усё саўкова-акупацыйнае, каб і ўспаміну не было! (Пэўную частку перадаць у музэі, як узоры расейскага акупацыйнага таталітарызму)”;

“Лепш жылося б пры фашысцкай акупацыі?”;

“Мне кепска жыць пры любой акупацыі, што расейскай, што фашыстоўскай”.

Пісьменьнік Уладзімер Сьцяпан у сваім сеціўным дзёньніку зьмясьціў калямбур да сьнегападу ў дзень Сьвята працы: “ЗЬ ПЕРШАСЬНЕГАМ, дарагія таварышы!!!”

Наведнік browar_dryhvy падтрымлівае гульню: “Мір, Труд, Сьнег!"

Дасылайце свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG