Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі беларусы атрымліваюць дывідэндаў ад сваіх акцыяў?


Ігар Карней, Менск У красавіку працоўным наваполацкага прадпрыемства "Палімір" налічылі дывідэнды па выніках 2006 году. На адну акцыю атрымалася крыху меней за 30 рублёў.

"На кожную акцыю па пяць рублёў"

Віктар Прусевіч, начальнік кацельнай сумеснай беларуска-кіпрскай фабрыкі “Іўкон”, што месьціцца ў Івянцы распавядае, што працоўныя ў часе прыватызацыі атрымалі акцыі. Хто колькі – у залежнасьці ад стажу працы і пасады.

“Быў сход акцыянэраў і было рашэньне: выплачваць дывідэнды акцыянэрам. На кожную акцыю па пяць рублёў акцыянэрам. Чыста сымбалічна. Але тым самым бачым, што прадпрыемства ня стратнае. Дарэчы, за мінулы год, я ня ведаю, ці былі нават выплаты. Былі толькі аднаразовыя выплаты. Але ў любым выпадку, пяць рублёў на акцыю. Можна падлічыць, што гэта за выплаты. Пяць тысяч, усё ў гэтых памерах”.

"Калі ты ўкладаеш грошы, ты павінен разумець, што рызыкуеш"

Эканаміст Сяргей Балыкін кажа: укладаючы грошы ў любое прадпрыемства, трэба быць падрыхтаваным, што калі-небудзь выплаты могуць спыніцца:

“Набываючы акцыі ці нейкім чынам атрымліваючы іх ва ўласнасьць, кожны чалавек павінен разумець: ён рызыкуе, ён укладае свае грошы ў па сутнасьці прадпрымальніцкае аб’яднаньне, у дзейнасьць. Як увогуле выплачваюцца дывідэнды? Дывідэнды – гэта ж ня грошы, не працэнты, якія плацяць па грашовых укладаў. Гэта грошы, якія застаюцца ў прадпрыемства пасьля атрыманьня прыбытку, сплаты ўсіх падаткаў і інвэставаньня ў разьвіцьцё. Калі ў прадпрыемства ідуць справы кепска, альбо калі прадпрыемства траціць шмат на сваё разьвіцьцё, то і дывідэнды будуць невялікія. А можа іх ня быць увогуле”.

Карэспандэнт: “То бок, укладаючы сродкі, трэба рыхтавацца, што выплатаў увогуле можа ня быць?”

“Гэта ж прынцып любога бізнэсу. Калі ты ўкладаеш грошы, ты павінен разумець, што рызыкуеш. Калі разумна ўкладаеш грошы, то атрымліваеш прыбытак. А калі неразумна, то губляеш гэтыя грошы. Гэта і ёсьць рынкавая эканоміка. Але, на жаль, у нас гэтая рынкавая эканоміка яшчэ неяк адкарэктаваная дзяржавай. І ня ў лепшы бок”.

"Умяшалася дзяржава, улезьлі, спаскудзілі, згадзілі, і ўсё, няма нічога”

Былы кіраўнік саўгасу "Дрыбінскі" Мікалай Юркоў колісь “падпісаўся” на акцыі аднаго з малочных заводаў на Віцебшчыне. Нейкі час таму дзяржава спыніла падтрымку малаказавода. Спадар Юркоў болей дывідэндаў не атрымлівае.

“Тое, што тычыцца сельскай гаспадаркі, то зараз нічога няма. Але ў мяне ёсьць яшчэ ад колішніх часоў акцыі “Прыёрбанку”. Цяпер ня ведаю, як там і што, але леташні і пазалеташні год атрымліваў нядрэнна. Зрэшты ня шмат акцый было, дзесьці каля 600. Але летась, прыкладам, каля 170 тысяч рублёў атрымаў. І гэта ўжо нешта. А так і на тыя акцыі, “малочныя”, калісьці мы атрымлівалі – як быў Дрыбінскі завод, акцыянэрнае таварыства. Ну, а потым умяшалася дзяржава, улезьлі, спаскудзілі, згадзілі, і ўсё, няма нічога”.

Паводле Дзяржаўнага камітэту каштоўных папераў, з 886 акцыянэрных таварыстваў летась з акцыянэрамі разьлічыліся 445. Агульная сума чыстага прыбытку, заробленага рэнтабэльнымі таварыствамі, склала амаль 80 трыльёнаў рублёў. Пры гэтым на выплату дывідэндаў пайшло 4,5 трыльёны рублёў.
XS
SM
MD
LG