Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мараторыі на дамову аб звычайных узбраеньнях: Лукашэнка – 1995, Пуцін – 2007


Юры Дракахруст, Прага Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы са штогадовым пасланьнем, абвясьціў пра магчымасьць расейскага мараторыя на удзел у дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. Гэтая заява расейскага лідэра выклікала вялікую заклапочанасьць у сьвеце.

Заява Пуціна аб тым, што Расея можа выйсьці з дамовы аб звычайных узбраеньнях, стала галоўнай сэнсацыяй ягонага сёлетняга пасланьня:

Пуцін: “Надышоў час і нашым партнэрам не на словах, а на справе ўнесьці свой унёсак у скарачэньне ўзбраеньняў хаця б у Эўропе. А яны толькі павялічваюць іх. Прапаноўваю абмеркаваць гэтую праблему на радзе Расея-НАТА, і ў выпадку адсутнасьці прагрэсу ў перамовах разгледзець магчымасьць спыненьня нашых абавязкаў па дамове аб звычайных узбраеньнях у Эўропе”.

Дамова аб звычайных узбраеньнях у Эўропе была падпісаная ў 1990 годзе. Рэспубліка Беларусь, як сувэрэнная дзяржава, далучылася да яе ў 1992 годзе. Гэтая пагадненьне заключалася, калі яшчэ існавала супрацьстаяньне блёкаў НАТА і Варшаўскай дамовы. Дамова ўводзіць абмежаваньні на разьмяшчэньне звычайных, няядзерных узбраеньняў у Эўропе. Яго падпісалі 28 эўрапэйскіх дзяржаваў, а таксама ЗША і Канада.

У 1999 годзе абмежаваньні, якія вынікаюць з дамовы , былі перагледжаныя ў сувязі са зьменай вайскова-палітычнай сытуацыі на кантынэнце. Аднак ЗША і шэраг іншых краінаў НАТА не ратыфікавалі гэтую адаптаваную дамову, матывуючы гэта тым, што Масква не выконвае ўзятыя ёй на сябе абавязкі вывесьці свае войскі з Малдовы і Грузіі.

Учорашняя заява Пуціна была зь вялікай трывогай успрынятая ў сьвеце. Генэральны сакратар НАТА Яап дэ Хоп, выступаючы на нарадзе кіраўнікоў МЗС краінаў НАТА, назваў дамову нарожным камнем эўрапейскай бясьпекі. Ён таксама сказаў:

Дэ Хоп: “Сяргей Лаўроў, міністар замежных справаў Расеі падцьвердзіў заяву прэзыдэнта Пуціна, паводле якой Расея прыпыняе – ён ужыў слова мараторый, свае абавязкі па адаптаванай дамове аб звычайных узбраеньнях. Я магу сказаць, што гэта паведамленьне было сустрэтае з занепакоенасьцю, расчараваньнем і шкадаваньнем”.

Адным з матываў рашэньня, абвешчанага Пуціным, было раздражненьне Масквы амэрыканскімі плянамі разьмясьціць у Чэхіі і Польшчы элемэнты супрацьракетнай абароны. Варта нагадаць, што ЗША выйшлі з дамовы, якая забараняе ствараць сыстэмы супрацьракетнай абароны, у 2001 годзе. Расея перасьцерагаецца, што ў пэрспэктыве гэтыя сыстэмы СПА могуць быць выкарыстаныя для стрымліваньня расейскага ядзернага патэнцыялу. Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс учора назвала гэтыя апасеньні “вартымі сьмеху”.

Днямі міністар абароны ЗША Робэрт Гейтс быў у Маскве, дзе спрабаваў пераканаць сваіх суразмоўцаў, што супрацьракетны шчыт у Эўропе ствараецца для стрымліваньня магчымых ядзерных удараў з боку Паўночнай Карэі і Ірану. Адказам стала заява Пуціна.

Экспэрты ня лічаць, што выхад Расеі з дамовы верне сьвет у часы “халоднай вайны” ці рэальна зьменіць вайсковы балянс у Эўропе. Скарачэньні ўзбраеньняў, якія прадугледжвала дамова, даўно праведзеныя.

Варта нагадаць, што ў 1995 годзе прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка таксама абвяшчаў, што краіна прыпыняе выкананьне сваіх абавязкаў па гэтай дамове. Тады размова ішла аб тым, што Беларусь ня мае грошай для зьнішчэньня істотнай колькасьці бронетэхнікі, чаго патрабавала дамова. Але тады справа была ўлагоджаная дыпляматычнымі сродкамі і свае абавязкі па дамове краіна выканала – было зьнішчана 1773 танкі і 1341 БМП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG