Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Першамай зьліквідавалі калектыўную гаспадарку “1 мая”


Севярын Квяткоўскі, Капыльскі раён 1 траўня ў Капыльскім раёне Меншчыны зьліквідавалі гаспадарку, якая ад савецкіх часоў захоўвала назоў "1 мая". Гаспадарку далучылі да суседняй, якая называецца “Капыльская”. У апошні дзень існаваньня закрытага акцыянэрнага таварыства “1 мая” вёску Навасёлкі наведаў наш карэспандэнт.

Што робяць сяляне у Міжнародны дзень працы? Ці маюць яны дастаткова працы на вёсцы, і ці ёсьць каму працаваць?

Карэспандэнт: “Падыходжу да фэрмы. Два спадары, адзін прадставіўся як галоўны заатэхнік:

Заатэхнік: “Праца кіпіць. Гной вывозім. Тэхнікі шмат. Паліва ёсьць. Пасяўную скончылі, праца ідзе”.

Гаспадарка “1 мая” ліквідуецца 1 траўня 2007 г., Капыльскі раён Менскай вобласьці

Карэспандэнт: “Ці для ўсіх ёсьць праца?”

Заатэхнік: “Для ўсіх, хто хоча рабіць”.

Карэспандэнт: “Сяляне 1 траўня сьвяткуюць, ці не сьвяткуюць?”

Работнік: “Будзем сьвяткаваць… Раней шмат было сьвяточных мерапрыемстваў, а цяпер не асабліва”.

Карэспандэнт: “Ці шмат у вас людзей, якія праз тое, што п’юць, ня могуць працаваць?”

Заатэхнік: “Такіх людзей няма. Хто працуе – той ня п’е”.

Карэспандэнт: “Адзін з работнікаў распавядае пра алькагольную палітыку цяперашняга кіраўніцтва гаспадаркі”.

Спадар: “Калі нават шклянку піва вып’еш, пасылаюць забіраць працоўную кніжку. Гэта не мэтад працы. Што гэта за стаўленьне? Тут праз аднго бяры, дык ня будзе каму працаваць”.

Гаспадарка “1 мая” ліквідуецца 1 траўня 2007 г., Капыльскі раён Менскай вобласьці

Карэспандэнт: “Але вернемся да гутаркі на фэрме”:

Заатэхнік: “Ніхто ад нас не зьяжджае. Моладзь застаецца”.

Карэспандэнт: “Зьвяртаюся да васемнаццацігадовага хлопца: ёсьць пэрспэктывы для жыцьця?”

Хлопец: “Зьехаць, канешне, адсюль куды-небудзь. Хоць бы ў Беларусі дзесьці. Тут няма анікога. Усё пуста. Маіх аднагодак тут амаль няма”.

Пэнсіянэрка: “Тут мала людзей застаецца, моладзі меней”.

Карэспандэнт: “Сяляне працуюць на ўласных падворках, садзяць бульбу”:

Гаспадар: “Цяпер пасяўная. Ня будзе сьвята 1 траўня. Кожны стараецца пасадзіць агарод”.

Адзіная прыватная маленькая крама ў вёсцы, пытаюся ў гаспадароў ці ёсьць у іх праца?

Гаспадар: “Цялепкаемся на плаву. А як будзе – лепш ці горш? Хто ведае?”

Карэспандэнт: “Пра пакупнікоў-аднавяскоўцаў”:

Гаспадар: “Ну, калі чалавек атрымлівае па 120-140 тысяч рублёў… Усе хвалююцца за тое, каб не згубіліся працоўныя месцы”.

Карэспандэнт: “А можа хтосьці таксама заняўся б сваёй прыватнай справай?”

Гаспадыня: “Адразу было так цяжка, што мы хацелі ўсё кінуць”.

Гаспадар: “Робім па 12 гадзінаў на дзень без выхадных. І не адзін я: жонка – прадавачка, дачка Алёна – дапамагае, сын Сярожка па закупы едзе…”

Гаспадыня: “А меншая дзеўчына дома ўходжваецца. У нас свая гаспадарка ёсьць: і сьвіньні, і куры, і авечкі…”

Карэспандэнт: “Першага траўня вы будзеце сьвяткаваць?”

Гаспадыня: “Вой! Якое сьвяткаваньне?! Не, сьвяткаваць у нас няма калі”.

Напярэдадні 1 траўня на дошцы працоўнага гонару, што месьціцца насупраць крамы, не засталося аніводнага партрэту.

Гаспадарка “1 мая” ліквідуецца 1 траўня 2007 г., Капыльскі раён Менскай вобласьці
XS
SM
MD
LG