Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі першамайскага мітынгу патрабавалі свабоды палітвязьням


Альгерд Невяроўскі, Менск У маёўцы, якую арганізавалі апазыцыйныя левыя сілы ў менскім парку Дружбы народаў, удзельнічалі пад дзьве тысячы чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Гучалі ня толькі прамовы палітыкаў, але й выступы музыкаў. Мітынгоўцы патрабавалі вызваліць палітвязьняў і сацыяльна абараніць працоўных.

На пляцоўцы ў парку Дружбы народаў сёньня панавала эклектыка. Чырвоныя сьцягі камуністаў, палотнішчы лібэралаў з Аб’яднанай грамадзянскай партыі, бел-чырвона-белыя з ружай сьцягі сацыял-дэмакратаў з “Грамады”, а таксама сьцягі Менску, Эўрапейскага Зьвязу, прафсаюзныя, анархістаў.

Першамайскі мітынг левых апазыцыйных партый, Менск, 1 траўня 2007 г.

Мэлёдыі рэвалюцыйных маршаў перапынялі рок-гіты.

Адным зь першых на мітынгу выступіў лідэр Партыі камуністаў Сяргей Калякін:

“Нашы людзі пазбаўленыя многіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй. Сёньня права чалавека на свабодную працу зьнівэлявана прыніжальнымі кароткатэрміновымі кантрактамі, якія ператварыліся з інструмэнту абароны працоўных у інструмэнт іх прыгнёту”.

Першамайскі мітынг левых апазыцыйных партый, Менск, 1 траўня 2007 г.

Сяргей Калякін нагадаў, што ў Беларусі парушаюцца правы прафсаюзаў, няма свабоды асацыяцыяў і нямала людзей сядзяць у турмах за палітычную дзейнасьць.

Тэма палітвязьняў была адной з асноўных на мітынгу.

Вось як прамаўляў выканаўца абавязкаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Анатоль Ляўковіч:

“Мы патрабуем — свабоду Беларусі! Свабоду! Свабоду Казуліну! Свабоду! Свабоду ўсім палітвязьням! Свабоду! Жыве вольная, салідарная Беларусь! Жыве!”

Першамайскі мітынг левых апазыцыйных партый, Менск, 1 траўня 2007 г.

Свабоды для палітвязьняў патрабавалі ў сваіх выступах былы дэпутат і палітвязень Сяргей Скрабец, сакратар Партыі камуністаў Валер Ухналёў, прадстаўнік аргкамітэту руху “Разам” Юры Глушакоў ды іншыя прамоўцы.

Таксама гучалі патрабаваньні адмены кантрактнай сыстэмы, падвышэньня заробкаў і пэнсіяў, абараніць малы і сярэдні бізнэс, пакінуць ільготы для пэнсіянэраў, студэнтаў і школьнікаў, пакінуць бясплатную адукацыю й мэдыцыну.

Патрабавалі й гарантаваць канстытуцыйныя палітычныя правы грамадзянаў.

Усе гэтыя патрабаваньні ўвайшлі ў выніковую рэзалюцыю мітынгу.

Прамовы палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў перамяжоўваліся выступамі паэтаў і бардаў Андрэя Хадановіча ды Зьмітра Бартосіка, вакалістаў гуртоў “Таварыш Маўзэр” і “Чырвоным па белым” ды іншых выканаўцаў.

Першамайскі мітынг левых апазыцыйных партый, Менск, 1 траўня 2007 г.

Пасьля мітынгу прайшоў сход ініцыятыўнай групы за тое, каб адмяніць у Беларусі кантрактную сыстэму.

Гл. таксама:

У Менску прайшла “маёўка” левай апазыцыі Мітынгоўцы ў Варшаве запатрабавалі вызваленьня А.Казуліна
XS
SM
MD
LG