Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Дашкевіча зноў адправяць цягаць бярвёны?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму 26-га красавіка Мікалая Статкевіча ізалявалі ў спэцкамэндатуры? На якія працы прызначаць Зьмітра Дашкевіча, калі перавядуць са шпіталя ў калёнію? Адміністрацыя турмы вырашае, што чытаць у камэры Андрэю Клімаву. З Артурам Фінькевічам сустрэўся амэрыканскі дыплямат.

М.Статкевіча ізалявалі на ўгодкі Чарнобыля

Слухаць:



У вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну 26-га красавіка не праходзіла акцыі, зьвязанай з Чарнобыльскай аварыяй. Але палітвязьня Мікалая Статкевіча, які адбывае ў Блоні пакараньне “хіміяй” за арганізацыю ў Менску ў 2004 годзе дэманстрацыі пратэсту, на гэты дзень ізалявалі ў спэцкамэндатуры. Пры гэтым Мікалай Статкевіч адзначае, што сёлета рэжым адносна яго крыху зьмяніўся.

“Летась большую частку вясны правёў пад непасрэднай аховай. За 3-4 дні да акцыі ці да выхаду Лукашэнкі на плошчу ізалявалі. А да прэзыдэнцкіх выбараў за месяц быў ізаляваны. А тут толькі на дзень акцыі”.

З.Дашкевічу не хапае інфармацыі пра “Малады фронт”

29 красавіка Зьмітра Дашкевіча мусяць перавесьці зь Менскага турэмнага шпіталя зноў у Шклоўскую калёнію. Лідэр “Маладога фронту” працаваў на лесапільным ўчастку у калёніі і пакутаваў ад болю ў сьпіне. Турэмныя мэдыкі ў Менску пацьвердзілі, што ў хлопца хвароба пазваночніка. Але ці азначае гэта, што адміністрацыя калёніі перавядзе Дашкевіча на іншую працу? Маці актывіста вельмі спадзяецца на гэта. Днямі Вольга Дашкевіч бачылася з сынам ў шпіталі.

“Адно што ён прасіў: каб болей яму сябры дасылалі інфармацыі пра “Малады фронт”, што яны робяць, увогуле, што адбываецца ў краіне. Болей і болей”.

Нагадаю, Зьміцер Дашкевіч асуджаны на 1,5 году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. За 6 месяцаў знаходжаньня ў калёніі яму далі 4 спагнаньні за парушэньні дысцыпліны, што фактычна пазбавіла актывіста шанцаў на амністыю ці датэрміновае вызваленьне.

Клімаву не дазволілі перадаць кнігі

Пайшоў ужо чацьверты тыдзень, як у Менскім сьледчым ізалятары пад арыштам знаходзіцца былы дэпутат Андрэй Клімаў – яго падазраюць у закліках скінуць уладу. Жонка палітыка Тацяна спрабавала перадаць мужу мастацкую літаратуру, але кніг не прынялі. Тацяна Клімава зьдзіўлена.

“Сядзелі б людзі ды чыталі дэтэктывы ці клясычныя творы, некага б гэта супакойвала, нехта б штосьці асэнсоўваў... Ня ведаю, чым патлумачыць такую сытуацыю”.

Міліцыянты ўважліва слухалі размову дыплямата з А.Фінькевічам

Артура Фінькевіча на “хіміі” у Магілёве наведаў намесьнік амбасадара ЗША ў Беларусі Джонатан Мур. Гэта адбылося 26-га красавіка. Раніцай міліцыянты папярэдзілі Артура, што ягоны ўдзел у чарнобыльскай акцыі ў Магілёве будзе азначаць для яго зьмяшчэньне ў калёнію і адпусьцілі на працу. Але ўжо праз некалькі гадзінаў юнака забралі з працы і прывезьлі ў спэцкамэндатуру. Аказалася, на сустрэчу з амэрыканскім дыпляматам.

Паводле Артура Фінькевіча, Джонатан Мур запэўніў, што ўрад ЗША будзе і надалей патрабаваць ад уладаў Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў. Сустрэча праходзіла ў прысутнасьці міліцыянтаў, якія ўважліва прыслухоўваліся к размове дыплямата з палітвязьнем.

Садоўская ня верыць у вызваленьне, Казулін чакае спатканьня са сваякамі

Муж Кацярыны Садоўскай, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі, кажа, што зьвестак пра датэрміновае вызваленьне яго жонкі няма. “Кацярына сумняваецца, што турэмная камісія прыме адносна яе такое рашэньне. Маўляў, не лічаць, што яна перавыхавалася”, – паведамляе Віктар Садоўскі.

Дачцэ Аляксандра Казуліна Юліі паведамілі з адміністрацыі калёніі “Віцьба-3”, што ў траўні Аляксандр Казулін мае права атрымаць доўгатэрміновае спатканьне са сваякамі. Юля Казуліна кажа, што хутчэй за ўсё спатканьне адбудзецца ў сярэдзіне траўня. Паводле апошніх зьвестак, якія атрымлівалі сваякі, Аляксандр Казулін пачуваецца здавальняюча, ён па-ранейшаму не працуе і знаходзіцца на адмысловым рэжыме харчаваньня для выхаду з галадоўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG