Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія палітычныя вынікі “Чарнобыльскага шляху”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 27 краcавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: адзін з заяўнікаў “Чарнобыльскага шляху”, сябра сойму Партыі БНФ Юрась Зянковіч і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

“На такую колькасьць удзельнікаў мы спадзяваліся толькі ў самых сьмелых прагнозах”

Валер Карбалевіч: “Ужо шмат гадоў усе палітычныя суб’екты Беларусі вялікую ўвагу надаюць традыцыйнаму “Чарнобыльскаму шляху”, які зьяўляецца пэўным індыкатарам суадносінаў сілаў паміж уладай і апазыцыяй, дэманструе патэнцыйныя магчымасьці апанэнтаў рэжыму выводзіць людзей на вуліцу.

На мяжы 1980—1990-х гадоў апазыцыя зьбірала на “Чарнобыльскі шлях” дзясяткі тысяч людзей. А, напрыклад, у 2005 годзе ўвогуле гэтай акцыі ў традыцыйным фармаце фактычна не адбылося.

У гэтым годзе “Чарнобыльскі шлях” адбываўся праз год пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, якая стварыла новы палітычны кантэкст. Як можна ацаніць сам “Чарнобыльскі шлях” і ягоныя палітычныя вынікі? Ці апраўдаў ён спадзевы апазыцыі?”

Юрась Зянковіч: “Гэтым годам “Чарнобыльскі шлях” прайшоў годна. На такую колькасьць удзельнікаў мы спадзяваліся толькі ў самых сьмелых прагнозах. Актуальнасьць сёлетняй акцыі абумоўлівалася тым, што ўлады выказваюць намер пазбавіць усіх “чарнобыльцаў” ільготаў.

“Чарнобыльскі шлях” паказаў вялікі патэнцыял чарнобыльскай праблемы ў грамадзтве. Паказальна, што гэтым разам да нас далучыліся ліквідатары. Было шмат моладзі.

Калі казаць пра нэгатыўныя моманты, то найперш трэба адзначыць той несправакаваны хапун, які зладзіў міліцэйскі спэцназ на плошчы Бангалор на аўтобусным прыпынку, калі людзі вярталіся да хаты пасьля акцыі”.

Аляксандар Класкоўскі: “Акцыя не выглядала правальнай. Апазыцыя ў пэўнай ступені ўлічыла крытыку, што яна зьбіваецца на шаблён, доўгія прамовы. Была спроба зьмяніць фармат, стылістыку акцыі. І сама колькасьць удзельнікаў была пераканаўчая, улічваючы ўсе перашкоды, запалохваньні і іншае.

Адзначыў бы ўдалы з палітычнага гледзішча ваяж лідэраў апазыцыі ў чарнобыльскія раёны. Спадар Лукашэнка шмат казаў, што апазыцыя толькі топча асфальт і ня езьдзіць у зону. Вось яны адказалі.

Дарэчы, рэакцыя спадара Лукашэнкі была даволі нэрвовая. Выступаючы з пасланьнем Нацыянальнаму сходу, ён казаў, што ня трэба спэкуляваць на праблеме будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

Лідэры апазыцыі тут выявілі і крывадушнасьць ўладаў, якія ўвесь час кажуць: чаму апазыцыя ня едзе ў чарнобыльскія раёны, не дапамагае там людзям. А калі яны паехалі, то ўлады загадалі дзіцячым садкам ня браць падарункаў ад апазыцыянэраў.

Дарэчы, праблема АЭС для апазыцыі зьяўляецца выйгрышнай тэмай. Прычым гаворка не пра тое, каб наўпрост выступаць супраць будаўніцтва гэтай станцыі. Можа, яна і патрэбная, але ж няма дыскусіі ў грамадзтве. Улады усяляк унікаюць рады з народам, хоць гэта ў свой час было абяцана.

Сьвяткаваньнем 1 траўня скончыцца так званая гарачая вясна. Скажам шчыра, адносна гарачая. Наступіць палітычнае зацішша. І паўстае праблема стратэгіі дзейнасьці апазыцыі. Усё ж у вулічных акцыяў патэнцыял даволі абмежаваны ў цяперашніх умовах.

І стаіць праблема: як далучыць вялікі пласт прыхільнікаў пераменаў, якіх, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, 20—25%. А на акцыю выйшла, паводле самых аптымістычных ацэнак, 10—12 тысяч”.

Зянковіч: “Не зусім згодзен, што лідэры апазыцыі, паехаўшы ў чарнобыльскія раёны, адрэагавалі на крытыку Лукашэнкі. Хутчэй больш Лукашэнка рэагуе на крытыку апазыцыі”.

Класкоўскі: “Тут быў момант палітычнай гульні з абодвух бакоў. Атрымаўся эфэкт палітычнага бумэрангу”.

Як можна ацаніць дзеяньні ўладаў напярэдадні акцыі й падчас самаго шляху?

Карбалевіч: “Вось спадар Зянковіч згадаў пра хапун. Чым вы тлумачыце такія дзеяньні ўладаў? Чаго яны баяліся? Што хацелі прадэманстраваць? Ці была ў іх нейкая зразумелая тактыка?”

Зянковіч: “Улады, як звычайна падчас акцыі, былі ў пэўнай разгубленасьці. Не дазволіць традыцыйнай акцыі яны не маглі. Але й дазволіць яе ў тым фармаце, які прасіла апазыцыя, яны таксама не маглі, бо баяцца праявіць слабасьць. Таму яны выбралі тактыку, так бы мовіць, дробных брыдкасьцяў.

Мы прасілі дазвол на маршрут ад плошчы Якуба Коласа да Нацыянальнай бібліятэкі. А ўлады прапанавалі нам маршрут ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

Потым былі брыдкасьці падчас руху па вуліцы Сурганава. Там ідуць рамонтныя работы, няма ўмоваў для правядзеньня акцыі. А міліцыя выштурхоўвала людзей на ходнікі, што было небясьпечна для іхнага здароўя й жыцьця.

І на заканчэньне дробная брыдкасьць (можа, для кагосьці гэта і ня вельмі дробная) — гэта хапун на плошчы Бангалор.

Падаецца, важную ролю мела пазыцыя ЗША. Напярэдадні акцыі намесьнік памочніка дзяржсакратара Злучаных Штатаў спадар Крэймэр папярэдзіў беларускія ўлады, што наступствы разгону дэманстрацыі будуць сур’ёзнымі”.

Класкоўскі: “Сапраўды, улады апынуліся ў супярэчлівай сытуацыі. З аднаго боку, яны не хацелі дзейнічаць надта брутальна. Бо была заява спадара Крэймэра. А зь іншага боку, сапраўды ўлады баяцца падацца слабымі. Таму і ўжывалася тактыка дробнага фолу.

Але тут дзейнічаў і іншы чыньнік. Калі зьбіраецца вялікі сілавы кулак, то ён пачынае дзейнічаць паводле ўласнай лёгікі рэпрэсіўнай інэрцыі. Таму што з рацыянальнага гледзішча ўлады разумеюць, што ніякай рэвалюцыі тут ня будзе.

Хачу нагадаць, што летась пасьля “Чарнобыльскага шляху” заяўнікі былі арыштаваныя. Паглядзім, што будзе гэтым разам. У цэлым улады імкнуцца захоўваць добры выраз перад Захадам. І ня болей”.

Чым тлумачыцца ўсё больш актыўны ўдзел моладзі ў апазыцыйных акцыях?

Карбалевіч: “Традыцыйна моладзь зьяўлялася самым актыўным удзельнікам апазыцыйных акцыяў. Але падаецца, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Плошчы, гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася. І падчас акцыі на Дзень Волі, і падчас “Чарнобыльскага шляху” маладыя людзі былі асноўнымі ўдзельнікамі. Чым вы гэта патлумачыце?”

Зянковіч: “Моладзь больш за іншых адчувае немаральнасьць, несправядлівасьць цяперашняй сытуацыі ў краіне. Таму маладыя людзі й ідуць у першых шэрагах пратэсту. Яны не баяцца, бо змагаюцца за сваю будучыню.

І леташнія прэзыдэнцкія выбары паспрыялі палітычнаму абуджэньню грамадзтва. І тэрмомэтрам, які паказваў палітычную тэмпэратуру, была масавасьць вулічных акцыяў”.

Класкоўскі: “Сапраўды, моладзь складае аснову вулічных акцыяў. І тут можна сказаць шмат узьнёслых, патэтычных словаў. Мне гэтыя маладыя людзі значна больш імпануюць, чым тыя, якія захапляюцца толькі дыскатэкай, півам, ці імкнуцца зрабіць кар’еру ў пэўных структурах.

Калі ж адсунуць у бок патас, то трэба бачыць, што многія з гэтых людзей ахопленыя вонкавай рамантыкай вулічнай фронды. Але кідаецца ў вочы, што на акцыях прысутнічаюць альбо зусім юныя, папросту падлеткі, альбо вэтэраны змаганьня. І назіраецца ўзроставы правал — няма больш сталай моладзі й людзей сярэдняга веку.

Між тым, згадваюцца нядаўнія сацыялягічная дасьледаваньні наконт стаўленьня да нацыянальных сымбаляў — Пагоні і бел-чырвона-белага сьцягу.

Дык вось, яны найбольш папулярныя сярод узроставай катэгорыі 25—30 гадоў. Гэта людзі, якія сталелі падчас нацыянальнага ўздыму пачатку 1990 гадоў. Але цяпер іх не відаць на апазыцыйных акцыях з прычыны клопатаў пра хлеб штодзённы.

Разам з тым, гэтыя людзі й ёсьць патэнцыйныя прыхільнікі пераменаў, пра якіх увесь час згадвае апазыцыя. Дайсьці да гэтых людзей — задача № 1 апазыцыйных палітыкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG