Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра вызваляць арыштаваны тыраж “Народнай волі”?


Вячаслаў Кулік, Смалявічы Кіраўнікі Смалявіцкага аддзелу ўнутраных спраў абяцаюць вызваліць з-пад арышту наклад газэты “Народная воля” заўтра раніцай. Пра гэта нашаму радыё толькі што паведаміў галоўны рэдактар выданьня Ёсіф Сярэдзіч. А некалькі гадзінаў раней галоўны рэдактар выяжджаў у Смалявічы.

З-за арышту “Народнай волі” ў Смалявічах амаль 11 тысяч падпісчыкаў і чытачоў не атрымалі чатыры нумары сваёй газэты.

Сёньня я назіраў, як чарговы раз рэдактар выданьня Ёсіф Сярэдзіч дамагаецца вызваленьня газэты.

Ён гутарыў з намесьнікам Смалявіцкага райаддзелу Аляксандрам Гаралевічам. Апошні спасылаўся на праблемы ў дакумэнтах перавозчыкаў. На просьбу нашага радыё ўдакладніць канкрэтныя прычыны, міліцыянт заявіў:

“Я ня буду камэнтаваць сытуацыі па газэце. Пакуль працягваецца праверка. Калі праверка будзе завершаная, зацікаўленыя бакі атрымаюць пісьмовыя паведамленьні”.

Два дні таму міліцыянты Смалявіцкага райаддзелу даводзілі, што са Смаленску ў Менск везьлі большую колькасьць “Народнай волі”, чым замоўлены наклад.

Ёсіф Сярэдзіч запатрабаваў пералічыць газэты. Гэта адбылося пры сьведках. У выніковым пратаколе зафіксавалі: абсалютна слушная колькасьць асобнікаў.



Чаму ж міліцыя ўсё-такі трымае газэту пад арыштам? Ёсіф Сярэдзіч кажа:

“Я ім заявіў: “Вы робіце службовае злачынства!” Мы ўжо другі год працуем са Смаленскам. Другі год езьдзім празь беларуска-расейскую мяжу. Калі ўзьнікаюць пытаньні? Калі ідуць выбары. Пазаўчора ішла газэта напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”. І сёньня я зраблю ўсё, каб менавіта гэтыя нумары трапілі ў рукі нашых чытачоў”.

Яшчэ ў мінулую сераду міліцыянты спынілі машыну Ёсіфа Сярэдзіча, якая везла надрукаваныя ў Смаленску 22 тысячы асобнікаў. Нібыта для праверкі машыну адагналі да аддзяленьня ўнутраных справаў. Ад кіраўніцтва выданьня запатрабавалі дамову з друкарняй і перавозчыкам, пасьведчаньне аб рэгістрацыі ды іншыя паперы.

Ёсіф Сярэдзіч патрабуе ад першага намесьніка Смалявіцкага райаддзелу міліцыі Аляксандра Гаралевіча вызваленьня газэты
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG