Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Яны не глядзелі, дзеці гэта былі ці дзяўчаты. Яны білі нагамі..."


Любоў Лунёва, Менск Затрыманыя пасьля заканчэньня акцыі ўдзельнікі “Чарнобыльскага шляху” маюць намер падаць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні спэцназаўцаў. Большасьць зьбітых падчас затрыманьня — школьніцы, студэнткі, ёсьць нават 10-гадовая дзяўчынка. Зьбітыя лічаць, што іх адпусьцілі без складаньня пратаколаў, каб не паведамляць прозьвішчаў спэцназаўцаў.

Дзяўчаты маюць намер падаць скаргу на імя гарадзкога пракурора на спэцназаўцаў, якія іх зьбілі на вуліцы Максіма Багдановіча, а потым затрымалі й адвезьлі ў міліцыю.

Інцыдэнт адбыўся пасьля заканчэньня “Чарнобыльскага шляху”, калі ўдзельнікі ішлі на прыпынкі грамадзкага транспарту.

Каля рэстарацыі “Макдональдз” спэцназаўцы абкружылі групу (прыкладна сотню чалавек) і пачалі ўсіх зьбіваць.

Галіна Кацуба апынулася побач і таксама пацярпела ад міліцыянтаў:

"Адзін зь іх штурхнуў мяне ў грудзі, я ўпала на зямлю, якраз на тое месца, дзе адбывалася дагэтуль бойка, на бітыя яйкі".
“Некалькі чалавек у цывільным з навушнікамі ў вушах, з гэтымі рацыямі. Яны пачалі адыходзіць, а людзі на іх крычаць: “Правакатары!”. Тут другая хваля. Падбегла другая група амапаўцаў. Атрымалася, што я стаяла ў іх на дарозе й іх ня бачыла.

Добра, што я стаяла да іх бокам. Адзін зь іх штурхнуў мяне ў грудзі, я ўпала на зямлю, якраз на тое месца, дзе адбывалася дагэтуль бойка, на бітыя яйкі. Другі, які прабягаў, закрануў мяне па руцэ, калі я ляжала. Цяпер у мяне рука амаль не працуе, я не магу ёй рухаць”.

Актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Касю Галіцкую зьбілі й затрымалі. Яе ўразіла, як спэцназаўцы абышліся з 10-гадовай дзяўчынкай, якая выйшла з “Макдональдзу” й трапіла пад “зачыстку”:

"Дзяўчынка, відаць, была ў шоку. Яна не магла адказаць, як яе клічуць, дзе яна жыве, хто яе бацькі..."
“Шмат у каго засталіся на тварах сьляды, у мяне таксама. Потым нас закінулі ў аўтобус. Пры гэтым яны брудна лаяліся матам. У аўтобусе яны заўважылі, што з намі дзяўчынка дзесяці гадоў. Пачалі запытваць, хто яе бацькі, таксама лаяліся на яе матам. Казалі: мы цябе адвучым хадзіць на такія мерапрыемствы.

Дзяўчынка, відаць, была ў шоку. Яна не магла адказаць, як яе клічуць, дзе яна жыве, хто яе бацькі... Таму яе высадзілі недзе ў раёне вуліцы Арлоўскай. Невядома, як яна зарыентуецца — тым больш у такім псыхалягічным стане”.

Кася Краснова таксама была затрыманая й трапіла ў міліцыю. Яна прыгадала, што спачатку ім казалі, што на ўсіх складуць пратаколы, але потым павялі здымаць адбіткі пальцаў і фатаграфаваць як падазраваных у крымінальным злачынстве.

"Яны не глядзелі, дзеці гэта былі ці дзяўчаты. Яны білі нагамі — і як маглі".
“Яны былі з усіх бакоў. Але калі яны пачалі зьбіваць, то рухаліся неяк сьпераду і збоку, адціскалі ў двары. Дзяўчат зьбівалі вельмі моцна. Адну дзяўчыну зьбілі да крыві. Там у асноўным ішлі дзяўчаты. Ахапілі нас 16 чалавек у кола. Адчуваю пабоі ва ўсім целе.

Яны не глядзелі, дзеці гэта былі ці дзяўчаты. Яны білі нагамі — і як маглі. Было такое месіва, амапаўцаў было так шмат, што нічога нельга было разабраць. Яны ведалі, што, напэўна, ім давядзецца ставіць свае прозьвішчы, таму й не складалі пратаколаў”.

Галіна Кацуба лічыць, што спэцназаўцы адмыслова нападалі на самых маладых, каб прадухіліць іхны далейшы ўдзел у вулічных акцыях.

Адметнай рысай сёлетняга “Чарнобыльскага шляху” стала вялікая колькасьць моладзі з розных незарэгістраваных дэмакратычных арганізацыяў.

“Стаяла група спэцназаўцаў, якія папросту не выпускалі хлопчыка. Адзін мужчына, гадоў трыццаці ці болей, патрабаваў ад хлопца (хлопец гадоў чатырнаццаці-пятнаццаці, абсалютна яшчэ дзіця) патрабаваў, каб хлопец зьняў сьцяг, намагаўся яго зьняць.

Потым стаў пагражаць, што яго закінуць у аўтобус, паголяць і запэцкаюць зялёнкай. Казаў, што ў хлопца тады ня будзе ніякага жаданьня хадзіць на гэтыя акцыі. Магчыма, яны атрымалі нейкае распараджэньне ад кіраўніцтва палохаць людзей”.

Неаднойчы людзі, якія былі жорстка зьбітыя падчас затрыманьня за ўдзел у вулічнай акцыі, зьвярталіся ў пракуратуру на дзеяньні спэцназаўцаў, але дагэтуль да адказнасьці не прыцягнулі ніводнага міліцыянта.

У тых выпадках, калі пракуратура пагаджалася, што было перавышэньне службовых паўнамоцтваў, людзям адмаўлялі, спасылаючыся на тое, што немагчыма высьветліць асобы тых, хто іх зьбіваў.
XS
SM
MD
LG