Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З радыяцыйнага зерня будуць гнаць сьпірт


Алесь Дашчынскі, Менск У Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці завяршаецца рэканструкцыя сьпіртзаводу, на якім будуць вырабляць сьпірт зь зерня, забруджанага радыяцыяй.

На сьпіртзаводзе ў аграрнай гаспадарцы “Стралічава”, якая знаходзіцца ў Хойніцкім раёне, вырашылі гнаць сьпірт зь зерня, якое забруджанае стронцыем.

Намесьнік начальніка дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Мікалай Цыбулька сказаў, што на перапрацоўку будзе паступаць каля 8 тысяч тон зерня з шэрагу забруджаных радыяцыяй раёнаў:

“Зерне ўраджаю 2007 году пойдзе туды. Радыяцыі там ня будзе ў сьпірце. Можна абсталёўваць і рабіць звычайны сьпірт. Рэктыфікаваны. Для харчовых мэтаў можна рабіць”.

“А зерне, якое раней выраблялася, куды выкарыстоўвалася?”

“Ішло на фураж. Ну, фураж — гэта фураж. Гэта, як гаворыцца, для сваіх мэтаў, для кармленьня жывёлы. А для эканамічнага падтрыманьня гаспадарак трэба, каб была нейкая рэалізацыя зерня”, — кажа Мікалай Цыбулька.

Паводле старшыні Хойніцкага райвыканкаму Мікалая Садчанкі, раней не хапала грошай на будаўніцтва такога заводу.

Цяпер жа ў гэтую справу каля 50 тысяч эўра ўклала МАГАТЭ.

Сьпіртзавод плянавалі запусьціць у жніўні. Аднак ня выключана, што ён пачне працу ўжо ў траўні. Паводле прадстаўніка абласнога дзяржхарчпраму, летась у краіне не хапала сьпірту.

Старшыня Гомельскага аблсельгасхарчу Леанід Мальчук перакананы, што сьпірт з Хойнікаў будзе чысты й яго можна пастаўляць хоць на менскі “Крышталь”:

“Ад алькаголю больш шкоды, чым выдумае кожны. Навукоўцы ж адпрацавалі, правялі досьледы. Што такое радыяцыя — цяжкія мэталы пераважна. А парай можна перадаць цяжкія мэталы? Прычым тут радыяцыя да гэтага? Ня ведаем, куды падзеўся стронцый, але яго няма”.

Паводле спадара Мальчука, адкіды са сьпіртзаводу складаюць больш за палову ад кожнай тоны зерня. Куды ж яна пойдзе? І ці будзе там той жа стронцый?

“На корм жывёле. Пойдзе на корм, што годнае. Што ня годнае — ня пойдзе ж. Ня будзем жа мы жывёлаў неправераным прадуктам карміць”.

Прафэсар Васіль Несьцярэнка не ўхваляе вырабу харчовага сьпірту з забруджанага стронцыем зерня. Радыяцыя можа трапіць і ў сьпірт, улічваючы тое, як ставяцца да гэтай праблемы ў краіне, кажа Несьцярэнка:

“Калі зэканомяць на радыяцыйным кантролі, то гэта будзе грубае парушэньне. Тым болей, што стронцый вельмі цяжка кантралюецца. Гэта патрабуецца радыяхімія, выпальваньне, нанясеньне на сарбэнты — гэта і дарагія ўстаноўкі, і больш працяглы цыкль.

Стронцый — эквівалент кальцыю, ён рухаецца да костак. І таму мала таго, што алькаголікі губяць сваё жыцьцё, дык яны яшчэ пачнуць піць такі сьпірт, дык яшчэ скароцяць сабе жыцьцё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG