Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выйду я на вуліцу, сяду на прагаліну. Мы напішам прывітанне дарагому Сталіну” (1937)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 1 траўня ў розныя гады мінулага.

Вітаю вас на хвалях Беларускай Свабоды! Вось як выглядаў першы дзень траўня розных гадоў ў публікацыях беларускіх газэтаў.

“Звезда”, год 1927. Газэта паведамляе з Нова-Барысава:

“Там, дзе год таму прыгажэў малады гай, адбываецца неверагоднае. Людзі й коні, быццам мурашнік, запаланілі вялікую плошчу, і людзі, і коні — у бесьперапынным руху. Рыюць зямлю, кідаюць на вазы, раўняюць плошчу. Рыхтуецца месца для падмурку новай запалкавай фабрыкі... Фабрыка будзе пабудавана паводле апошняга слова тэхнікі. Вытворчасьць яе будзе вельмі вялікая — 2000 скрыняў запалак за 16 гадзін”.

У 1937 годзе “ЛіМ” друкуе нізку прыпевак пра савецкую канстытуцыю:

“Гусі з выраю ляцелі Ў вышыні над пожнямі, Гэта ты, любімы Сталін, Нас зрабіў заможнымі.

Сталін мудры, Сталін родны Канстытуцыю нам склаў. Для працоўнага народу Жыццё радаснае даў.

Выйду я на вуліцу, Сяду на прагаліну. Мы напішам прывітанне Дарагому Сталіну
”.

На гэтым тыдні 1957 году “Бацькаўшчына” піша пра 3-ці пленум пісьменьнікаў БССР:

“Найвайстрэй быў заатакаваны на пленуме беларускі “буржуазны нацыяналізм” і зьвязаныя зь ім дамаганьні рэгабілітацыі “вычышчаных” калісьці зь беларускай літаратуры пісьменьнікаў. У першую чаргу тут дасталося М.Ларчанку за зьмешчаны ў “Літаратуры і Мастацтве” ягоны артыкул “Некаторыя пытаньні ў гісторыі беларускай літаратуры”, у якім аўтар дамагаўся рэвізіі дачыненьняў да “НН”, “Узвышша” ды патрабаваў рэгабілітацыі гэтых ворганаў і зьвязаных зь імі аўтараў”.
XS
SM
MD
LG