Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Варашкевіч: “Улады баяцца, што мы станем папулярнымі”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – лідэр гурту "Крама" Ігар Варашкевіч.

Караткевіч: “Ігар, гісторыя з вашым заплянаваным канцэртам, заяўка на які была пададзена 15 сакавіка, выклікала зьдзіўленьне. Паводле арганізатара канцэрту Паўла Кашырына, упраўленьне культуры Менгарвыканкаму рэкамэндавала скіраваць заяўку ў вышэйшую інстанцыю Міністэрства культуры ці адпаведны аддзел адміністрацыі прэзыдэнта. Хацелася б пачуць вашую рэакцыю, удакладненьне нейкіх дэталяў...”

Варашкевіч: “Мне цяжка ўдакладняць, бо гэтым займаўся Павал, я займаюся толькі творчым бокам канцэрту і альбому... Я ўсё разумею, рэакцыя – якая можа быць... Безумоўна, нэгатыўная, і чалавеку, які пражыў большую частку жыцьця, апынуцца ў такой сытуацыі вельмі цяжка, асабліва калі бачыш афішы – прыяжджае ў госьці да нас "Машина времени", "Аквариум", якім не патрэбны ніякі дазвол для таго, каб выступіць у Палацы спорту ці іншай залі... Цяжка гэта і брыдка ад гэтага ўсяго”.

Чаму ўлады баяцца рок-музыкаў?

Караткевіч: “Як можна патлумачыць такое дзікунскае стаўленьне да рок-музыкаў: чаго можна баяцца ў 21 стагодзьдзі? Мінуў жа той час, калі варта было баяцца рокераў... Чаго баяцца ўлады, калі не дазваляюць канцэртаў такіх культавых музыкаў, як вы, Вольскі, Кулінковіч?”

Варашкевіч: “Як я магу адказаць на такое пытаньне? Ну, нечага ж баяцца. Баяцца, што мы станем папулярнымі, што нас пачнуць слухаць ня тысяча, ня дзесяць тысяч людзей, а сто тысяч, мільён... Тады будуць праблемы ва ўлады”.

Караткевіч: “Значыцца, яны баяцца пашырэньня вашай аўдыторыі?”

Варашкевіч: “Безумоўна”.

Караткевіч: “Вы пагаджаліся ўдзельнічаць у кампаніях кшталту "Джынсавы фэст", пасьля гэтага ваш і іншыя гурты сталі называць "апазыцыйнымі". А вось скажыце, пасьля таго, як у вас пачыналіся праблемы – ці была салідарнасьць і дапамога з боку людзей, якія запрашалі вас на гэтыя канцэрты?”

Варашкевіч: “Фактычна, нам дапамог толькі Зьміцер Бандарэнка з Хартыі-97”.

Караткевіч: “Я заўважыла, што не было нейкіх спэцыяльных заяваў пратэсту ці зваротаў у міжнародныя арганізацыі з боку апазыцыйных партый у абарону беларускіх музыкаў...”

Варашкевіч: “Намі ўвогуле ніхто не цікавіцца. Ніхто, напрыклад, ніколі не пацікавіўся, як я жыву, чым я жыву, дзе, на якія сродкі... А ўсё гэта вельмі сумна. Мне праз 3 гады будзе 50 год, а я жыву як стары хіпі...”

“Гэта будзе, магчыма, рэнесанс "Крамы"

Караткевіч: “Ігар, раскажыце пра ваш новы альбом”.

Варашкевіч: “Новы альбом мы запісваем вельмі доўга, складана, творча на працягу году. Пачалі мы яго запісваць – магу памыліцца – у чэрвені-ліпені мінулага году. Гэта будзе, на мой погляд, магчыма, рэнесанс "Крамы", і я спадзяюся, што гэты альбом будзе нагадваць першы альбом "Крамы", які вельмі шмат людзей любіць... Над кожнай песьняй мы плённа працавалі, адказваем за кожны акорд, за кожнае слова, песень у альбоме будзе 10 – мы наўмысна так зрабілі, – і 1 бонус-трэк. Гэта сюрпрыз – песьню "Бяжы, хлопец" сьпявае вакаліст гурту "Лига блюза", быў калісьці такі гурт у Маскве, Мікалай Аруцюнаў. Ён сам гэта прапанаваў, сказаў, што яму вельмі падабаецца "Крама", беларуская мова, і ён прыяжджаў спэцыяльна ў Менск і засьпяваў гэтую песьню. І ўвогуле хоча працаваць з намі далей”.

Караткевіч: “Я ведаю, што вы часта выступалі ў Польшчы. А ў Расеі выступалі ў апошнія гады?”

Варашкевіч: “У апошнія гады – не. Мы выступалі адначасова і ў Польшчы, і ў Расеі, але гэта адбывалася ў другой палове 1990-х. Намі займаўся Ігар Яшчук у Польшчы. Пасьля перамогі на фэстывалі "Пакаленьне-94" ў Маскве мы езьдзілі не адзін раз у Маскву, выступалі ў даволі знаных клюбах – напрыклад, клюб "Б.Б.Кінг", дзе мы выступалі 3 разы, а дагэтуль там выступалі “ZZ Top”, Стынг, сам Б.Б.Кінг і іншыя вядомыя сусьветныя музыкі. Але гэта скончылася ў 1998 годзе пасьля дэфолту.

Зараз Мікалай Аруцюнаў зноў хоча нас запрасіць у Маскву, але гэта даволі цяжка зрабіць, бо нас там ніхто ня помніць, і мы ўжо людзі сталыя, і нам за нейкія дробныя грошы няма сэнсу ехаць. Але я спадзяюся, што мы ўсё ж так зьезьдзім – напэўна, увосені”.

Першы назоў альбому быў "Mein Vaterland, auf wiedersehen”

Караткевіч: “Ігар, вяртаючыся да вашага новага альбому: калі я не памыляюся, назва – "Жыцьцё – дзіўны сон"?

Варашкевіч: “Так”.

Караткевіч: “Рамантычны назоў...”

Варашкевіч: “Ну, рамантычны... Першы назоў быў "Mein Vaterland, auf wiedersehen” (“Да пабачэньня, Бацькаўшчына”), потым я вырашыў назваць рамантычна – "Усё жыцьцё – дзіўны сон", пасьля адмовы ў дазволе канцэрту я зноў захацеў назваць альбом "Mein Vaterland, auf wiedersehen”, але ўсё ж такі вырашыў, што трэба пакінуць “сон”... Таму што гэта вельмі прыгожая песьня, зь філязофскім зьместам – так бы мовіць, не пайсьці за каньюнктурай і зрабіць ня так, як быццам бы трэба”.

“У свой час я таксама, можа быць, недаацаніў Сыса”

Караткевіч: “Ігар Варашкевіч нарадзіўся ў 1960 г. у Баранавічах, скончыў тэатральна-мастацкі інстытут, мастацка-прамысловы факультэт, спэцыялізацыя – інтэр''еры. Скажыце, Ігар, часта ўдавалася вам працаваць па спэцыяльнасьці?”

Варашкевіч: “Ня буду хлусіць – ня вельмі часта”.

Караткевіч: “Музыкі цяпер сваёй творчасьцю шмат зарабіць ня могуць – даводзіцца працаваць?”

Варашкевіч: “Даводзіцца працаваць, але ўсё ж такі я стараюся жыць пакуль на грошы з музыкі. Яны невялікія, але пакуль што жывы. Праўда, сытуацыя пагаршаецца з кожным днём, месяцам, годам і г.д...”

Караткевіч: “Вы пераехалі ў Менск у сярэдзіне 80-х, і ў 1985 годзе ўтварыўся гурт, які назвалі "Бонда". Назоў параіў паэт Анатоль Сыс. Як вы наагул ацэньваеце яго асобу?”

Варашкевіч: “На жаль, як гэта часта бывае, пасьля яго сьмерці я зразумеў, што гэта быў вельмі незвычайны чалавек і таленавіты паэт. А ў свой час я таксама, можа быць, як і іншыя людзі, недаацаніў яго”.

Караткевіч: “Вы кантактавалі зь ім у апошнія гады перад сьмерцю?”

Варашкевіч: “Не, я бачыў яго выпадкова – раз ці два...”

Караткевіч: “А каго яшчэ зь беларускіх паэтаў вы лічыце самымі цікавымі?”

Варашкевіч: “Зьмітра Лукашука, безумоўна... Я проста сказаў таму, што звычайна кажуць, што добрыя вершы піша Лявон Вольскі, а пра Зьмітра Лукашука ніхто ня кажа... На мой погляд і густ, ён піша самыя лепшыя тэксты для беларускай рок-музыкі”.

“У нас пачаліся вялікія праблемы пасьля нашага пяцігодзьдзя”

Караткевіч: “Ігар, кажуць, што самым плённым пэрыядам вы лічыце 1995-1996 гг. Чаму наступныя дзесяць гадоў вы ня лічыце такімі плённымі?”

Варашкевіч: “Справа ў тым, што ў нас пачаліся – гэта я зразумеў ужо потым – вялікія праблемы пасьля нашага пяцігодзьдзя, канцэрту ў Белсаўпрафе... Нам не аддалі запіс гэтага канцэрту, таму што відэаздымкі рабіла БТ. Потым забаранілі відэакліп "Гомельскі вальс", потым у маім жыцьці пачаліся розныя цяжкія моманты – сьмерць бацькі і г.д. Пасьля гэтага канцэрту сышоў Руслан, наш басіст, то бок, пачаліся праблемы – нас пачалі прасаваць”.

Караткевіч: “Вы часта кажаце, што аддаеце перавагу замежнаму рок-н-ролу. А ці ўбачылі вы за апошнія гады зьяўленьне якой-небудзь пэрспэктыўнай маладой каманды ў Беларусі?”

Варашкевіч: “Я неаднойчы казаў, што гэта “Індыга”, напрыклад, на мой густ... Мне зараз цяжка пералічыць, але я быў на некалькіх фэстывалях у журы – бадай, няма сэнсу назвы пералічваць, шмат гуртоў...”

“Сын маю музыку ў асноўным прымае”

Караткевіч: “Вашая сумесная зь Л.Вольскім песьня "Аўтабіяграфія" была ці ня самай папулярнай у мінулым годзе, яна намінавалася на "Рок-каранацыі"... Які ў вас самы добры і самы кепскі пэрыяды ў біяграфіі?”

Варашкевіч: “Самы добры – цяжка адказаць, каб ён быў адзін... Нараджэньне сына, нядоўгі пэрыяд, калі я жыў зь сям’ёй... Гэта было ў Баранавічах, і ў гэты пэрыяд я напісаў музыку для песень, якія сталі галоўнымі хітамі ў першым альбоме крамы – "Бяжы, хлопец", "Выпі са мной да дна", "Чыкага-найт". Гэта быў добры пэрыяд. Дрэнны – 1996-97 гг., мне было вельмі цяжка”.

Караткевіч: “Вы ўзгадалі сына – яму цяпер 18 гадоў, яго завуць Ян, ён іграе на флейце і зьбіраецца паступаць у Акадэмію музыкі... Ён не плянуе стаць рок-музыкам?”

Варашкевіч: “У прынцыпе, не, але я хачу, каб ён сам выбраў свой шлях у жыцьці і ня лезу яму ў душу. Ён, у адрозьненьне ад мяне, на сёньняшні момант ведае, што яму рабіць, кім быць, я вельмі рады гэтаму. Таму што я ў 18 год проста стаяў на скрыжаваньні і ня ведаў, што мне рабіць, куды ісьці вучыцца... Хаця потым выявілася, што мне проста трэба было стаць рок-музыкам...”

Караткевіч: “Вашую творчасьць ваш сын крытыкуе ці прымае?”

Варашкевіч: “У асноўным, прымае”.

Караткевіч: “У вас ёсьць цікавае хобі – яно распаўсюджанае, але пра гэта, відаць, вы мала каму расказваеце – гэта рыбалка. Якое ў вас самае магутнае дасягненьне ў рыбалцы?”

Варашкевіч: “Асаблівых дасягненьняў няма, для мяне рыбалка – усё-ткі адпачынак, а ня спорт. Напрыклад, калі рыба клюе, я атрымліваю задавальненьне, а калі не – магу адпачываць зь сябрамі, сядзець на сонцы, сьпяваць пра сябе што-небудзь, піць піва...”

“Веру, таму і сьпяваю”

Караткевіч: “Калі чакаць выхаду новага альбому, дзе можна пачуць новыя песьні?”

Варашкевіч: “Новыя песьні ўжо даўно круцяцца па аўтарадыё, нешта ёсьць на "Свабодзе" ў вас, нешта на "Эўрапейскім радыё", а альбом выйдзе ў траўні – гэта на 99%, не магу сказаць, што на 100%. Прэзэнтацыя заплянаваная на 30 траўня, але не магу сказаць, дзе дакладна...”

Караткевіч: “Ігар, у што верыце вы?”

Варашкевіч: “Я веру ў тое, што я раблю, у музыку, у будучыню беларускага народу, у адраджэньне сапраўднай беларускай культуры замест савецка-беларускага эрзацу... Веру, таму і сьпяваю, таму і жыву і буду працягваць працаваць, спрабаваць жыць далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG