Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: што трэба зрабіць, каб забясьпечыць свабоду друку ў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск 3 траўня – Міжнародны дзень свабоды прэсы. У сьвеце ён адзначаецца ад 1990 году. У Беларусі гэты дзень сьвяткуюць прадстаўнікі незалежных дэмакратычных мэдыяў. Міжнародная супольнасьць заяўляе, што Беларусь – адна з краінаў, дзе самая несвабодная прэса. Што трэба зрабіць, каб забясьпечыць свабоду друку ў Беларусі?



Юначка: “Свабода друку? Трэба пісаць праўду, па-першае, а па-другое – пісаць тое, што зараз клапоціць народ. Трэба і журналістам, і тым, хто над імі стаіць, не баяцца, пісаць праўду”.

Спадар: “Складана сказаць. Мы нічога ня зробім”.

Спадарыня: “Я лічу, што каб была сапраўдная свабода друку, то ўлада не павінна баяцца народа”.

Юнак: “Улада трымаецца на адным чалавеку. Ня будзе гэтага чалавека – будзе ўсё нармалёва”.

Карэспандэнтка: “Што трэба зрабіць, каб забясьпечыць свабоду друку ў Беларусі?”

Юнак: “Сапраўднай свабоды друку ў Беларусі няма. Для гэтага неабходна паслабіць дзяржаўны кантроль за ўсімі СМІ. І я думаю, што чым больш будзе розных выданьняў, тым лягчэй чалавек знойдзе для сябе тое, што яму падабаецца. І нельга некаму навязваць нейкае меркаваньне. У нас, канечне, да свабоды яшчэ далёка. Пакуль яшчэ ёсьць інтэрнэт, то можна нешта знайсьці. А вось калі будзе абмежаваны і інтэрнэт, то ўвогуле будзе кепска”.

Спадарыня: “Цяжка падумаць і сказаць, што трэба зрабіць. Трэба зрынуць уладу, тады будзе і свабода друку. Бо бачыце як – трэці дзень не прыходзіць “Народная воля”.

Спадар: “Што тычыцца 3 траўня і Дня свабоды друку, то ў Беларусі ў гэтым кірунку трэба шмат што зрабіць. Зьмены ў краіне патрэбныя”.

Спадар: “У Беларусі, каб мець свабоду друку, трэба мяняць уладу на дэмакратычную з дыктатарскай. Бо дыктатура ў гісторыі – гэта клясычная схема – не дазваляе свабоды друку”.

Юначка: “Калі гаварыць пра студэнцтва, то трэба ва ўнівэрсытэтах друкаваць газэты. І каб там не было месца для крытыкі ці рэцэнзіяў з боку выкладчыкаў”.

Карэспандэнтка: “Што трэба зрабіць, каб забясьпечыць свабоду друку ў Беларусі?”

Спадар: “Найперш патрэбна даць нашмат больш свабоды моладзі, каб яны былі свабодныя і разьняволеныя”.

Спадарыня: “Проста ня ведаю. Думаю, што ўладу трэба мяняць, бо гэты не дазволіць нічога. Хоць гэтым макарам, хоць іншым – забароніць усё”.

Юнак: “Для гэтага трэба, каб улада ня брала пад кантроль ніякія СМІ. А мэдыі каб разьвіваліся самастойна, пры дапамозе фундатараў, незалежна ад улады. Вось і ўсё, пэўна”.
XS
SM
MD
LG