Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні атрымаюць савецкія віншавальныя паштоўкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прыхільнікі Аляксандра Казуліна заклікалі павіншаваць былога кандыдата на прэзыдэнта і ўсіх палітвязьняў са сьвятам 1 траўня й выказаць салідарнасьць. Ці даходзяць у турму віншаваньні й як яны ўплываюць на адрасатаў?

Актывісты з Горадні праводзяць акцыю пад назвай “Дашлі Аляксандру Казуліну першатравеньскую паштоўку”.

Прыхільнікі былога кандыдата на прэзыдэнта заклікаюць падтрымаць у гэты дзень усіх палітвязьняў. Кажа актывіст Раман Юргель:

“Мы вырашылі паслаць паштоўкі й павіншаваць з 1 траўня як Аляксандра Казуліна, гэтак і ўсіх палітвязьняў. Хочам пажадаць ім моцнага здароўя і каб хутчэй вышлі на волю. А пакуль — каб трымаліся ды ведалі, што зь імі Бог і Пагоня”.

Актывістам не ўдалося набыць адмысловых першатравеньскіх паштовак на беларускай мове. На пошце сказалі, што такіх паштовак увогуле не друкуюць, кажа Раман Юргель. Першамайскія паштоўкі, вырабленыя яшчэ ў савецкі час, знайшлі ў сэйфе аднаго з калекцыянэраў.

Як пачуваецца цяпер Аляксандар Казулін? Маці палітыка Яўгенія Дудко кажа, што пра здароўе сына мае вельмі абмежаваныя зьвесткі:

“Падрабязнасьцяў ён ня піша. Піша толькі, што ўсё вытрымае. І гэтаму трэба верыць. Ён быў у нашай сям’і старэйшы сын — і заўсёды ўсё вытрымліваў. Але ў калёніі яму ўсё горш. Ведаю, што там была гэтак званая “алея Казуліна” — месца, дзе ён рабіў шпацыры. Дык цяпер яго туды не пускаюць. Яшчэ ў яго была магчымасьць карміць пушак — і гэта забаранілі”.

У калёніі “Віцьба-3”, дзе Аляксандар Казулін адбывае паводле суду пяць з паловай гадоў зьняволеньня, сказалі, што ён пачуваецца здавальняюча й яшчэ знаходзіцца на адмысловым рэжыме харчаваньня для выхаду з галадоўкі.

Ці даходзяць да адрасата ў няволю віншаваньні, у тым ліку ад палітычных аднадумцаў і замежных палітыкаў?

Паводле аднаго зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Мікалая Статкевіча, які адбывае “хімію” ў Пухавіцкім раёне, большасьць віншавальных паштовак даходзіць. Нядаўна Мікалай Статкевіч атрымаў віншаваньні ад кіраўнікоў сацыял-дэмакратычных партыяў Нямеччыны й Грэцыі.

Мікалай Статкевіч кажа, што пераацаніць такую падтрымку немагчыма:

“Сапраўды, гэта вельмі важна. Асабліва важна для Казуліна, для тых, хто за кратамі. Людзям у такой сытуацыі вельмі патрэбная маральная падтрымка, паверце мне”.
XS
SM
MD
LG