Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб аплачваць вучобу дзяцей, вясковец вымушаны цяжка працаваць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Тэма, якая цікавіць многіх нашых слухачоў, — даступнасьць вышэйшай адукацыі ў Беларусі.

18 красавіка ў аглядзе пошты прагучаў ліст ад Мікалая Зайко зь Менску. Слухач занепакоены тым, што Міністэрства адукацыі абвясьціла пра намер скараціць сёлета яшчэ семсот бюджэтных месцаў у вышэйшых навучальных установах.

Гэта значыць, і без таго вялікі конкурс на бясплатныя месцы ўзрасьце, і Мікалай Зайко, у якога сын сёлета заканчвае школу, устрывожаны пэрспэктывай плаціць за навучаньне. Сямейны бюджэт такой нагрузкі, хутчэй за ўсё, ня вытрымае. Такая ж сытуацыя і ў тысячах іншых беларускіх сем’яў.

На гэты ліст адклікнуўся іншы наш слухач — Кастусь Сырэль з Вушачаў, у якога ўласны багаты досьвед у гэтай справе:

“Як бацька дваіх дзяцей, хацеў бы падтрымаць вас, спадар Мікалай, хаця б маральна ў вашым клопаце пра сына. Павінен сказаць, што ў яго ўсё роўна параўнальна спрыяльныя ўмовы для навучаньня. Яму не давядзецца, як маім дзецям або дзецям маіх вясковых сваякоў, жыць ні на прыватнай кватэры, ні ў інтэрнаце.

Ён, прынамсі, будзе дагледжаны і накормлены. І ў вас ня будзе штодзённа, на працягу доўгіх гадоў навучаньня, балець душа: “Як ён там? Ці павячэраў? Ці чыстая ў яго кашуля? Ці ня захварэў? Можа, грошай не хапае, нешта даўно не тэлефануе?”

У вясковых жыхароў даходы куды меншыя, чым у вас, але яны вучаць жа неяк сваіх дзяцей, цяжка працуючы ад цямна да цямна, каб зарабіць якую капейчыну. Ваш сын вучыцца ў сталічнай школе, дзе, спадзяюся, больш высокі ўзровень падрыхтоўкі ў параўнаньні зь вясковай школай. Так што перавагаў у вас нямала.

Мае дзеці (і сын, і дачка), праўда, скончылі школу з залатымі мэдалямі. Сын пятнаццаць гадоў таму паступіў у адну з самых прэстыжных сталічных ВНУ без уступных іспытаў, па выніках алімпіядаў.

Адначасова з вучобай з 3-га курсу працаваў, зарабляў вельмі нядрэнна для студэнта (гэта вам як прыклад рашэньня фінансавых праблемаў). Нягледзячы на гэта, атрымаў чырвоны дыплём. Некаторы час працаваў у Менску, цяпер жыве ў далёкім замежжы.

Дачка пяць гадоў таму пасьля школы здавала іспыты адразу ў дзьве ВНУ (тады так можна было рабіць, ня ведаю, як цяпер). У абедзьве паступіла. Сёлета заканчвае адну зь іх, літаральна празь некалькі тыдняў атрымае дыплём.

Паважаны спадар Мікалай! Калі меркаваць па вашым клопаце пра сына, вы — добры бацька. Думаю, што і ваш сын разумны і працавіты хлопчык, усё разумее і пакладзе максымум намаганьняў, каб як сьлед падрыхтавацца й дастойна вытрымаць іспыты. А калі раптам не атрымаецца — плюньце і не бядуйце.

Адна з маіх пляменьніц, прыгажуня і разумніца, наагул ня стала зьвязвацца з дзённым аддзяленьнем. Год папрацавала, падрыхтавалася, і паступіла на завочнае, якое сёлета закончыла. Цяпер — дыплямаваны спэцыяліст, ды яшчэ зь немалым стажам працы.

Таксама варыянт, згадзіцеся. І ў фінансавым пляне лягчэй. Вы ж у сталіцы жывяце, у вас куды больш розных варыянтаў, чым у жыхароў глыбінкі! Посьпехаў вам!”

Дзякуй вам, спадар Сырэль, за цікавы ліст і за слушныя парады й развагі. Сапраўды, у Мікалая Зайко яшчэ ня самыя горшыя ўмовы для навучаньня дзяцей. А вось як быць хлопцам і дзяўчатам з глухіх вёсак, якія сёлета заканчваюць школу?

У многіх калгасьнікаў заробкі такія, што нават на аўтобусны квіток у Менск сабраць грошы — праблема. Што ўжо казаць пра тое, каб аплачваць сыну ці дачцы жыльлё ў Менску альбо плаціць дзьве тысячы даляраў у год за навучаньне ва ўнівэрсытэце?

Ініцыятары пераводу вышэйшай адукацыі на камэрцыйныя рэйкі звычайна спасылаюцца на досьвед Захаду, дзе шмат унівэрсытэтаў, за навучаньне ў якіх трэба плаціць. Але пры гэтым чамусьці не зьвяртаюць увагі на тое, што ў заходніх краінах няма такіх заробкаў, як у беларускіх калгасьнікаў.

Да таго ж, у краінах Эўразьвязу і Злучаных Штатаў нямала унівэрсытэтаў, дзе дзеці з малазабясьпечаных сем’яў цалкам вызваляюцца ад платы за навучаньне.

Аўтар наступнага ліста — Георгі Зотаў зь вёскі Загародзьдзе Талачынскага раёну. Многія дзесяцігодзьдзі спадар Зотаў быў расейскамоўным чалавекам і мала задумваўся над праблемамі беларускай мовы і ўвогуле беларускай нацыі й дзяржавы.

Усё ў ягонай сьвядомасьці зьмянілася пасьля таго, як сёлета 15 лютага ён трапіў на прэзэнтацыю выдадзенай у “Бібліятэцы Свабоды” кнігі Вінцэся Мудрова “Альбом сямейны”. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Мне 67 год. У 1950-я гады скончыў сямігадовую беларускую школу нумар тры горада Талачына. Потым вучыўся ў школе нумар два — тая была ўжо расейскамоўная. Памятаю, дыктанты па расейскай мове пісаў на “адзінкі” і “двойкі” (нават сорамна было глядзець на памылкі). А за дыктоўкі па беларускай мове атрымліваў “тройкі” і “чацьверкі”.

Потым скончыў нейкім спосабам інстытут фізкультуры ў Менску, адпрацаваў 45 гадоў настаўнікам.

Вельмі ўражаны апавяданьнямі Мудрова пра наша жыцьцё. А яшчэ большае ўражаньне — ад беларускай мовы, якой напісана кніга. Яна для мяне — нібы замежная. Хоць сам я сапраўдны вясковы беларус. Многіх словаў перакласьці не магу і ніколі іх ня чуў. Хоць сутнасьць таго, пра што ідзе размова, добра разумею. Мы на гэтых словах стаім, топчамся, а правільна сказаць па-беларуску ня можам.

Але галоўнае, што я зразумеў: гэтая кніга — вялікай каштоўнасьці. Бо гэта праўдзівая гісторыя нашага жыцьця ў 1960—1970-я гады. Аўтар сьмела расплюшчыў вочы і паказаў, хто мы на самой справе.

Была б мая воля, я за такое праўдзівае адлюстраваньне жыцьця беларускага народу ўручыў бы аўтару найвышэйшую ўзнагароду — зорку Героя Беларусі.

Прынамсі, Мудроў заслугоўвае яе ня менш, чым мітрапаліт Філарэт ці банкір Пракаповіч. Бо ягоныя словы даражэй за золата. Пішу ад душы, шчыра, бо гэтая кніга прымусіла мяне па-іншаму паглядзець на многія рэчы”.

Дзякуй вам, спадар Зотаў, за шчырыя словы і за тое ўзрушэньне і ўзьнёсласьць, зь якімі вы напісалі гэты ліст. Вядома, у блізкай будучыні залатой зоркай героя Вінцэся Мудрова наўрад ці ўзнагародзяць: тыя асобы, якія раздаюць зоркі, такіх кніг, відавочна, не чытаюць. Але калі б прачыталі, то хто ведае, ці не ахапілі б і іх такія ж узрушэньне і прасьветленасьць.

У пошце апошніх тыдняў нямала і іншых лістоў ад тых нашых слухачоў, якія выказваюць цікавасьць да выдавецкіх праектаў Радыё Свабода. Наступныя тры лісты — менавіта такія.

Вось што піша Іван Савіцкі з Баранавічаў:

“Мая прыватная бібліятэка задавальняе патрэбы навучэнцаў, студэнтаў, выкладчыкаў нашага гораду ў навукова-мастацкім беларускім слове. Яе камплектаваньнем у свой час займаліся Кіпель, Міцкевіч, Акула і многія іншыя.

Прашу даслаць кнігу Вінцэся Мудрова “Альбом сямейны”, якой у маёй бібліятэцы вельмі не стае... Даўні ваш слухач яшчэ з часу “глушылак” — Іван Савіцкі, Баранавічы”.

З такой жа просьбай зьвяртаюцца да нас Маргарыта і Руслан Бацянковы зь Менску. Слухачы пішуць:

“Эсэ Вінцэся Мудрова, якія гучалі ў эфіры Свабоды, мы слухалі вельмі ўважліва. Было цікава. Здорава гартаць старонкі сваёй маладосьці. На жаль, ня здолелі прыйсьці на прэзэнтацыю кнігі.

15 лютага быў чацьвер, а кожны чацьвер мы дастаўляем падпісчыкам “Нашу Ніву”. Даводзіцца хадзіць па кватэрах амаль увесь дзень. Вельмі шкада, што ў выніку мы засталіся без асобніка “Альбому сямейнага”.

І яшчэ на адну тэму хацелася б выказацца. Канец сакавіка мы правялі ў Вільні. Бралі з сабой маленькі просьценькі прымач “Сэлена”. Дык вось, Беларуская Свабода там на сярэдніх хвалях гучыць так добра, што лепш і ня трэба. А як перасяклі мяжу і апынуліся ў Беларусі, дык на вашых хвалях — суцэльная глуш”.

І яшчэ адзін кароткі ліст — ад Анатоля Сахарушы зь мястэчка Малеч Бярозаўскага раёну, таксама на тэму кнігі “Альбом сямейны”, што выйшла ў “Бібліятэцы Свабоды”:

“На вялікі жаль, ня змог прыехаць на прэзэнтацыю новай кнігі зь “Бібліятэкі Свабоды”. Скажыце, калі ласка, як і дзе можна яе набыць? І ня толькі “Альбом сямейны”, але і “Дуліну ад Барадуліна”, і “Вострую Браму” Сяргея Дубаўца. Паведамце, на які рахунак выслаць грошы, альбо на які адрас выслаць перавод.

Я так хачу мець гэтыя кнігі! Двойчы заходзіў з гэтай нагоды ў ТБМ, але другі раз на мяне ў адказ так буркнулі, што больш ня маю ніякай ахвоты да іх наведвацца. На сядзібе БНФ таксама набыць гэтыя кнігі ня здолеў. Калі можаце дапамагчы, буду вельмі ўдзячны. Анатоль Сахаруша, мястэчка Малеч Бярозаўскага раёну”.

На жаль, кнігі зь “Бібліятэкі Свабоды” нельга набыць у кнігарнях, але ў многія беларускія бібліятэкі мы іх накіравалі. Вам, спадарства Савіцкі, Сахаруша і Бацянковы, як і многім іншым удзельнікам Клюбу нашых сяброў, мы вышлем асобнікі гэтай кнігі поштай.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG