Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Растраповіч вучыў нас як паводзіцца ў жыцьці”


Юлія Шарова, Менск 27 красавіка памёр усясьветна вядомы музыкант Мсьціслаў Растраповіч. Якраз месяц таму ён адзначыў свой 80-гадовы юбілей. Растраповіч паўплываў на разьвіцьцё віялянчэльнага мастацтва ва ўсім сьвеце, ён быў вядомы і як дысыдэнт, праваабаронца і змагар за дэмакратыю. Сёньня беларускія музыканты, сярод якіх ёсьць вучні Растраповіча, згадваюць маэстра.

Беларускія музыканты ўспрымаюць сьмерць Мсьціслава Растраповіча як вялікую страту для ўсясьветнай культуры.

Кажа загадчыца катэдры віялянчэлі Беларускай акадэміі музыкі Натальля Шпянёва:

“Растраповіч у музыцы — гэтая цэлая эпоха. І тое, што ён зрабіў для віялянчэлі, для ўсясьветнага выканальніцтва — гэта немагчыма пераацаніць. Дзякуючы яму сучасныя кампазытары напісалі велізарную колькасьць музыкі, неверагодна складанай і неверагодна драматычнай, толькі таму, што гэта стала магчымым граць на віялянчэлі — дзякуючы мастацтву Растраповіча”.

Музыказнаўцы кажуць, што зь імем Растраповіча зьвязаны надыход у сьвеце сапраўднага віялянчэльнага буму XX стагодзьдзя.

Праваабаронцы згадваюць, як ён даваў прытулак на сваім лецішчы Аляксандру Салжаніцыну, за што й быў пазбаўлены савецкага грамадзянства і ў выніку сам зьехаў на Захад.

Прафэсар Яўген Ксавер’еў быў студэнтам Растраповіча ў Маскоўскай кансэрваторыі. Пасьля амаль тры дзясяткі гадоў працаваў у Менску, выкладаў віялянчэль у тутэйшай кансэрваторыі.

Спадар Ксавер’еў кажа, што цягам усіх год працы ў Менску заўсёды трымаў у сваёй клясе два партрэты — Дзьмітрыя Шастаковіча і Мсьціслава Растраповіча, нават нягледзячы на тое, што ў васьмідзясятыя гады імя настаўніка было не ў пашане.

“Ён быў прыстойным чалавекам. Ён меў сумленьне, як акадэмік Ліхачоў, як тыя людзі, якім ён дапамагаў. Я лічу, што Салжаніцын — абсалютна прыстойны чалавек. Гэткім самым прыстойным чалавекам, а можа быць яшчэ й вышэйшым быў Растраповіч. Ён вучыў нас ня толькі эмацыйнасьці й артыстызму, але вучыў нас, як паводзіцца ў жыцьці”, — згадвае Ксавер’еў.

Ад 1997 году Яўген Ксавер’еў працуе ў Акадэміі музыкі ў Сараеве, у Босьніі і Герцагавіне — гэтую працу яму знайшоў былы настаўнік, які заўсёды памятаў пра кожнага свайго вучня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG