Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бастунец: “Сытуацыя зь незалежнымі СМІ можа пагоршыцца”


Ігар Карней, Менск Справаздачу “Freedom House”, прысьвечаную сытуацыі з свабодай прэсы ў 2006 годзе, камэнтуюць прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Андрэй Бастунец кажа: сытуацыя зь незалежнымі мэдыямі можа стаць яшчэ горшай.

Гэта адбудзецца, калі прымуць “Закон аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. Такі законапраект маюць днямі разгледзець дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

“Самая распаўсюджаная заўвага на тое, што адразу кідаецца ў вочы. Зірнеце на законапраект: зялёным колерам у сьпісе адлюстраваныя спасылкі на іншыя нарматыўныя акты. З 58 артыкулаў законапраекту 109 спасылак на іншыя акты.

Гэта недапушчальна нават з гледзішча прававога пытаньня. Заканатворча гэта стварае ўмовы, каб потым усё рэгулявалася іншымі нарматыўнымі актамі, што абавязкова закране іншыя заканадаўчыя акты — міністэрстваў, выканкамаў і г.д.”, — гаворыць Андрэй Бастунец.

Як адзначаецца ў справаздачы “Freedom House”, беларускія ўлады спрабуюць кантраляваць інтэрнэт.

Паколькі дзяржаўная кампанія “Белтэлекам” ёсьць манапалістам на рынку электронных мэдыяў, улады часта блякуюць сайты падчас масавых акцыяў апазыцыі.

Як кажа доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў, інтэрнэт-межы неўзабаве могуць істотна звузіцца:

“Ёсьць такі празаічны кірунак: інфармацыйная бясьпека грамадзянаў, юрыдычных асобаў і дзяржавы. Пра грамадзянаў тут у апошнюю чаргу думаецца. Пра юрыдычных асобаў — тое самае. А вось дзяржава мае самы непасрэдны інтарэс да гэтай сфэры.

Як вынік, пералічана сыстэма органаў, якія будуць займацца дзяржаўным кіраваньнем у галіне інфарматызацыі і абароны інфармацыі. У прыватнасьці, зьявіўся орган, пра які раней мы ня чулі, — дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пры прэзыдэнту Беларусі.

Дагэтуль было падразьдзяленьне пры Савеце бясьпекі, а цяпер гэта самастойная структура, у якой досыць шырокія паўнамоцтвы. І галоўная зь іх — абарона інфармацыі, якая зьвязаная зь нейкімі сакрэтамі ці службовай таямніцай”.

Гл.таксама: “Freedom House”: Беларусь – у аўтсайдэрах паводле свабоды прэсы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG