Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выходзяць аўдыёкнігі Джорджа Орўэла “1984” і “Фэрма”


Іна Студзінская На гэтым тыдні адбудзецца прэзэнтацыя дыску з аўдыёзапісам на беларускай мове твораў Джорджа Орўэла “1984” і “Фэрма”. Ідэя выпусьціць аўдыёкнігі належыць грамадзкаму аб’яднаньню “Вэтэраны Адраджэньня”, творчай ініцыятыве “Беларускі Гальфстрым” і Беларускаму таварыству сьляпых.

Цэлая рада прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі вызначала, якія творы ў першую чаргу трэба агучыць і прэзэнтаваць беларускай публіцы. Гаворыць адзін з кіраўнікоў “Беларускага Гальфстрыму” Франак Вячорка.

“Першымі творамі было вырашана зрабіць Орўэла “1984” і “Фэрма”. Гэтыя творы падвойна цікавыя беларускаму слухачу. Па-першае, таму, што яны асабліва масавымі накладамі не выходзілі ў Беларусі. А па-другое, яны палітычна вельмі блізкія і актуальныя. Пераклад Сяргея Шупы надае гэтым творам вельмі сучаснае гучаньне. Сам Орўэл як пісьменьнік-фантаст прадказаў многім будучыню”.

Чытае творы Валер Будзевіч, прафэсійны дыктар, актор.

Рэжысэр аўдыёкніг Валер Мазынскі на маё пытаньне “Чаму менавіта Орўэл?” адказаў таксама пытаньнем:

“А чаму не Орўэл? Тут канцэпцыя ніяк не вытанцоўваецца, бо мора разьліванае літаратуры. І што выцягнуць? Ці то школьную праграму, ці то Орўэла, ці то заходнюю літаратуру, ці то публіцыстыку... Гэта дзяржаўная справа, дзяржава мусіць займацца гэтым. А гэта ж усё, як кажуць, саматугам робіцца. Але мы паставілі за мэту ўсё гэта рабіць на добрым узроўні. Цікавая гэта праца. Гэта блізкая мне справа, хаця новая абсалютна. Здавалася б, што ўсё разумееш, але, аказваецца, тут ёсьць свая спэцыфіка. Я люблю вучыцца. Мне гэта такое задавальненьне дае, калі я шмат памыляюся! Сяджу начамі. Можа, хтосьці гэта і хутка зрабіў бы, а я, як кажуць, мазалямі даходжу да ўсяго”.

Некаторыя літаратуразнаўцы кажуць, што аўдыёкнігі – гэта будучыня літаратуры. Апошнія гады, дзесяцігодзьдзі людзі чытаюць усё менш і менш, а моладзь, дзеці наагул вельмі рэдка бяруць у рукі сур’ёзныя творы. Франак Вячорка перакананы:

“Аўдыёкнігі дазваляюць спалучыць паўнацэннае чытаньне літаратуры і забаву. Тое, што характэрна і звыкла моладзі. Безумоўна, прагрэсіўная частка моладзі, якая карыстаецца тэхнічнымі навінкамі, такімі, як МР-3 плэер, аўдыё CD-плэер, яны могуць слухаць літаратуру па дарозе на працу, у школу ці ўнівэрсытэт. У Беларусі Таварыства сьляпых прапанавала зрабіць такія кніжкі ля тых, хто ня можа чытаць літаратуру, але можа яе слухаць”.

Рэжысэр Валер Мазынскі таксама лічыць, што аўдыёкнігі разьлічаны ў асноўным на моладзь. Што да прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня...

“Шчыра кажучы, мяне яно ўжо абсалютна не цікавіць. Маё пакаленьне і я сам сябе не цікаўлю. Я сам сабе цікавы толькі ў дачыненьні да таго, што я магу нешта зрабіць. Я спадзяюся толькі на моладзь. Калі ўжо ў маім узросьце не чытаў, ня слухаў, то ён ня будзе ня будзе слухаць і ня будзе чытаць. А калі ён чытаў, знойдзе магчымасьць і пачуць. Альбо пачытаць. У сталым узросьце няма чаго слухаць казкі. Мы ж ўсё роўна жывем сваім тэмпарытмам. Лепш чытаць. А кніжкі ёсьць. Хто хоча, той знойдзе”.

Слухаць:
XS
SM
MD
LG