Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ і АГП па-рознаму ставяцца да лідэрства ў дэмакратычных сілах


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску прайшлі два паседжаньні: Сойму Партыі БНФ і Нацыянальнага камітэту Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Іх яднаў агульны парадак дня — разглядалі падрыхтоўку да плянаванага 26—27 траўня агульнанацыянальнага Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Абедзьве партыі – і БНФ, і АГП – абмеркавалі тактыку на пяці абласных канфэрэнцыях дэмакратычных сілаў, якія адбудуцца цягам наступных двух тыдняў.

Дэлегатам далі адпаведныя рэкамэндацыі. Аднак галасаваньне на рэгіянальных міні-кангрэсах таемнае, і, вядома, кожны з дэлегатаў прагаласуе так, як палічыць неабходным.

І ўсё ж у партыйных структурах мусіць быць і пэўная партыйная дысцыпліна, лічыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Ад партыі павінна зыходзіць ясная інструкцыя сваім сябрам на абласныя канфэрэнцыі. І мы прыйшлі да высновы, што ў інтарэсах Партыі БНФ і нацыянальна-дэмакратычных сілаў выказвацца за выбраньне старшыні Палітычнай рады са сьпікерскімі й прадстаўнічымі паўнамоцтвамі.

Інакш кажучы, галасаваць паводле першага пытаньня парадку дня абласных сходаў па першым варыянце. Сустарашынёўства — менш эфэктыўная мадэль. І, такім чынам, мы выказваемся па бальшыні арганізацыйных пытаньняў за эфэктыўную схему кіраваньня”.

А вось у кіраўніцтва Аб’яднанай грамадзянскай партыі іншы погляд. Яно выступае менавіта за інстытут сустаршынёўства. І вось як тлумачыць сваю пазыцыю лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

“На гэтым этапе нам трэба рабіць стаўку не на абраньне арытмэтычнага лідэра, а на ўмацаваньне той кааліцыі, якую мы маем. Каб выйсьці й адпрацаваць выбарчую кампанію ў Палату прадстаўнікоў увосень 2008 году.

І калі мы захоўваем кааліцыю, дык мы захоўваем пэрспэктыву на любую выбарчую кампанію, дзе патрэбная будзе пэрсанальная альтэрнатыва, каб мець кансалідаваных 25%.

Таму што сёньня ў грамадзтве 25—30% людзей, якія на ўсіх прэзыдэнцкіх кампаніях галасуюць за таго, хто выступае прадстаўніком дэмакратычнай супольнасьці. Гэта добрая пэрспэктыва.

Калі ж мы гаворым, што лідэра абавязкова трэба абраць цяпер, зараз, праз арытмэтыку, дык мы можам зруйнаваць кааліцыю. Мы можам утварыць два, тры ці чатыры цэнтры, якія будуць паміж сабой канкураваць”.

У мінулыя выходныя прайшлі першыя дзьве абласныя канфэрэнцыі — менская ды гомельская. На пятніцу, 4 траўня, заплянавалі гарадзкі міні-кангрэс у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG