Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» заклікае пацярпелых накіраваць заявы ў пракуратуру


Радыё Свабода Праваабарончы цэнтар «Вясна» заклікае ўсіх пацярпелых удзельнікаў мірнай жалобнай акцыі «Чарнобыльскі шлях» накіраваць заявы ў раённыя ўправы ўнутраных спраў, у пракуратуру, каб прыцягнуць да адказнасьці спэцназаўцаў, якія перавысілі свае службовыя абавязкі.

26 красавіка ўвечары пасьля завяршэньня дазволенага Менгарвыканкамам мірнага шэсьця, прысьвечанага 21 угодкам чарнобыльскай катастрофы, супрацоўнікі сьпэцпадразьдзяленьняў пачалі затрымліваць і зьбіваць людзей з бел-чырвона-белымі сьцягамі ў раёне плошчы Бангалор каля рэстарана «Макдональдс». Многім актывістам былі нанесеныя цяжкія фізычныя пашкоджаньні, пра што афіцыйныя крыніцы інфармацыю замоўчваюць.

Паводле цэнтру "Вясна", сёньня заяву ў пракуратуру і начальніку Цэнтральнага РУУС накіраваў адзін з пацярпелых актывістаў - Іван Шамкаловіч, якога жорстка зьбілі сілавікі ў чорнай вопратцы ў міліцэйскім аўтобусе падчас дастаўкі ў пастарунак.

«Падобныя дзеяньні ўладаў зьяўляюцца катаваньнем і грубым парушэньнем правоў чалавека», -- заяўляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Так, сапраўды, беларускім праваабаронцам да гэтага часу не вядомы ніводзін факт прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці міліцыянта, які зьбіў чалавека менавіта за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі ці палітычных поглядаў. Але, калі не прымаць ніякіх мер у адказ, - гэта значыць, не проста дараваць уладам фізычнае глумленьне над мірнымі людзьмі, гэта значыць, падпарадкавацца і садзейнічаць росквіту ўседазволенасьці і беззаконьня з боку праваахоўных органаў» -- заяўляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
XS
SM
MD
LG