Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: двум удзельнікам чарнобыльскай акцыі прысудзілі штрафы


Радыё Свабода Старшыні абласной суполкі Партыі БНФ Кастусю Смолікаву прысудзілі штраф на дзьве базавыя велічыні (62 тысячы рублёў). Мясцовы беспартыйны актывіст Сяргей Белязека аштрафаваны на пяць базавых велічыняў (155 тысяч рублёў).

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ірына Смалякова прызнала абодвух вінаватымі ў несанкцыянаваным пікетаваньні.

Сяргей Белязека і Кастусь Смолікаў у залі суду Выносячы пастанову, судзьдзя абапіралася на сьведчаньні спэцназаўцаў і міліцыянтаў, якія ўчора затрымлівалі апазыцыянэраў.

Затрыманьне адбывалася на Ўсьпенскай горцы ў Віцебску, дзе мясцовыя прадстаўнікі апазыцыйных партыяў сабраліся адзначыць 21-я ўгодкі чарнобыльскай трагедыі. З гэтае нагоды быў разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг з жалобнай стужкай.

Паводле камандзіра ўзводу спэцназу Юр’я Бухаўцова, менавіта сьцяг стаўся галоўным атрыбутам недазволенага пікету.

Спадар Бухаўцоў засьведчыў у судзе, што такім чынам апазыцыянэры нібыта выказвалі свой пратэст супраць дзяржаўнага ладу й абмежаваньня свабоды ў Беларусі.

Старшыня абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў гаворыць, што ўдзельнікі чарнобыльскай акцыі мелі іншыя мэты:

“Нацыянальны сьцяг з жалобнай стужкай ёсьць сьведчаньнем памяці пра тых людзей, якія загінулі. Усё ж такі ўгодкі Чарнобылю! І вельмі шмат людзей аддалі свае жыцьці, дабрабыт, здароўе, каб загасіць чарнобыльскае полымя. Вось і ўсё. Але разгорнуты сьцяг — заўсёды нагода для затрыманьня, і адкідаць магчымасьць таго, што нас могуць затрымаць, мы не маглі”.

Разам са спадарамі Смолікавым і Белязекам быў затрыманы і старшыня гарадзкой суполкі Партыі БНФ Уладзіслаў Токараў, які й разгарнуў сьцяг.

Суд над ім яшчэ працягваецца. Паводле артыкулу 23.34 адміністрацыйнага заканадаўства яму таксама пагражае грашовы штраф альбо арышт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG