Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Баюся, што кіраўніцтва Эстоніі, улады Эстоніі, зрабілі добры падарунак нашаму кіраўніцтву”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 30 красавіка. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Зіноўеў: “Калі б у 91-м перамог ГКЧП, думаю, Ельцыну далі пяць з паловай год, нібыта за хуліганства, як Казуліну. Дзякуй”.

Марыя Іванаўна Бартось, в. Квасоўка: “Добры дзень, Радыё Свабода. Садзілі “соткі” ў калгасе “Кастрычнік” штогод”. У гэтым годзе выключылі з агульнага масіву. Пасьля скаргі ў райвыканкам, адвялі сем сотак – садзі сама. Ня даў маленькі Крымко транспарту, каб прывезьці й пасадзіць. Гэта падзяка за сорак год працы, а тэлеграмы атрымлівае Альховік, які нічога ня робіць, дарма грошы атрымлівае. Дзе ж Вы, Лукашэнка? Хто камандуе? Крымко маладзенькі. Час на пэнсію ісьці Крымко Віктару Ільічу й Крымко Валянціне Іванаўне. Па законе ж не павінны працаваць пэнсіянэры! А яны працуюць ужо па 6 год. Усяго добрага Вам. Калі ласка, перадайце мой выступ. Прашу. Да пабачэньня”.

Спадар: “Добры дзень. Уладзімер Пуцін у штогадовым пасланьні да Фэдэральнага сходу заявіў, што наступнае пасланьне будзе рабіць іншы прэзыдэнт. А наш Аляксандр Рыгоравіч ужо рыхтуе свайго сына ў пераемнікі. Канечне, Аляксандра Рыгоравіча па-чалавечы зразумець можна, ён ведае, што грэшны, таму ён рыхтуе сабе надзейную замену, каб потым можна было спаць спакойна. Мала таго, што Аляксандр Рыгоравіч сам нелегітымны, дык ён яшчэ прысабечыў сабе права ўладай распараджацца па прынцыпе “каму захачу, таму й перадам”. Не, Аляксандр Рыгоравіч, у Вас гэта не прыватная лаўка, якую можна па свайму меркаваньню перадаць сыну, брату ці свату. Гэта нешта больш сур’ёзнае. З гэтым жартаваць нельга. Былі ўжо такія жартаўнікі”.

Ліквідатар ЧАЭС: “Пра акцыю, што адбылася 26 красавіка, якую з трэскам правалілі ўлады і апазыцыя. Іх, здаецца, такі хаос і беззаконьне ў горадзе Менску і Беларусі задавальняюць. Гэта значыць, праганяюць людзей, як ваеннапалонных пад канвоем. Колькасьць гэтых канваіраў перавышае ў шмат разоў колькасьць тых, хто пратэстуе. Беззаконьні, які творацца са сьнежня 95-га года, з кожным годам толькі павялічваюцца, парушаючы законы, пастановы і іншыя нарматыўныя акты, нават з СССР. І па віне СССР адбылася Чарнобыльская катастрофа зь яе жудаснымі й жахлівымі наступствамі, асабліва для ліквідатараў ЧАЭС, якіх зрабілі непрацаздольнымі інвалідамі. Але нават пасьведчаньня пра гэту інваліднасьць не прадстаўляюць пярэваратні. З павагай”.

Спадар: “Хачу выказаць меркаваньне наконт свабоды слова, друку й гэтак далей. Мне сорамна за гэтага настаўніка з Магілёву, які ня змог працаваць нават і дня настаўнікам, які вырашае, каму што слухаць і каму што глядзець. І наагул, я лічу, што цэнзуры не павінна быць як такой. Кожны чалавек мае права слухаць тое, што ён хоча слухаць і бачыць. Тое самае мітынгі й гэтак далей. Але гэты настаўнік, які ня вывучыўся нават на настаўніка, не разумее гэтага”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу падзякаваць эстонскаму народу, што зьнялі помнік расейскаму салдату. Гэта яны добра для сябе зрабілі. І мы радыя, што яны так зрабілі, бо расейскага салдата настроілі й загадалі, каб эстонцаў забівалі, раскулачвалі, вывозілі ў Сібір. Гэтая памяць для іх была хваробай. Дай ім усяго найлепшага, эстонскім лідэрам. Яны добра зрабілі, разумна, і мы рады за іх. Беларускія людзі радыя. Дзякую за ўвагу”.

Віктар Бутто, Менск: “Падобна да таго, што слухачоў у беларускай службы Радыё Свабода маецца вельмі мала. І гэта заканамерна. У гэтым пераконваесься, калі слухаеш журналістаў і слухачоў, якіх прапускаюць у эфір, якія прадстаўляюць зьвесткі толькі ўскосныя ці другарадныя. І маўчаць пра галоўнае. Яны ўпэўненыя, што вінаватым ва ўсім зьяўляецца толькі прэзыдэнт Лукашэнка зь яго прадстаўнікамі, а апазыцыя выглядае амаль сьвятою, але яна многія гэтыя беззаконьні стварыла й да прэзыдэнта. Пра гэта замоўчваецца. Гэта зьяўляецца забароненай тэмай. Мяне ды іншых разважных людзей ужо немагчыма падмануць праз хлусьню і дэмагогію, якая распаўсюджваецца ў дзяржаўных СМІ ці праз так званыя незалежныя, ці праўдзівыя, сродкі масавай інфармацыі,са сваёй наяўнай цэнзурай. Дзякуй”.

Сталы слухач: “Я ўжо ня першы раз чую з вуснаў Аляксандра Рыгоравіча пра харчовую бясьпеку рэспублікі. Дык вось тыя трыльёны рублёў, якія мы ўносім на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі, на гэтыя грошы можна было б купіць без аніякіх высілкаў прадуктаў у паўтары разы больш той прадукцыі, што вырабляе наш дзяржсэктар, пры чым вельмі слабую і няякасную. Вось Вам і эканамічная бясьпека. Надуманая, прывязаная, проста так. Дзяржава пералічвае тыя грошы, якія ўзяла з падаткаў у нас, прадпрыемстваў, арганізацый і гэтак далей, сельскай гаспадарцы для закупа паліва, насеньне, заробкаў калгасьнікам. Заплаціла ім, зрабіла ўсё бясплатна, потым яны зноў прадаюць прадукцыю, за якую мы плацім зноўку. І грошы гэты сьпісваюцца. Вось і ўся палітыка эканамічная ў сфэры харчовай бясьпекі. Прымітыўная, як гэты сьвет. Ня меншыя цуды і непарадкі адбываюцца ў Расеі. Пахапавалі Ельцына. Ну, чалавек і чалавек. Але гэта быў п’яніца, алкаголік, заваліў Расею. Страшна, што рабіў тут. І траха не нацыянальную трагедыя зрабілі з нагоды яго сьмерці. Памёр жа ён ад алкагалізму. Гэта ж вядома. Тое самае наконт Растраповіча”.

“Беларусы, на жаль, паміраюць, як мухі. Гінуць на дарогах і наагул паміраюць. У чым прычына? Як заявіў Лукашэнка, прычына ў тым, што яны п’юць, паляць і вядуць не здаровы лад жыцьця. Так, канечне, гэта таксама не садзейнічае паляпшэньню здароўя. Але, перш за ўсё, не па гэтаму. Божа мой, ён, як заўжды плюе супраць ветру, усё на яго падае. Усё залежыць ад дзяржаўнай палітыкі ў гэтым пытаньні. Хаця б пару прыкладаў. Прафіляктычныя мерапрыемствы, мэдыцына… Якая мэдыцына?! Распалася на два лягеры. Чалавек прыходзіць у бясплатную, а там на яго пляваць хацелі, дапамагчы ня хочуць. А ў платную ён ня пойдзе, бо там вялізныя грошы трэба плаціць. Вось, у корань глядзі. Гэта галоўнае. І прафіляктыка, улік і гэтак далей – канечне, выключаць гэта ня трэба. Падыдзі ў 6-ую паліклініку, паглядзі, што там робіцца. Паглядзіце, што ў горадзе робіцца. Не хапае ўрачоў. Усе перабеглі ў платную. Вось што апазыцыі раскруціць трэба. Больш таго,у 6-й паліклініцы аб’ява вісіць: паглядзі ня так, слова ня тое скажы, і адразу табе столькі мінімальных заробкаў штрафу дадуць. Вось як. Гэта ў паліклініцы! Падумайце толькі!”

“Па ўсім праграмам беларускім ідуць перадачы пра тое, што наш прэзыдэнт паказаў шлях на пэрспэктыву. Добра, няхай ён паказаў той шлях на пэрспэктыву. А якія ж дасягненьні з папярэдніх пасланьняў на пэрспэктыву, мы маем? Якія, напрыклад? У адным інтэрвію ён казаў, што пэнсіянэрам “падвысілі” пэнсію на 5-10 тысяч. “Цяпер Вы можаце адкласьці частку грошай, зьезьдзіць на курорт…” Тады я думаў, што ў Навінку трапіў, у вар’яцкі дом. Нават не паверыў. І яшчэ праз некаторы час гэта паўтарылі. Дык куды мы ідзем? Чаго мы дасягнулі за пэрыяд ад таго пасланьня да гэтага? Хаця б адно, маленькае, няхай назавуць. Ні ў якім кірунку мы нічога не дасягнулі. Наадварот, з кожным днём пагаршаецца. Ідзеш па вуліцы, сорамна. Ідуць лепшыя людзі таго часу, прыстойна апранутыя ў вопратку тых часоў і зьбіраюць бутэлькі. Калі бутэлька недзе стаіць, абавязкова возьмуць. Людзям на хлеб не хапае, асабліва пэнсіянэрам, асабліва старэйшага ўзросту”.

Майсеенка Генадзь: “Прывітаньне! Што робіцца ў Эстоніі? І ёсьць тут, калі добра ўвайсьці ў справу, своеасаблівы індыкатар людзкасьці, дзе мажлівыя толькі тры адказы. Першы: калі ты падтрымліваеш дзеяньні эстонцаў, ты сапраўдны эўрапеец і хрысьціянін, па просту сапраўдны чалавеча, якому не ўсё роўна і сапраўднае па-людзку і па-хрысьціянску ўшанаваньне загінуўшых, і сапраўднае ачышчэньне ад саўковасьці, якое ня менш страшэнна, калі не сказаць больш, чым гітлераўскі фашызм. Другі: калі ты падтрымліваеш “Начны дазор” і Расею, табе як асобе самае месца або ў жоўтым доме, або ў рэзэрвацыі, дзе малітвы чытаюць ідалам, ходзяць па могілках, гуляючы ў футбол чарапамі, і дзе задняе месца прэзыдэнта сьвеціць заўжды як сонейка. І трэцяе: калі ты кажаш, што гэта дыпляматычная справа Эстоніі і кіраўніцтва Эстоніі не зусім адэкватнае, тады скарочана ў гэтым выпадку ты “савок” і хлус, які жадае выглядаць па-эўрапейску. Адсюль было б цікава, калі б кіраўніцтва апазыцыі дэмакратыі, як яны сябе клічуць, адказалі б наўпрост на гэтыя пытаньні, і сапраўды будзе бачна, хто ёсьць хто на Беларусі. І ніякіх таямніцаў. Эстонская справа – добры індыкатар для гэтага. Да пабачэньня”.

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. Можа быць, у Вас ёсьць магчымасьць спыніць гэтага Вашага зарваўшагася Глода. Вось ідзе перадача з удзелам прафэсараў па Чарнобыльскай тэматыцы. І ён, як той дзяцел, дзяўбець, што прайшло ўжо 30 гадоў з Чарнобыля. Я думаў, першы раз ён абмовіўся, а вось ніхто яго нават не папраўляе з прафэсараў гэтых, што сабраліся зь ім абмяркоўваць. Ведаю, што гэта, пэўна, у запісу. Але хоць не пускайце гэтую лухту ў наступных выпусках. Дзякуй. Вы, як працавалі неахайна, так і працуеце па сёньняшні дзень”.

Спадар: “Баюся, што кіраўніцтва Эстоніі, улады Эстоніі, зрабілі добры падарунак нашаму кіраўніцтву. Цяпер заўжды можна сказаць, глядзіце, як трэба. А што тычыцца помніка, я пра гэта разважаць не бяруся, ды і часу няма. Усяго добрага”.

Спадарыня: “Я праходзіла ў чацьвер, 26 красавіка, па плошчы Бангалор і пабачыла такую карціну. Ішлі мірныя людзі, спакойна, дастойна. Ішла моладзь з цудоўнымі, чыстымі тварамі. Ішлі людзі больш сталага ўзросту, дзеці, бабулі. Гэта было мірнае шэсьце “Чарнобыльскі шлях”. Ніводнага п’янага, ніводнага з цыгарэтай я не бачыла. І вось сталі ўзьнікаць людзі ў чорным, міліцэйскія машыны, жудасныя фургоны. Усё гэта было накіравана супраць мірных людзей. Сталі прымушаць хаваць сьцягі. Адзін хлопчык, калі спэцназавец загадаў прыбраць сьцяг, які ён нёс з гонарам, склаў яго, а потым адышоў у бок і пацалаваў гэты сьцяг. Сэрца разрываецца ад гэтага. Як добра, што ёсьць такія маладыя людзі ў нас на Беларусі. Жыве Беларусь!”

Пілік Мікола Пятровіч: “Паважаныя сябры, пасьля сьмерці маёй жонкі за хабар райвыканкам Ленінскага раёна г. Магілёва без майго ведама аформілі апеку над маёй дачкой на цётку, хоць я і быў супраць. Зьвяртаўся ў раённыя й абласныя суды, да дзяржаўных асоб, але ўсё безь зьменаў. Наагул, спрабуюць абвінаваціць у чымсьці мяне, як толькі можна абгадзіць мяне ў вачах дачкі і суседзяў, пакрываюць хабарнікаў, выстаўляюць мяне нібыта злачынцам. Хутка пачну верыць, што вёску Хатынь я таксама зьнішчыў. Людцы добрыя, дапамажыце, калі ласка, зьвязацца з Эўрапейскім судом у правах чалавека. Ці хоць падкажыце, якім чынам гэта зьдзейсьніць. Дзякуй”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. Што гэта за прынц, які ідзе служыць у войска, як звычайны “салдафон”? Чалавецтва дайшло да маразму ў сваёй законапаслухмянасьці. Я буду цярпець “дзедаўшчыну,” зьнявагі, катаваньні й прыніжальныя загады нароўна з усімі. Гэта й ёсьць сіла зла. Трэба цярпець несправядлівасьць, як усе. Хаця б было лепей, каб нехта вызваліўся, калі б была магчымасьць. Астатнія бачылі б і таксама паступова вызваліліся. Законнай паставы зразумела няма, трэба парушыць закон ці праз хабар, ці праз сувязі. А так Сатана кажа Спадару Богу Іегову: “Глядзі, маё ўладарства лепшае. І мае людзі “чэсныя”. “Чэсныя” ў агульным зьле, бо “нячэсны” хабар нельга безумоўна параўнаць з “чэснай” дзедаўшчынай. І навошта прынцу адмысловая ахова? Калі ўдзельнічаеш у зьле, як і ўсе, то і памры, як усе. А ён жа прынц. Для чаго Бог даў уладу тваім продкам? Д’ябал можа ганарыцца сабой. На блізкую тэму: “Сыны веку гэтага разумнейшыя за сыноў сьвятла. Калі ўсіх паставіць у роўныя ўмовы, то злыя людзі перамагаюць. І гэтая роўнасьць апынаецца вельмі павярхоўнай. А сутнасьць – гвалт і ўлада Сатаны. Для агульнага разьвіцьця. Паспрабуйце зразумець агульны сэнс маёй прамовы, не выдзіраючы словаў з кантэксту”.
XS
SM
MD
LG