Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі пра вынікі першых рэгіянальных кангрэсаў


Алесь Дашчынскі, Менск У Менску і ў Гомелі адбыліся абласныя канфэрэнцыі дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Як ацэньваюць палітыкі вынікі гэтых двух першых міні-кангрэсаў?

Бальшыня дэлегатаў Менскай вобласьці выказалася супраць абраньня лідэра на Кангрэсе дэмсілаў і падтрымала прапанову абраць сустаршыняў Палітрады, якія будуць адказваць за канкрэтныя кірункі дзейнасьці.

Дэлегаты Гомельскай вобласьці, наадварот, падтрымалі абраньне старшыні Палітрады на кангрэсе й выказаліся супраць абраньня сустаршыняў Палітрады.

Паводле выканаўцы абавязкаў старшыні БСДП (Грамада) Анатоля Ляўковіча, такія вынікі галасаваньня прагназаваліся:

“Гомельшчына падтрымала пазыцыю Мілінкевіча. І зразумела, бо там яго паплечнік Карняенка, ён там лідэр на Гомельшчыне, аўтарытэтны чалавек. І такія вынікі былі прагназаваныя. Менская вобласьць паказала, наадварот — што дэлегаты выказаліся за тое, што немагчыма стварыць адну партыю на чале з адным лідэрам. І ўвогуле лідэра не абіраюць”.

Паводле спадара Ляўковіча, канфэрэнцыі прайшлі арганізавана й паказалі, што бальшыня дэлегатаў вітае правядзеньне кангрэсу.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў:

“Ня вельмі разумна робяць тыя, хто кажа, што на такім і такім кангрэсе перамог той, а на такім і такім — перамог той. Гэтае распальваньне пэрсанальна-структурнай варажнечы на этапе, калі вызначаецца толькі, за што, уласна кажучы, будзе галасавацца.

Наперадзе яшчэ пяць канфэрэнцыяў, і пабачым, якія будуць вынікі. Для мяне, як для кіраўніка структуры, якая ўвесь час выступала за ўхіленьне гэтай недарэчнай пэрсанальнай канкурэнцыі, найважнейшым было б, каб было паразуменьне наконт стратэгіі. А якім чынам сесьці — гэта справа другасная”.

Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, абодва сходы выказаліся за выпрацоўку пазытыўнай альтэрнатывы. Ён задаволены галасаваньнем у пытаньні фармаваньня структураў кааліцыі — палітычнай рады і прэзыдыюму.

“Насамрэч, падзеленыя дэлегаты кангрэсу. Адны, я б іх назваў прыхільнікамі пабудовы дэмакратычнай вэртыкалі зь лідэрам і спробы стварыць адну партыю, і другія, хто лічыць, што трэба ўмацоўваць кааліцыю, вызначаць кірункі дзейнасьці, замацоўваць за імі адказных, аб’ядноўвацца вакол агульнай стратэгіі, пазытыўнай альтэрнатывы й супольнага пляну дзеяньняў. Такія два падыходы — і паміж імі ідзе дыскусія. Але мы прынялі працэдуру: якія б ні былі вынікі галасаваньня, мы іх прымаем”.
XS
SM
MD
LG