Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым прычыны забурэньняў у Эстоніі?


Юры Дракахруст, Прага Перанос помніка савецкім салдатам, які пачаўся ў эстонскай сталіцы на мінулым тыдні, выклікаў масавыя выступы пратэсту , якія суправаджаліся сутычкамі з паліцыяй. Сытуацыя застаецца напружанай, падзеі прывялі да абвастрэньня эстонска-расейскіх адносінаў. У чым прычыны крызісу, хто мае рацыю ў гэтым канфлікце? На гэтыя тэмы спрэчку ў “Экспэртызе Свабоды” вядуць эстонскія грамадзкія дзеячы – старшыня Беларуска-эстонскага таварыства Зінаіда Клыга і кіраўнік моладзевай арганізацыі “Адкрытая рэспубліка” Яўген Крыштафовіч.

Дракахруст: “Спадарыня Зінаіда, што ж адбылося ў Эстоніі на мінулым тыдні?”
З.Клыга: “У людзей нятытульнай нацыі засталося адзінае месца, адзіны сымбаль. І ня тое, каб іх цягнула да саветчыны, але гэта была іх каштоўнасьць, бо шмат чаго іншага ў іх адабралі”.
Клыга: “Мы ўсе чакалі, што нешта такое адбудзецца. Улады Эстоніі павінны былі разумець, што пэўныя іх крокі могуць выклікаць такі адказ з боку людзей, у якіх быццам бы адбіраюць нешта сьвятое. Розныя ёсьць думкі наконт таго помніка, які там стаіць, але так ці інакш атрымалася, што ў людзей нятытульнай нацыі засталося адзінае месца, адзіны сымбаль. І ня тое, каб іх цягнула да саветчыны, але гэта была іх каштоўнасьць, бо шмат чаго іншага ў іх адабралі.

Супраціў ішоў пераважна ад маладых людзей, якія камунікавалі паміж сабой у Інтэрнэце. І яны дамовіліся паміж сабой: "Не дамо зьнішчыць гэты помнік". Я ведала, як нараджаўся гэты "Начны дазор". (моладзевая арганізацыя, якая змагалася за захаваньне помніку на ранейшым месцы – “Св”.)

Дракахруст: “Спадар Яўген, а на Ваш погляд, што гэта было і ў чым прычыны тых драматычных падзеяў, якія адбыліся ў Таліне на мінулым тыдні?”
Я.Крыштафовіч: “Гэта быў п''яны дэбош невядома якой групы насельніцтва, якая па невядомай прычыне крычала "Расея! Расея!"... а потым пад расейскімі сьцягамі ішла рабаваць крамы з алькаголем”.
Крыштафовіч: “Гэта было рабаўніцтва крамаў, п''яны дэбош невядома якой групы насельніцтва, якая па невядомай прычыне крычала "Расея! Расея!", спачатку паліла эстонскія сьцягі, а потым пад расейскімі сьцягамі ішла рабаваць крамы з алькаголем. На сёньняшні дзень, паводле афіцыйнай інфармацыі паліцыі, да 1000 чалавек затрыманых, у асноўным гэта людзі да 30 гадоў, якія там учынялі дэбош у стане ап''яненьня.

Мы спадзяемся , што праваахоўныя органы ўзялі сытуацыю пад кантроль не часова, а стала. Бліжэйшая супярэчлівая дата – 1 траўня , калі гэтыя арганізацыі падалі заяўку на мітынг у цэнтры Талліна. Яго, зразумела, забаранілі, улічваючы гэтыя падзеі, але яны нібыта ўсё ж зьбіраюцца выходзіць. Ну і, зразумела, 9 траўня, тут таксама гучаць пагрозы, у асноўным з расейскіх крыніц, што будзе працяг забурэньняў. Але спадзяемся, што гэтага не адбудзецца”.

Дракахруст: “Спадарыня Зінаіда, а на Ваш погляд – у чым прычыны таго, што справа дайшла да брутальных сутыкненьняў?”
З.Клыга: “Гэта правакацыя супраць нятытульнай нацыі. Гэта супраціў нятытульнай нацыі таму, што яны сталі тут "другім гатункам".
Клыга: “Гэта сапраўды правакацыя, якую падтрымлівае сама дзяржава. Тое, што кажа прэм’ер-міністар спадар Ансіп – гэта правакацыя супраць нятытульнай нацыі. І яны не маглі не разумець, што калі яны пачнуць так ці інакш разбураць гэты помнік, абураныя людзі могуць зрабіць што заўгодна. Зразумела, заўсёды побач з рамантыкамі ёсьць і падонкі, і п''яныя – яны выцягнуліся, як пена. Але асноўнае – гэта супраціў нятытульнай нацыі таму, што яны сталі тут "другім гатункам".

Я сама змагалася за незалежнасьць Эстоніі, я была разам з тым, што рабілася тут. Зараз я супраць. Гэта паліцэйшчына, якая павернутая супраць свайго народу. Людзі абураныя тым, як іх затрымлівалі, як іх зьбівалі. Сёньня я чытаю пра гэта і думаю – няўжо гэта магчыма ў нашай Эстоніі?”

Дракахруст: “Спадар Яўген, з Вашага адказу я зразумеў, што забурэньні на мінулым тыдні ня мелі ніякага дачыненьня да пераносу помніку і да супярэчнасьцяў паміж этнічнымі і моўнымі грамадамі Эстоніі. Я правільна Вас зразумеў?”
Я.Крыштафовіч: “Сярод тысячы хуліганаў траціна была этнічных эстонцаў, а астатнія – прадстаўнікі этнічных меншасьцяў: рускія і шмат якія іншыя. ...Рабавалі крамы незалежна ад роднай мовы”.
Крыштафовіч: “Канфліктаў паміж грамадамі ў Эстоніі, зразумела, няма, бо сярод тысячы хуліганаў, якія былі затрыманыя ў цэнтры Таліну, "на шчасьце" траціна была этнічных эстонцаў, а астатнія – прадстаўнікі этнічных меншасьцяў, якія жывуць ў Эстоніі: рускія, і шмат якія іншыя. Мы жартам гаворым, што інтэграцыя ў нас дзейнічае, бо рабавалі крамы незалежна ад роднай мовы.

Што тычыцца пераносу помніку, які ў народзе называюць "Бронзавы салдат", які стаяў на Тэнісмягэ, а зараз будзе адкрыты на вайсковых могілках (таксама, дарэчы, у цэнтры эстонскай сталіцы), то дыскусія пра перанос помніку і перазахаваньне парэшткаў вядзецца ўжо год, было прынята некалькі законаў, якія санкцыянавалі гэтую працэдуру.

Перанос меркавалася зрабіць крыху пазьней, на мінулым тыдні напачатку вакол помніка толькі паставілі агароджу, але пасьля таго, як агрэсіўны натоўп напаў на паліцыю, як пачаліся гэтыя масавыя беспарадкі, дзелавы цэнтар Таліну літаральна гарэў, крызісная камісія з 4:30 раніцы 27 красавіка прыняла рашэньне неадкладна адвезьці помнік і ўзяць яго пад ахову паліцыі на адным з паліцэйскіх складаў”.

Дракахруст: “Спадар Яўген, а якое стаўленьне да ідэі пераносу помнікаў савецкім ваярам ў эстонскім грамадзтве?”

Крыштафовіч: “Розныя апытаньні даюць розныя вынікі, але паводле іх прыкладна 60% жыхароў Эстоніі падтрымліваюць рашэньне аб пераносе помнікаў, а каля 40% выступаюць супраць. Сярод тых рэспандэнтаў, чыя родная мова – расейская, пераважная большасьць супраць, для тых, для каго родная мова – эстонская, вялікі перакос на карысьць падтрымкі.

Што да этнічных грамадаў, то, скажам, габрэйская грамада заявіла, што яны супраць, але ня будуць ладзіць пратэсты. Практычна такую ж пазыцыю заняла Руская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату тут. Украінская грамада заявіла, што яны ніяк ня будуць на гэта рэагаваць, што як эстонскі ўрад зробіць, так і будзе правільна. Тут поўная свабода думак і адзінай лініі няма”.

Дракахруст: “Спадарыня Клыга, Вы казалі пра пазыцыю і паводзіны ўраду. А можа гэта – пазыцыя большасьці этнічных эстонцаў? Як , паводле Вашага досьведу, паводле Вашага адчуваньня ставяцца да гэтага этнічныя эстонцы?”

Клыга: “Я ўпэўненая ў тым, што падтрымка ўраду ў гэтым пытаньні – мінімальная. У мяне шмат знаёмых эстонцаў. Вельмі многія зь іх падтрымліваюць тых, хто супраць пераносу. Ёсьць такі палітык Эдгар Савісаар (мэр Таліну, старшыня Цэнтрысцкай партыі – “Св”.), ён неаднаразова выступаў супраць пераносу, яго партыя падавала ў суд, каб скасаваць гэтае рашэньне. Яны эстонцы, але іх не пачулі, іх меркаваньне не ўлічылі.

Сказаць, што для эстонцаў гэта такі вялікі знак – гэта хлусьня. Вельмі лёгка ў такія дні , калі сьвята для... я не кажу рускіх, бо я сама няруская, нас шмат нярускіх, але калі для неэстонцаў будзе сьвята – тое ж 9 траўня, – магчымасьць правакацыяў вельмі высокая”.
XS
SM
MD
LG