Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ — пра руйнаваньне гістарычных помнікаў у Горадні й Менску


Радыё Свабода Сёньня Сойм грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне” прыняў заявы з нагоды разбурэньня гістарычнага цэнтру Горадні, а таксама супраць рэканструкцыі былога касьцёлу сьвятога Язэпа й кляштару бэрнардынаў у Менску.

Сойм прапануе правядзеньне круглых сталоў, публічныя слуханьні, на якіх маюць прысутнічаць адказныя з уладных структураў.

Таксама актывісты аб’яднаньня “Адраджэньне” гатовыя стварыць нацыянальныя грамадзкія камітэты абароны гістарычнага цэнтру Горадні й абароны касьцёлу бэрнардынаў.

Гісторык і геральдыст Анатоль Цітоў выказаў такое меркаваньне:
Анатоль Цітоў: “Такія ляпы робяць, таму што не хапае адукацыі, гістарычнага і эстэтычнага густу”.
“Я думаю, што грамадзкасьць здолее адстаяць ўсе гэтыя рэчы зь цягам часу. У нас спачатку ўсё бураць, а потым усё разбуранае аднаўляюць. Гэта, на мой погляд, радзімыя плямы сацыялістычнага нігілізму.

Тут няма нічога дзіўнага, гэта хваробы росту, мне здаецца. І вось такія ляпы робяць, таму што не хапае адукацыі ўсебаковай. Не хапае гістарычнага і эстэтычнага густу”.

Паўтара году ўлады праводзяць рэканструкцыю цэнтральнай часткі Горадні. Падчас яе пацярпелі археалягічныя помнікі й будынкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў.

Гарадзенскае чыноўніцтва сёлета плянуе зруйнаваць забудову гістарычнага цэнтру Горадні (ад 30% да 40% агульнай плошчы ў межах ахоўнай зоны старога гораду). “У выпадку, калі акты вандалізму працягнуцца, ГА БНФ “Адраджэньне” будзе дамагацца прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ініцыятараў перабудовы гістарычнага цэнтру Горадні”, гаворыцца ў заяве БНФ "Адраджэньне".

На вуліцы Ўрыцкага ў Горадні абмяраюць старую камяніцу перад яе зруйнаваньнем.

На вуліцы Ўрыцкага ў Горадні абмяраюць старую камяніцу перад яе зруйнаваньнем. Улады абяцаюць, што новазбудаваны дом будзе выглядаць звонку як стары (фота Сяргея Астраўцова).

Будынак касьцёлу сьвятога Язэпа й кляштар бэрнардынаў — унікальны помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя гістарычнага цэнтру Менску. Згодна з праектам, з помніка архітэктуры плянуецца зрабіць гатэльна-забаўляльны комплекс з казіно, басэйнам, боўлінгам і рэстарацыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG