Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Горадні: “Ведаеце, сам я баюся разгортваць газэты”


Радыё Свабода Што трэба зрабіць, каб забясьпечыць свабоду друку ў Беларусі? На гэтую тэму разважалі гарадзенцы, да якіх зьвярнуўся наш карэспандэнт.

Маладзён: “Тут урад трэба мяняць, прасьцей адказу няма. Але цяпер нічога ўжо ня зробіш, трэба чакаць наступных прэзыдэнцкіх выбараў, і тады нешта рабіць”.

Малады спадар: “Трэба, каб незалежныя газэты былі агульнадаступныя ў кіёсках, нароўні з агульнанацыянальнымі выданьнямі, каб можна было іх свабодна купіць і выпісаць. Карацей, каб народ мог выбраць, што яму чытаць”.

Спадар: “Свабода прэсы? А вы лічыце, што ў вас яе недастаткова? Існуюць рэчы, якія вы асьвятляеце, якіх асьвятляць ня варта”.

Спадар: “Трэба, каб у краіне быў рэальны плюралізм і шматпартыйная сыстэма. Калі грошы кантралююцца, груба кажучы, адным чалавекам, тады ўся прэса танчыць пад ягоную дудку, вось і ўсё”.

Ягоны сябра: “Я згодны: уся справа ва ўладзе нашай. Калі яна ў руках аднаго чалавека, і толькі ягонае меркаваньне лічыцца правільным, а іншыя меркаваньні не дапускаюцца, трэба мяняць уладу”.

Маладая мама: “Трэба папросту памяняць прэзыдэнта. Пры такім прэзыдэнту ня можа быць свабоды слова, я так лічу, асабліва ў прэсе”.

Малады спадар: “Усе маюць роўныя правы, але ўсё, як кажуць, залежыць ад нашага прэзыдэнта”.

Спадар: “Трэба хаця б прыблізна зрабіць роўнымі ўмовы для афіцыйнай прэсы і свабоднай, ці незалежнай, як вам больш падабаецца. Калі ўмовы будуць для іх больш-менш аднолькавыя, дык няхай тады разьвіваецца тая прэса, якая выйграе ў такіх умовах. Прэсы свабоднай у нас сёньня практычна няма. На жаль, таму што нават для гэтай улады патрэбная апазыцыя — нармальная, здаровая, яе цяпер няма, вось і прэсы няма — палітыка такая, што зробіш”.

Спадар: “Трэба, напэўна, выконваць Канстытуцыю. Але вы ведаеце, што яна ў нас парушаецца, і сам прэзыдэнт Лукашэнка яе парушае. У нармальнай сучаснай эўрапейскай дзяржаве не павінна быць такога бяспраўя. Ведаеце, сам я баюся разгортваць газэты, ня хочацца нічога чытаць і ведаць. Паўсюль баяцца, каб не прыехаў, ня сьцяў галаву. І яшчэ палохае ўсіх: “Шчас пазвальняю, паздымаю галовы”. Пра што яшчэ можна гаварыць?”
XS
SM
MD
LG